Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Дашкевіча зьмясьцілі на месяц у ПКТ


Ад лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча дайшоў на волю першы за месяц ліст. Дзьмітрыя Бандарэнку паабяцалі адправіць у магілёўскую калёнію,— нягледзячы на ягоны цяжкі пасьляапэрацыйны стан. Знайшоўся пашпарт Міколы Статкевіча. Эдуард Лобаў напісаў, што ня будзе падаваць прашэньня аб памілаваньні. Былы вязень Уладзімер Хамічэнка стаў на ўлік у міліцыі ў Слуцку, паведамляюць афіцыйныя структуры.

Маці палівязьня Эдуарда Лобава Марына атрымала ад Зьмітра Дашкевіча ліст. Гэта першая вестка ад яго за больш як месяц. Раней Дашкевіча пакаралі карцэрам, а потым не пускалі да яго адвакатаў, лісты ад вязьня не даходзілі. Марына Лобава паведаміла пра Дашкевіча:

«Піша, што цяпер ён знаходзіцца, як Мікіта Ліхавід, у ПКТ — гэта памяшканьне камэрнага тыпу. Зьмясьцілі яго туды на месяц, а потым будуць вырашаць паводле абставінаў. А наконт таго, за што яго пакаралі карцэрам, не напісаў. Раней я пыталася ў яго, ці, можа, ідзе які ціск на яго ў сувязі з прашэньнямі аб памілаваньні, дык ён напісаў толькі, што ніколі ня будзе пісаць такога прашэньня. Што ён узяў на сябе гэты крыж і адмаўляцца ад яго, здраджваць сваім прынцыпам ня будзе».

Зьмітра Бандарэнку неўзабаве могуць перавесьці з «Валадаркі» ў магілёўскую калёнію № 15, паведаміла жонка вязьня Вольга Бандарэнка са спасылкай на турэмнага лекара. Лекар запэўніў Вольгу Бандарэнку, што пры канваяваньні міліцыянты ўлічаць ягоны стан:

«Адзінае добрае, што сказаў, што будуць перавозіць яго ў ляжачым стане. Гэта мяне крыху супакоіла, бо за этапаваньне я вельмі перажываю».

Паводле рэкамэндацыі мэдыкаў з 5-га гарадзкога шпіталя, Зьмітру Бандарэнку пасьля апэрацыі патрэбная рэабілітацыя цягам ня менш як 6 месяцаў. Між тым вязьня зьбіраюцца накіраваць у калёнію, дзе паўнавартасная рэабілітацыя немагчымая.

У шклоўскую калёнію, дзе трымаюць экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, нарэшце даслалі ягоны пашпарт. Жонка вязьня Марына Адамовіч кажа, што зьвестак пра тое, дзе знаходзіцца пашпарт Статкевіча, не было з часу суду над палітыкам. Марына Адамовіч накіравала некалькі скаргаў адносна пашпарта Статкевіча:

«Гэта Ленінскі раённы суд адправіў прысуд у калёнію, а пашпарт чамусьці на „Валадарку“. Але лёгіку гэтага кроку зразумець немагчыма. Я тлумачу гэта тым, што хацелі яшчэ болей зрабіць непрыемнасьцяў для вязьня».

Маці палітвязьня Аляксандра Класкоўскага Людміла Класкоўская турбуецца, што даўно не было лістоў ад сына, якога трымаюць у калёніі ў Шклове разам зь Мікалаем Статкевічам:

«Ужо паўтара месяца няма ад яго лістоў. Кожны дзень я яму пішу, а адказу няма. Чакала, што, можа, вызваляць яго паводле памілаваньня, спадзявалася, хоць ведала, што ён адмаўляўся падпісваць прашэньне, казаў раней, што „ня будзе нічога прасіць у гэтай улады“. Пазваніла сёньня ў калёнію з пытаньнем, чаму лістоў ад яго няма — адказалі, што ня ведаюць».

Актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў, асуджаны на 4 гады зьняволеньня паводле артыкула аб хуліганстве — за бойку, якую нібыта ўчыніў за дзень да выбараў, — напісаў маці, што не зьбіраецца падаваць прашэньне аб памілаваньні.

Тым часам з афіцыйных крыніцаў стала вядома, што 9-ы памілаваны Лукашэнкам, Уладзімер Хамічэнка, стаў на ўлік у міліцыі Слуцку, дзе яму прапанавалі працаўладкавацца і паабяцалі аказаць садзеяньне ў атрыманьні працоўнай спэцыяльнасьці.

Адразу пасьля падзей 19 сьнежня ў інтэрнэце Хамічэнка атрымаў мянушку «навушнік» з-за таго, што нібыта на ганку Дома ўраду перагаворваўся з кімсьці праз адмысловае прыстасаваньне. У судзе падазрэньні ў тым, што Хамічэнка быў правакатарам, не пацьвердзіліся. Зьвязацца з Уладзімерам Хамічэнкам пасьля ягонага выхаду на волю не ўдаецца.
XS
SM
MD
LG