Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два тыдні праваабаронца Алесь Бяляцкі знаходзіцца пад вартай. Першамайскі суд Менска 16 жніўня не задаволіў скаргу адваката аб зьмяненьні меры стрыманьня. У той жа час працягваецца кампанія салідарнасьці — сотні грамадзянаў Беларусі і вядомыя грамадзкія дзеячы сьвету пішуць паручальніцтвы за праваабаронцу.

Як прасоўваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы Алеся Бяляцкага, Радыё Свабода паспрабавала высьветліць у Камітэце дзяржаўнага кантролю. Кіраўнік прэсавай службы Кірыл Данілаў паведаміў:

«Ёсьць Бяляцкі, ёсьць крымінальная справа. Усю інфармацыю мы разьмясьцілі на сайце. Іншай інфармацыі для распаўсюджваньня ў СМІ ў прэс-службу не паступала».

Карэспандэнтка: «Але ў СМІ была інфармацыя, што, акрамя Бяляцкага, органы юстыцыі Літвы „здалі“ яшчэ 400 беларусаў. Ці заведзеныя яшчэ справы?».

«На жаль, іншай інфармацыі, акрамя той, што я паведаміў і якая на сайце, для распаўсюду ў СМІ ў нас няма».

А на сайце Камітэту дзяржкантролю зьмешчана толькі агульная інфармацыя, датаваная 5 жніўня, аб завядзеньні крымінальнай справы на грамадзяніна 1962 году нараджэньня бяз прозьвішча за няплату падаткаў у асабліва буйных памерах.

Сёньня зьявілася паведамленьне, што беларусаў «здае» і падатковая інспэкцыя Літвы — сёлета Беларусь папрасіла інфармацыю пра фінансавыя апэрацыі ў Літве 12 асобаў. Намесьнік начальніка дзяржаўнай падатковай інспэкцыі Артурас Кляраўскас сьцьвярджае, што яны не атрымлівалі запыту адносна праваабаронца Алеся Бяляцкага.

Не нашмат больш інфармацыі пра ход расьсьледаваньня крымінальнай справы і ў калегаў Алеся Бяляцкага.
Сьледчыя дзеяньні ідуць, гэта адзінае, што можна сказаць.

Праваабаронца Тацяна Равяка: «Сьледчыя дзеяньні ідуць, гэта адзінае, што можна сказаць, больш нічога».

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч: «Учора ў судзе Першамайскага раёну разглядалася скарга на ўжытую ў дачыненьні да Алеся Бяляцкага меру стрыманьня — узяцьце пад варту. Ну і, вядома ж, суд Першамайскага раёну адхіліў гэтую скаргу, прызнаўшы законным утрыманьне Бяляцкага пад вартай».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» працягвае збор паручальніцтваў за Алеся, каб вызваліць яго з-пад варты. Гэтая працэдура прадугледжана артыкулам 121 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Тацяна Равяка: «Такімі проста вялізнымі канвэртамі з рэгіёнаў прыходзяць паручальніцтвы, мы іх далучаем, яны будуць прыкладзены да хадайніцтва адваката аб зьмяненьні меры стрыманьня. То бок гэта будуць працэсуальныя дакумэнты. Проста фантастычна — прыходзяць невядомыя людзі, ня толькі тыя, хто па дапамогу да нас зьвяртаўся, проста для нас невядомыя твары».

17 рэгіянальных аддзяленьняў праваабарончага цэнтру «Вясна» падалі заяўкі на пікеты ў абарону Алеся Бяляцкага, і паўсюль — толькі адмовы.
XS
SM
MD
LG