Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Колькі заплаціце, гэтулькі і будзеце кіраваць МАЗам"


Менскі аўтамабільны завод.

Менскі аўтамабільны завод.

Менскі аўтамабільны завод вядзе перамовы з расейскім прадпрыемствам «КамАЗ» аб стварэньні беларуска-расейскага аўтамабільнага холдынгу. На абодвух прадпрыемствах зараз працуюць камісіі па ацэнцы кошту вытворчасьці. Экспэрты ў галіне машынабудаваньня заяўляюць, што выгаду ад аб’яднаньня атрымае выключна расейскі КамАЗ.

Менскі і Камскі аўтамабільныя заводы плянуюць аб’яднаць свае актывы на ўмовах 48% акцый прадпрыемства. Дырэктар Аляксандар Бароўскі заяўляе, што МАЗу выгаднае супольніцтва ня толькі з КамАЗам, але і з ГАЗам — яшчэ адным расейскім аўтапрадпрыемствам з Ноўгарада. Гаворыць Аляксандар Бароўскі:

«Калі КамАЗ прапаноўвае стварэньне холдынгу на ўмовах 48% акцый, то група ГАЗ просіць прадаць 25% акцый. Чаму так і не паступіць? Калі мы „нявеста“, а ёсьць два „жаніхі“, то чаму б і ня жыць з двума жаніхамі? Трэба стварыць і холдынг, і 25% прадаць групе ГАЗ — гэта ж не кантрольны пакет акцый. Ёсьць прапанова — то чаму адмаўляцца? Навошта спрачацца зь дзьвюма расейскімі кампаніямі?».

Як паведаміў дырэктар Аляксандар Бароўскі, сёньня МАЗ — пасьпяховае прадпрыемства, дзе толькі сёлета экспарт вырас на 220%, рэнтабэльнасьць — на 20%, а склады гатовай прадукцыі пустыя. Тое, што беларускі МАЗ пакінуў па-за канкурэнцыяй расейскі КамАЗ, сьцьвярджае і экспэрт у галіне машынабудаваньня Валянцін Лопан — колішні дарадца генэральнага дырэктара Менскага аўтазаводу. На яго думку, ніякай выгады ад магчымага холдынгу для беларускага боку няма:
Ад КамАЗа няма чаго ўзяць. І з пункту гледжаньня беларускага прадпрыемства ніякай выгады ад гэтага аб’яднаньня няма.

«Я адношуся да той групы людзей, хто са скепсісам ставіцца да такога холдынгу. Бо вельмі мала падставаў для стварэньня нейкіх сумесных структур з КамАЗам. Ад КамАЗа няма чаго ўзяць. І з пункту гледжаньня беларускага прадпрыемства ніякай выгады ад гэтага аб’яднаньня няма. З пункту гледжаньня КамАЗу — тут усё зразумела: гэта ім трэба, яны зацікаўленыя ўзяць пад кантроль свайго канкурэнта, які мае лепшы тэхнічны ўзровень. З групай ГАЗ ёсьць больш падставаў для аб’яднаньня, і ГАЗ для МАЗа не канкурэнт. Але галоўная мая пазыцыя як экспэрта палягае ў тым, што перамовы трэба весьці толькі пра грашовыя выплаты — плаціце грошы за акцыі. Колькі заплаціце, гэтулькі і будзеце кіраваць МАЗам».

Паводле Валянціна Лопана, матывацыя супольнага беларуска-расейскага аўтамабілебудаваньня можа быць толькі палітычная. Як паведаміў дырэктар Аляксандар Бароўскі, ацэнка прадпрыемстваў будзе завершаная да канца гэтага году, пасьля чаго будзе прынятае канчатковае рашэньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG