Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бурбалка лопнула


Крах іранскага нафтавага праекту дае падставу зрабіць пэўныя высновы наконт вонкавай палітыкі Беларусі ўвогуле, мадэлі ўзаемадачыненьняў зь іншымі краінамі. Праблема ў тым, што ад самага пачатку свайго кіраваньня Лукашэнка адмовіўся ад рынкавых рэформаў, а значыць, ад ідэі стварэньня эфэктыўнай эканамічнай сыстэмы, здольнай працаваць ва ўмовах глябальнага рынку. Эканоміка Беларусі, у адрозьненьне ад СССР, не самадастатковая, яна адкрытая, моцна залежыць ад зьнешніх чыньнікаў. Але, каб захаваць у краіне сацыяльную стабільнасьць, трэба было знайсьці нейкую мадэль, якая дазваляла не мяняць сацыяльна-эканамічнае і палітычнае статус-кво. Выхад прыдумалі просты да геніяльнасьці: трэба знайсьці вонкавага спонсара, які б зь нейкіх палітычных, геапалітычных, ідэалягічных прычын пагадзіўся субсыдыяваць Беларусь. Сама ідэя абмену агульнасьці ідэалёгіі і палітычных мэтаў на эканамічныя дывідэнды — ня новая. Напрыклад, у час "халоднай вайны" шмат якія краіны "трэцяга сьвету" карміліся ад СССР дзякуючы сацыялістычнай рыторыцы.

Доўга шукаць не давялося. Побач знаходзілася Расея, якая пасьля распаду СССР перажывала постімпэрскі сындром, настальгавала па статусе вялікай дзяржавы. І тут зьяўляецца Лукашэнка, які ўсяляк прасоўвае ідэю рэінтэграцыі, аб’яднаньня, рэанімацыі імпэрыі. Гэта быў бальзам на збалелую душу расейскага грамадзтва і эліты. Мадэль "газ у абмен на пацалункі" спраўна працавала больш за дзесяць гадоў, забясьпечваючы эканамічную і сацыяльную стабільнасьць Беларусі.

Але ўсякая дармаўшчына рана ці позна канчаецца. З 2007 году Расея значна зьменшыла эканамічныя субсыдыі Беларусі. Гэта здарылася на самым піку спажывецкага буму ў Беларусі. Толькі пачалі добра жыць, як скончыліся грошы. Што было рабіць у гэтай сытуацыі? Адзіным слушным рашэньнем было правядзеньне рынкавай трансфармацыі эканомікі, мадэрнізацыі з дапамогай замежных інвэстыцый.

Але Лукашэнка пайшоў іншым шляхам. Выснова, якую ён зрабіў з скарачэньня расейскіх субсыдый, была такая ж простая, як і на пачатку ягонага кіраваньня: калі скончылася адна халява, трэба знайсьці другую.

Пачаўся флірт з Кітаем. Але без асаблівых вынікаў. Абяцаныя 15 млрд даляраў кітайскіх інвэстыцый так і не зьявіліся. Кітайцы выявіліся вельмі прагматычнымі, за лісьлівую рыторыку грошай не далі. Крэдыты Кітая ўсе зьвязаныя, у адным пакеце з кітайскім абсталяваньнем і кітайскай рабочай сілай.

Частыя візыты Лукашэнкі ў багатыя нафтай краіны Пэрсыдзкай затокі (Катар, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і інш.) таксама не далі прытоку капіталу ў такім аб’ёме, каб выратаваць хворую беларускую эканоміку.

Каго яшчэ можна было "разьвесьці на бабкі"? Правільна, міжнародных "ізгояў", якія знаходзяцца ў непрымірымых адносінах з ЗША, квапныя на антыімпэрыялістычную рыторыку і да таго ж маюць нафтадаляры. Тады і пачалося актыўнае супрацоўніцтва Беларусі з Іранам і Вэнэсуэлай. Зьвярніце ўвагу: нягледзячы на ідэалягічную блізасьць, Лукашэнка ані разу не наведаў Паўночную Карэю. Бо там няма чаго лавіць, самі галадаюць. А Іран і Вэнэсуэла шчодра спансіруюць ідэйна блізкія рэжымы і палітычныя рухі. Халява, сэр.

Спачатку здавалася, што "разводка" ўдалася. Бясконцым абменам візытамі, заявам пра ўзаемную палітычную падтрымку, размовам пра стварэньне нейкай антыамэрыканскай восі спадарожнічалі распрацоўкі сумесных эканамічных праектаў. Беларускія дзяржаўныя мэдыі іх цудоўна піярылі. Казалі пра магутны прарыў Беларусі і ў Лацінскую Амэрыку, і на Ўсход. Маўляў, зьявілася альтэрнатыва расейскай нафце і інш.

Але ўсе гэтыя праекты будаваліся на хісткай аснове. Яны грунтаваліся не на эканамічным інтарэсе, не на камэрцыйным разьліку, а на палітычных дамоўленасьцях. Эканоміка падганялася пад эканамічную мэтазгоднасьць. Падчас першага візыту Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу ў 2007 годзе ён, выступаючы на мітынгу ў Каракасе, заявіў: у адказ на твой падарунак (дазвол на здабычу нафты), сябра Уга, мы ў даўгу не застанемся. А там, дзе краіны абменьваюцца палітычнымі падарункамі, грошы ніхто ня лічыць.

Пад шумны прапагандысцкі акампанэмэнт праекты пачынаюцца. Празь нейкі час высьвятляецца, што за сяброўства нехта ж павінен плаціць. Пачынаюць лічыць грошы. І тут высьвятляецца, што эканамічных разьлікаў ніхто не рабіў. І ўсе гэтыя палітычныя дамовы ня маюць пад сабой сур’ёзнай эканамічнай асновы.

Таму надзьмутая бурбалка лопнула. Спачатку ляснулася авантура з будаўніцтвам завода ў Абчаку пад Менскам па вытворчасьці іранскіх аўтамабіляў "Саманд", бо на гэтыя легкавікі няма попыту. Усьлед сканаў і праект па сумеснай здабычы нафты на іранскім радовішчы Джафэйр.

Паціху канае праект паставак вэнэсуэльскай нафты, які зрабіў значны ўнёсак у дэфіцыт замежнагандлёвага балянсу Беларусі і разам зь іншымі чыньнікамі спрычыніўся да сёлетняга валютнага крызісу. Практычна спыніліся пастаўкі беларускай прамысловай прадукцыі ў Вэнэсуэлу. Цяпер беларускаму кіраўніцтву трэба кожны дзень хадзіць у касьцёл і маліцца за здароўе Уга Чавэса. Бо безь яго ўсе беларуска-вэнэсуэльскія эканамічныя дамоўленасьці падвіснуць у паветры.

Галоўны недахоп бясплатнага сыру ў тым, што яго можна зьесьці толькі адзін раз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG