Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Курс беларускага рубля ў прывязцы да асноўных валют на чорным рынку працягвае імклівае падзеньне. На сайце электроннага пункту наяўнага абмену prokopovi.ch прапановы на куплю і продаж складаюць 8 тысяч рублёў за даляр. Абяцаньні ўладаў выйсьці ў сярэдзіне жніўня на раўнаважны курс ня спраўджваюцца.

Легальна набыць валюту ў абменных пунктах немагчыма ад сакавіка, калі Нацыянальны банк спыніў яе продаж банкам. Абменьнікі прымаюць наяўныя грошы па вызначаным курсе ў 5000 рублёў за даляр, аднак беларусы найчасьцей шукаюць магчымасьць здаць іх не дзяржаве, а валютчыкам. Ад травеньскай дэвальвацыі ценявы курс узьляцеў да адзнакі ў 8000 рублёў за даляр, абышоўшы афіцыйны больш як у паўтара раза. Міжбанкаўскі рынак працуе ў яшчэ большым дыяпазоне — 8500 рублёў і вышэй.

Яшчэ пры канцы ліпеня было анансавана, што 15 жніўня адбудзецца нарада ў прэзыдэнта, на якой агучаць сцэнар выхаду на раўнаважны курс. Аднак у панядзелак Аляксандар Лукашэнка выправіўся ў Катар, а прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч адляцеў у Маскву. Без заезду ў Менск Лукашэнка скіраваўся на адпачынак у Сочы. А гэта значыць, кажа кіраўніца аналітычнай групы фінансавага парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова, што выраўноўваць курс бліжэйшым часам ніхто ня будзе:

Час ўжо нешта рабіць, а ня толькі абяцаць, бо наступствы бязьдзеяньня могуць быць самыя сумныя
"Так, сытуацыя застаецца падвешанай. На самой справе, напэўна, пара ўжо нешта рабіць, а ня толькі абяцаць, бо наступствы бязьдзеяньня могуць быць самыя сумныя. Разам з тым — тут я бачу досыць граматныя дзеяньні рэгулятара ў частцы абмежаваньня па рублёвай наяўнасьці. То бок бачна, што даволі доўга гэта ўтрымлівала рынак. Я маю на ўвазе і захады, якія былі ўвесну на стрымліваньне крэдытаваньня, на стрымліваньне наяўных рублёў у абароце. Але якая цяпер сытуацыя? Хацелася б, вядома, убачыць апошнія статыстычныя зьвесткі пра аб'ём грашовай масы, з чаго ўжо можна рабіць нейкі прагноз на далейшы час. То бок — куды гэта ўсё далей будзе рухацца".

Новае кіраўніцтва Нацыянальнага банку захадаў на стабілізацыю сытуацыі на валютным рынку ня робіць. Старшыня банку Надзея Ермакова ўчора ў інтэрвію газэце "Зьвязда" заявіла, што банкаўская сыстэма Беларусі працуе стабільна, падставы для турботаў няма. І спаслалася на тое, што катаклізмы здараюцца нават у высокаразьвітых дзяржавах. Аднак экспэрты зьвяртаюць увагу: адрозна ад іншых краінаў, беларускія фінансісты ня маюць самастойнасьці ў вызначэньні шляхоў выйсьця з крызісу. А гэта, як кажа эканаміст Уладзімер Карагін, вядзе да таго, што нават пры наяўнасьці высокакваліфікаваных кадраў роля Нацбанку зводзіцца да мінімуму:

"Ну, напэўна ж, сілы і кадры ёсьць у Нацыянальным банку. Паўтара дзесяцігодзьдзя, пачынаючы яшчэ з часоў Станіслава Багданкевіча, які літаральна стварыў гэтых людзей, тое пакаленьне банкіраў вытрымала многія ўдары. Але чаго яны вартыя, калі няма самастойнасьці? Адсюль і страты. Сышоў бліскучы, на мой погляд, банкір Павал Калаур, які працаваў доўгі час у Нацбанку. Выдатны аналітычны розум. Цяпер ён працуе на расейскую банкаўскую сыстэму, у "Белінвэстбанку". Сышлі і іншыя. Дык у якой ступені сёньня ёсьць замова на эфэктыўнае выкарыстаньне чалавечага патэнцыялу, які мы зараз маем? Гэта ўжо зусім іншае пытаньне, бо гэта пытаньне перадусім палітычнай волі".

Доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка зьвяртае ўвагу на тое, што хаос на валютным рынку цягне за сабою цэлы ланцуг праблемаў. Рэзкае зьмяншэньне прыбыткаў вядзе да зьніжэньня пакупніцкай здольнасьці, і як вынік — да скарачэньня попыту на прадукцыю, у тым ліку і беларускіх вытворцаў:

"Тут яшчэ дадаецца вялікая праблема рэалізацыі, пакупніцкай моцы насельніцтва, попыту зь ягонага боку на розныя тавары і паслугі. Калі, скажам, на прадукты харчаваньня попыт больш-менш захаваўся, хоць у сувязі з ростам коштаў ён, вядома ж, таксама зьнізіўся, то на прадметы бытавога спажываньня попыт зьнізіўся шматразова. І гэта адчуваюць перадусім прадпрыемствы, імпартэры. Нават кіраўнікі шэрагу прадпрыемстваў ужо заяўляюць, што з-за зьніжэньня пакупніцкай здольнасьці ў такой сытуацыі хутка пачнуць працаваць на склад. Вось у чым праблема".

Ва ўмовах дэфіцыту валюты дзяржаўныя і камэрцыйныя банкі мусяць абмяжоўваць магчымасьці сваіх кліентаў. Ад сёньня самы буйны банк краіны — "Беларусбанк" — адкарэктаваў аб'ёмы па апэрацыях з плястыкавымі карткамі. Так, зь міжнародных картак "Visa Gold", "MasterCard Gold" у суткі можна зьняць наяўнымі ў эквіваленце 50 даляраў замест ранейшых 250. На безнаяўныя апэрацыі за мяжой дзейнічае абмежаваньне ў памеры 200 даляраў на суткі (дагэтуль было 500). У сваю чаргу, "Прыёрбанк" забараніў апэрацыі з валютай па рублёвых картках, а "Белінвэстбанк" увогуле ўвёў забарону на дзеяньне сваіх картак за мяжой.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG