Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шымашус: адказнасьць за выдачу дадзеных пра Бяляцкага пагражае тром чыноўнікам


Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце не патрабуе асабістай адказнасьці міністра юстыцыі Рэмігіюса Шымашуса за тое, што яго міністэрства перадало інфармацыю пра банкаўскія рахункі беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Яна заклікала міністра жорстка і неадкладна ацаніць узровень адказнасьці службовых асоб, якія накіравалі інфармацыю афіцыйнаму Менску.

Паводле прэзыдэнта Літвы, гэты інцыдэнт паказаў відавочную недастатковасьць міжведамаснай каардынацыі. А ўрад павінен забясьпечыць "дакладнае і эфэктыўнае супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнай улады", перадае DELFI.

Адказваючы на пытаньне, чаму ён сам да гэтага часу не ацаніў дзеяньні сваіх падначаленых, міністар юстыцыі Літвы Шымашус растлумачыў, што кіраўнік дэпартамэнту міжнароднага права міністэрства Аўшра Бярнацене "якраз прадставіла тлумачэньні", а яе дзеяньні, як і дзеяньні іншых службовых асоб, ацэньвае спэцыяльна створаная працоўная група. Па словах міністра, адказнасьць ахопіць трох чыноўнікаў.

Паводле міністра, у тлумачальнай Бярнацене адзначаецца, што "ў той час спэцыялісты міністэрства палічылі, што гэта не зьвязана зь якім-колечы магчымым перасьледам праваабаронцаў, што гэта чыста руцінны выпадак і што ён не зьвязаны з магчымай пагрозай, якая, як пазьней высьветлілася, існуе".

Ці патрабавала Грыбаўскайце, каб міністар узяў на сябе асабістую адказнасьць за гэты інцыдэнт? Шымашус гэта адмаўляе:

"Не, у дадзеным выпадку мы размаўлялі пра тое, як пазьбегнуць падобных сытуацый у будучыні і як на самой справе зрабіць так, каб за сытуацыю адказалі людзі, якія ўчынілі адпаведныя дзеяньні".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG