Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто хоча правесьці зьезд патрыятычных сілаў


У Беларусі пачалася падрыхтоўка да правядзеньня Ўсебеларускага зьезду патрыятычных сілаў. Кіраўнікам грамадзкіх арганізацый і палітычных партый прапануецца падпісацца пад пагадненьнем аб стварэньні ініцыятыўнай групы.

Пра гэта паведамляюць інтэрнэт-мэдыі. Намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Шацько сказаў карэспандэнту «Свабоды», што «гэтыя ідэі ходзяць вельмі даўно, але яны не ідуць з адміністрацыі прэзыдэнта».

«Гэтыя ідэі выказвала Ўсебеларускае казацтва, пра гэта гаварылі вельмі даўно. Але гэта не азначае, што зьезд будзе заўтра-пасьлязаўтра. Гэта ідэі, якія лунаюць. Напэўна, гэта ўсё ж трэба будзе рабіць. Сабраць і пагаварыць. Як у любой нармальнай грамадзянскай супольнасьці. Але пакуль толькі ёсьць прапановы розных грамадзкіх аб’яднаньняў. Нейкая група людзей ініцыюе званкі па ўсіх магчымых грамадзкіх аб’яднаньнях, якія б хацелі ўзяць удзел у такім форуме. Я лічу, што гэта было б нядрэнна. Проста сесьці і пагутарыць. Але падрыхтоўка павінна быць цягам года».

Сябра грамадзка-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Нісьцюк мяркуе, што гэта робіцца ў межах «Белай Русі», а ідэю такую «выдаў Рубінаў».

«Але я думаю, гэта ня вельмі эфэктыўна, бо цяпер трэба не патрыятычныя сілы зьбіраць, а шукаць нейкае ўзаемапаразуменьне з усімі сіламі, якія ёсьць у краіне. Трэба шукаць форму дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю наагул. У межах грамадзка-кансультатыўнай рады такая ідэя не гучала. Хочуць — няхай зробяць. Але вельмі складана падзяліць, якія сілы патрыятычныя, а якія не. Калі гэта будзе нейкі збор прадстаўнікоў „Белай Русі“, БРСМ і афіцыйных прафсаюзаў, то гэта ня толькі неэфэктыўна, а нават шкодна для дзяржавы і для ўлады. Гэта будзе бачна, што гэта нешта штучнае. А калі робіцца дзеля ўнутранага піяру, то гэта больш людзей раздражняе, бо эфэкту ад гэтага ня будзе ніякага».

Лідэр лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч нічога ня ведае пра ініцыятыву Ўсебеларускага зьезду патрыятычных сілаў. Ён лічыць, што гэта «нешта з казак адміністрацыі прэзыдэнта». Гайдукевіч кажа, што «ім засталося толькі патрыётаў са сьметнікаў пазьбіраць» і гэта будуць «патрыёты са сьцяжкамі Лукашэнкі».

«Патрыётаў не засталося, і нічога яны не арганізуюць.Усё гэта дзіцячыя казкі. Хутка канец будзе ўсяму, што тут адбываецца. Я да гэтага рыхтуюся асобнай калёнай і таму на гэтую бязглузьдзіцу не зьвяртаю ўвагі. Проста хутка ўсё будзе па-іншаму, вельмі хутка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG