Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апазыцыя за 17 год так і не навучылася змаганьню з рэжымам…»


У чэрвені і ліпені шмат месца ў нашых праграмах займала тэма стыхійных грамадзкіх пратэстаў, арганізаваных праз сацыяльныя сеткі. Па серадах людзі выходзілі на плошчы Менску ды іншых гарадоў, каб маўчаньнем або плясканьнем у далоні выказаць сваю нязгоду з палітыкай дзейнай улады.

Нягледзячы на тое, што ў жніўні акцыі маўклівага пратэсту прыпыніліся, мы працягваем атрымліваць водгукі на гэтую тэму. З аднаго з такіх лістоў і пачну сёньняшнюю размову. Наш даўні сябар Мікалай Бусел зь вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёну крытычна ставіцца да таго, што «Свабода» шырока асьвятляла гэты моладзевы рух. Слухач піша:

«Апошнія тыдні раздражняла ваша зацыкленасьць на тэме так званай «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі». Спадар Дракахруст расчараваны, іншыя счэзьлі ад прадчуваньня «вялікіх народзінаў». І гэтак маніякальна — з дня ў дзень. І болей амаль ні пра што іншае. Між тым ня трэба адкрыта плявузгаць на карысьць ворагу пра нейкія мэты: ён і так бароніцца, як толькі можа. А праз плясканьне ў ладкі пераменаў не даможасься (як і праз маўчаньне, дарэчы).

Карысьць ад такой «рэвалюцыі» толькі ў тым, што гэта — своеасаблівая сацыяльная трэніроўка для часткі грамадзтва. І гэта — важна. Мы такой трэніроўкі ніколі ня мелі.

Канечне, людзей хапаюць на вуліцы фактычна ні за што. Але ж гэтыя затрыманьні — таксама частка выпрацоўкі сацыяльнага досьведу! Раз «рэвалюцыя» — то і «ахвяры» непазьбежныя. Што ж тут вохкаць ды енчыць?

А тое, што роды так і не надышлі, дык гэта цалкам віна так званай «апазыцыі», якая за 17 год так і ня здолела навучыцца змаганьню з рэжымам. Не працавала яна як належыць з моладзьдзю, з рабочымі, сялянамі, не прапагандавала лібэральныя ідэі, не пісала асьветніцкіх брашур… Дый народ з вуліцы яна мо ня надта ведае: згубіла шчырых актывістаў, не знайшла патрэбных словаў… Якая тут можа быць лібэралізацыя? Якія перамовы? З кім?

Людзей (і мяне ў тым ліку) цяпер моцна турбуе наш ганебны матэрыяльна-фінансавы стан быцьця: адсутнасьць месцаў у інтэрнатах для студэнтаў; стан нашай мовы; стан мэдычнай дапамогі, экалёгія ды багата іншых сацыяльных праблем. Вы ж інфармуйце грамадзтва пра гэтыя праблемы, раз зьнішчана палітычна арганізаваная апазыцыя. Але ж не — усё засьціць «прадчуваньне рэвалюцыі» ды «лібэралізацыі».

Мы падрабязна асьвятлялі гэтыя моладзевыя акцыі, спадар Мікалай, бо да іх была прыцягнута шырокая грамадзкая ўвага. Заўважу, дарэчы, што апазыцыйныя актывісты і лідэры да арганізацыі маўклівых пратэстаў дачыненьня ня мелі — тут вашы, спадар Мікалай, сьцьвярджэньні — памылковыя.

Што да сацыяльных тэмаў… Слушная заўвага. Сапраўды, многія людзі апанаваныя трывогай і страхам за тое, што робіцца цяпер з цэнамі на самае неабходнае, як катастрафічна зьніжаюцца рэальныя заробкі, у якім стане апынулася мэдычная служба… Варта, аднак, мець на ўвазе, што ўсе гэтыя праблемы зусім не ізаляваныя ад палітычных працэсаў у краіне, у тым ліку і ад тых грамадзкіх пратэстаў, падрабязнае асьвятленьне якіх вас, спадар Мікалай, так раздражняе.


Супрацьлеглая думка наконт акцыяў маўклівага пратэсту ў іншага нашага сталага слухача і аўтара, Васіля Завадзкага з Маладэчна. У сваім лісьце на «Свабоду» ён піша:

«Калі людзей ні за што хапаюць на плошчы і вязуць у пастарунак — гэта ўражвае. Што ж атрымліваецца: нельга свабодна хадзіць па родным горадзе? Можа, заўтра запатрабуецца пытаць згоды чыноўнікаў, каб наведваць краму? Дык для каго і дзеля чаго ў такім разе напісана наша Канстытуцыя? Там жа вельмі зразумела і дакладна гарантавана і свабода слова, і свабода сходаў, і права на выказваньне сваіх меркаваньняў… Зрэшты, гэтую Канстытуцыю ў сёньняшніх умовах варта прыраўняць да сталінскай. У той таксама шмат прыгожага і правільнага было запісана. Просты народ нават прымушалі сьпяваць:

«За столом никто у нас не лишний,
По заслугам каждый награжден.
Золотыми буквами мы пишем
Всенародный сталинский закон».


А ў той самы час мільёны ні ў чым не вінаватых людзей катавалі голадам і холадам на непасільнай працы ў ГУЛАГу. Нават сваіх жа бальшавікоў з Заходняй Беларусі, якія ўцякалі празь мяжу ў БССР, кідалі ў турмы, а потым расстрэльвалі ў Курапатах.

У нашым краі дагэтуль успамінаюць лёс мясцовага актывіста КПЗБ Федзі Завадзкага. Наслухаўшыся савецкай прапаганды, Федзя прыбраўся, як на фэст, і пайшоў пераходзіць граніцу. Кажуць, па дарозе ён спаткаў знаёмага паліцыянта. Той пацікавіўся: «Куды выбраўся, Хведар, такі ўрачысты?».

— Да сваіх людзей, якія жывуць пры таварышу Сталіну ў свабодзе і дастатку.

Паліцыянт яму: «Ох, Федзя, адумайся. Згінеш ты там, закатуюць цябе бальшавікі!».

Федзя, кажуць, толькі крыва ўсьміхнуўся. Маўляў, так я табе, панскаму паслугачу, і паверыў…

Гэтага Федзю, як распавядаецца ў выдадзенай праз шмат дзесяцігодзьдзяў пасьля вайны кнізе «Памяць», савецкія энкавэдысты расстралялі як польскага шпіёна праз тыдзень пасьля арышту, які адбыўся адразу пасьля пераходу мяжы. Я вось цяпер думаю: калі б нейкім цудам удалося Федзю ўцячы з бальшавіцкага «раю» — ён бы, напэўна, боты таму паліцыянту цалаваў…

А ўвогуле, тых энкавэдыстаў ды судзьдзяў, якія выносілі сьмяротныя прысуды і расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых людзей, варта было б выявіць, арыштаваць, завезьці ў Курапаты і там прымусіць выкапаць сабе магілы — так, як гэта яны зрабілі са сваімі нявіннымі ахвярамі. Можа б, тады і сёньняшнія кадэбісты і амапаўцы задумаліся пра ўласную будучыню…».

Наконт капаньня магіл у Курапатах — ня ўпэўнены, спадар Васіль. Ня думаю, што варта нават у якасьці помсты пераймаць бальшавіцкія мэтады. А вось тое, што аўтары і выканаўцы злачынных загадаў, у выніку якіх мільёны ні ў чым не вінаватых людзей страцілі жыцьцё, здароўе, родных і блізкіх, якім назаўсёды пакалечылі лёсы — павінны паўстаць перад незалежным судом і панесьці адказнасьць, — сумневу не выклікае. І мэта тут ня толькі ў тым, каб хаця б дзеці і ўнукі ахвяраў убачылі нарэшце састарэлага злачынцу не ў ганаровым прэзыдыюме вэтэранаў, а на лаве падсудных. Справа найперш у будучыні самой дзяржавы. Беспакаранасьць злачынцаў (якімі б палітычнымі інтарэсамі і мэтамі яны ні апраўдваліся) спараджае новыя злачынствы такога ж кшталту — ужо ў іншых гістарычных умовах. Беларусы гэта выразна бачаць на ўласным досьведзе.


Аўтар наступнага ліста Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну з сумам назірае, як прыходзіць у заняпад колішняя ворная зямля, як бязьлюднымі становяцца навакольныя вёскі. Слухач піша:

«Палі былога мясцовага саўгаса засадзілі лесам, але дрэўцы ня надта сьпяшаюцца прабівацца праз густыя палявыя травы. Не для лесу, відаць, гэтая зямля…

Тыя, хто калісьці раскулачваў мясцовых сялянаў, ды іхныя цяперашнія спадкаемцы наўрад ці дапусьцяць калі-небудзь вольнае землеўпарадкаваньне. А лес новым гаспадарам жыцьця спадабаўся. Ласы кавалак, можна прадаць. Хаця — калі тое будзе. А вось ворная зямля кожны год нешта прыносіла б, калі на ёй парупіцца. Працы, працы ў нашай гаротнай Беларусі!.. Ды толькі зьяжджаюць ад нас людзі. Зьехаў бы і сам, але страціў ужо свае лепшыя гады ў гэтым людзкім гнаі. А жыць амаль нельга. Нельга і паміраць яшчэ ў 51 год…

Тыя, хто зьяжджае цяпер, — ня здраднікі, вядома. Але не выглядаюць і найлепшымі, бо падрываюць сілы ў слабейшых, іхную веру ў блізкасьць і магчымасьць зьменаў».

Цяжка, спадар Алесь, дакараць людзей за тое, што зьяжджаюць, шукаючы месца, дзе за сваю працу могуць атрымаць большую ўзнагароду. Асабліва калі ўлічваць той факт, што заробку ў многіх беларускіх калгасах не хапае ня тое што на годнае жыцьцё — нават каб выжыць і дзяцей пракарміць.


На заканчэньне — невялікі ліст ад Ірыны Мішур з Воршы з ацэнкамі дзейнасьці кіраўніцтва Беларусі, выказваньнямі наконт цяперашняга эканамічнага становішча ў краіне. Слухачка піша:

«У свой час Лукашэнку выбралі прэзыдэнтам за тое, што ён абяцаў не дапусьціць вайны. Але сам за 17 гадоў давёў краіну да такога стану, што мы жывём цяпер горш, чым пасьля вайны.

Урад адной рукой здымае з нас апошнія штаны, а другой марудна і хціва водзіць за нос. А на што марнуюцца з такой цяжкасьцю заробленыя народныя грошы? Думаю, трэба вельмі не любіць свой народ і баяцца яго, каб трымаць такое вялікае войска, спэцслужбы, АМАП, міліцыю… Лукашэнка, напэўна, лічыць, што ён увойдзе гэтым у гісторыю… Але баюся, што ён проста ў гісторыю ўліп. Ягоная гульня з усім сьветам падобная да шахмат. І ўжо ўсім відавочна, што каралю з усіх бакоў — мат. А ён чамусьці не здаецца і мяркуе, што гульня працягваецца».

Наўрад ці вы, спадарыня Ірына, маеце рацыю, калі сьцьвярджаеце, што Лукашэнку «выбралі прэзыдэнтам за тое, што ён абяцаў не дапусьціць вайны». Трэба мець багатую фантазію, каб бачыць рэальную ваенную пагрозу ў нашай частцы эўрапейскага кантынэнту. Такой небясьпекі няма сёньня, як не было яе і ў далёкім ужо 1994-м годзе. Людзі былі незадаволеныя эканамічным бязладзьдзем, высокай інфляцыяй, адсутнасьцю пэрспэктыў — таму і галасавалі за маладога жвавага папуліста, супраць абрыдлай улады старой камуністычнай намэнклятуры. Адметна, што праз 17 год на беларускае грамадзтва абрынуліся эканамічныя рэаліі, якія вельмі нагадваюць тыя, што былі ўлетку 1994-га году… І многія задаюць сабе пытаньне: «Куды ж мы ішлі ўсе гэтыя доўгія гады, калі вярнуліся на тое самае месца?».

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG