Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тамара Сідарэнка: канчатковае рашэньне вынесе Мін’юст


Тамара Сідарэнка

Тамара Сідарэнка

Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі Беларусі па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці пастанавіла спыніць дзеяньне ліцэнзіі адваката Тамары Сідарэнкі, якая абараняла экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Алеся Міхалевіча.

Адвакату Тамары Сідарэнцы паведамілі, што яна пазбаўленая ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасьць.Падставаў для такога рашэньня кваліфікацыйнай камісіі ёй пакуль не патлумачылі.

«Канчатковае рашэньне будзе вынесена Міністэрствам юстыцыі. Я адвакат, пакуль гэтае пытаньне ня вырашыць Міністэрства юстыцыі. Але на гэта тут часу няшмат. Фармальна ў мяне ёсьць два прадпісаньні ад Міністэрства цягам году, і гэта фармальная падстава для прыпыненьня дзеяньня ліцэнзіі. Але афіцыйна я нічога не магу сказаць, бо ня ведаю».

Тамара Сідарэнка згадала, што адно прадпісаньне ад Мін’юста атрымала пасьля інтэрвію, у якім сказала, што адвакатаў мэтанакіравана не дапускаюць да Ўладзімера Някляева, якога трымалі ў СІЗА КДБ пасьля падзеяў 19 сьнежня. А другое — калі пасьля праверкі ў яе знайшлі пэўныя недахопы пры афармленьні справаздачаў. Яна сказала, што выправіла тыя недахопы і паведаміла міністэрству.

У Міністэрстве юстыцыі сказалі, што адносна пазбаўленьня ліцэнзіі Тамары Сідарэнкі ніякіх камэнтароў ня будзе. Таксама там не адказалі на пытаньне, спынена дзеяньне ліцэнзіі Тамары Сідарэнкі ці не.

Паводле праваабаронцы Гары Паганяйлы, насьцярожвае тое, што Сідарэнку не запрасілі на пасяджэньне кваліфікацыйнай камісіі. Праз тэлефон паведамілі, што яна павінна здаць усе справы па абароне сваіх кліентаў.

«Нас крайне абурае такая практыка, якая навязваецца Мін’юстам адносна адвакатаў і адвакатуры як незалежнага інстытуту. Мін’юст, відаць, ведае, што цяпер спэцдакладчык ААН шчыльна працуе па матэрыялах, зьвязаных з падобным ціскам Мін’юста на адвакатуру, якія прадстаўляюць праваабарончыя арганізацыі. Вядома ж, праваабарончыя арганізацыі будуць рабіць захады, каб абараніць адвакатаў і іх права на прафэсію».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG