Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Саньнікава ўразіла лёгкасьць, зь якой краіны ЭЗ супрацоўнічалі зь беларускімі карнымі органамі»


Ірына Халіп сустрэлася з мужам экс-кандыдатам на прэзыдэнта, палітвязьням Андрэем Саньнікавым ў наваполацкай калёніі. Яна кажа, што ледзь пазнала паголенага мужа -- без барады, вусоў, лысая галава.


Юрый Дракахруст: Як прайшла сустрэча?

Ірына Халіп: Цудоўна, як заўсёды. Напэўна, гэта бывае з усімі зьняволенымі і іх сваякамі, мы цэнім кожную хвіліну, якую нам даюць. У нас было кароткатэрміновае спатканьне 2 гадзіны. Мы змаглі паразмаўляць і пра палітыку, і пра Даніка, пра 9 памілаваных...

Дракахруст: Якія былі ўмовы спатканьня?

Халіп: Як на Валадарцы. Праз шкло, размова па тэлефоне. Толькі розьніца ў тым, што кабінкі зь дзьвярыма, і тыя, у каго кароткатэрміновае спатканьне, не перашкаджаюць адзін аднаму. Напрыклад, на Валадарцы гэты адно памяшканьне, і такі гоман стаіць, што цяжка пачуць, пра што ідзе размова.

Дракахруст: Як здароўе мужа?

Халіп: На падагру не скардзіўся. Кажа, што зноў баляць суставы. Зьявіўся непрыемны кашаль, які амаль ва ўсіх пачынаецца недзе на трэцім тыдні знаходжаньня ў наваполацкай калёніі, абумоўлены ў першую чаргу экалёгіяй. Ён кажа, што ў калёніі ёсьць людзі, хворыя на сухоты. Яны не знаходзяцца асобна ад астатніх. Нічога добрага. Але ж ён бадзёры. Праўда, быў стомлены. Кожны дзень працуе з 7 гадзіны раніцы. Яго адразу ж накіравалі на працу ў брыгаду, якая працуе на вытворчасьці нейкіх гофракардонных скрыняў.

Дракахруст: Як Саньнікаў ацэньвае тое, што 9 палітвязьняў напісалі просьбы пра памілаваньне, і як сам ставіцца да такой магчымасьці?

Халіп: Для сябе ён ніколі не бачыў такой магчымасьці. Ён лічыць, што гэта, безумоўна, пэрсанальна асабісты выбар кожнага, але прашэньне аб памілаваньні ён лічыць ускосным прызнаньнем уласнай віны. А паколькі ён сам лічыць сябе невінаватым, то і пісаць нічога падобнага ён ня можа. Акрамя таго, ён сказаў, што калі ўлада спачатку адправіла людзей ў турмы, а потым 9 чалавек вызваліла, гэта толькі вельмі пераканаўчы доказ таго, што і судовыя расправы і памілаваньні ­- гэта ўсё часткі адной бруднай гульні і доказ таго, што ў турмах сядзяць невінаваныя.

Дракахруст: Ці размаўлялі пра сытуацыю зь Бяляцкім?

Халіп: Так, вядома, размаўлялі. Андрэй кажа, што яго вельмі ўразіла тая лёгкасьць, зь якой некалькі краінаў Эўразьвязу пайшлі на супрацоўніцтва зь беларускімі карнымі органамі. Асаблівая супярэчнасьць ў тым, як Андрэй казаў, што ў яго ў калёніі сядзіць шмат грамадзянаў Літвы, усе яны пабачылі, што ў Беларусі няма незалежных судоў, што ў Беларусі немагчыма, каб твая справа была разгледжана па справядлівасьці. І ўсе літоўцы мараць аб экстрадыцыі, каб іх судзілі ў Літве, бо там яны могуць разьлічваць на справядлівы суд. Калі яны сьпісваюцца з амбасадай, ім звычайна адказваюць: мы імкнёмся зрабіць для вас усё, што магчыма, але мы ня можам нічога зрабіць, таму што беларускія праваахоўныя органы ўвогуле ніяк не ідуць на супрацоўніцтва з намі. Дык калі беларуская сыстэма не супрацоўнічае з літоўскай у тым, што тычыцца літоўскіх грамадязнаў, чаму ж літоўскі бок так лёгка ідзе на супрацоўніцтва ў тым, што тычыцца беларусаў? Андрэй гэта лічыць найвышэйшай праявай цынізму.

Дракахруст: Якія яшчэ важныя меркаваньні, ацэнкі вы пачулі?

Халіп: Ён сказаў, што адтуль, дзе ён знаходзіцца, па той інфармацыі, што даходзіць да калёніі, ён бачыць, што ЗША займаюць вельмі пасьлядоўную і жорсткую пазыцыю і даюць Эўропе прыклад, як трэба сябе паводзіць. Але здаецца, зараз эўрапейцы ўжо вырашылі, што няхай усіх заб'юць, замардуюць у турмах, будзем выратоўваць Лукашэнку каб ён не пайшоў у абдымкі Расеі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG