Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Працаваць” па серадах у цывільным дазволіў міністар Куляшоў


Анатоль Куляшоў, міністар унутраных справаў
Анатоль Куляшоў, міністар унутраных справаў
Працаваць у цывільным на акцыях маўклівага пратэсту супрацоўнікам праваахоўных органаў дазволіў асабіста міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў. Пра гэта ён паведаміў сёньня, адказваючы на пытаньне журналіста "Комсомольской правды" в Беларуси" падчас прамой тэлефоннай лініі, арганізаванай урадавай газэтай" Рэспубліка".

"Назавіце мне, калі ласка, хоць адзін нарматыўна-прававы акт, які мне, як міністру ўнутраных спраў, забараняў б вызначыць для супрацоўніка міліцыі парадак нашэньня формы адзеньня. Тады я скажу, мае рацыю супрацоўнік міліцыі або не мае рацыю. Я думаю, вы не назавеце ні аднаго нарматыўна-прававога акта ", - цытуе Куляшова "Комсомольская правда" в Беларуси".

Куляшоў падкрэсьліў, што міністар унутраных спраў мае права вызначаць форму адзеньня "з улікам абставінаў справы, для кожнай задачы".

Людзі ў цывільным разганялі і затрымлівалі ўдзельнікаў акцый маўклівага пратэсту, якія праходзілі ў Беларусі з 8 чэрвеня па пачатак жніўня кожную сераду па ініцыятыве Інтэрнэт-супольнасьці "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі".

На пытаньне пра новы законапраект, які разглядае, як пікетаваньне, нават «арганізаванае бязьдзеяньне» міністар прызнаў, што прапанаваў законапраект менавіта МУС і патлумачыў:

“А што гэта вас так хвалюе? Мяне, як міністра ўнутраных спраў, хвалюе адно: парушэньне спакою, грамадзкага парадку ў краіне. Для мяне гэта будзе рычаг, які дасьць мне права і магчымасьць выкарыстоўваць яго для таго, каб гэты парадак, гэта спакой большасьці людзей у краіне парушаны не быў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG