Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмныя універсітэты беларускіх анархістаў


Адвакат Ігара Аліневіча падаў скаргу ў прэзыдыюм менскага гарадзкога суду на прысуд, паводле якога актывіст анархісцкага руху адбывае 8-гадовае турэмнае пакараньне. Працягваюць абскарджваць прысуды і іншыя фігуранты справы аб падпале расейскай амбасады, ізалятара на Акрэсьціна ды іншых будынкаў.

Ігар Аліневіч

Мянчук Ігар Аліневіч атрымаў найбольшы тэрмін за ўдзел у нападзе на расейскую амбасаду — 8 гадоў калёніі прысудзіла яму судзьдзя Жана Хвайніцкая з Заводзкага суду Менску. Гэта было ў канцы траўня. У чэрвені ў Менгарсудзе разгледзелі скаргу на прысуд і пакінулі яго бязь зьмены. Нядаўна адвакат падаў скаргу ў прэзыдыюм Менгарсуду. Бацька асуджанага анархіста Ўладзімер Аліневіч кажа, што калі і гэтым разам ім адмовяць, яны ўсё роўна ня спыняць спробаў дамагчыся апраўданьня, бо віну сына лічаць недаказанай:

«У канцы месяца будзе разглядаць прэзыдыюм, як я ведаю. Калі адмовяць, то зьвернемся ў Вярхоўны суд і потым да старшыні».

Ігар Аліневіч быў накіраваны для адбыцьця пакараньня ў Наваполацкую калёнію. Ён яшчэ ў карантыне, кажа бацька вязьня:

«З апошняга ліста зразумела, што яшчэ не перавялі з карантыну. А ўвогуле справы такія: стаўленьне да яго роўнае, піша, што пакуль ціску на сябе не адчувае. Чакае пераводу ў атрад».

Мікалай Дзядок

4 з паловай гады ўзмоцненага рэжыму атрымаў яшчэ адзін фігурант справы аб нападзе на амбасаду Расеі — студэнт ЭГУ Мікалай Дзядок. Ён адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15. Бацька вязьня Аляксандар Дзядок кажа, што сын хацеў працягваць вучобу дыстанцыйна, але гэта немагчыма, бо ў беларускіх турмах няма доступу вязьняў да інтэрнэту. Сям’я Дзядкоў таксама не пагадзілася з прысудам і працягвае яго абскарджваць:

«Мы, як і іншыя асуджаныя, абскардзілі прысуд у наглядную інстанцыю, у прэзыдыюм Менгарсуду, але баюся, што вынік будзе такі самы. Але мы будзем і далей абскарджваць і пройдзем усе інстанцыі».

Бацька вязьня паведаміў, што пра ціск на сябе з палітычных прычын сын не казаў, але на размове ў спэцчастцы пабываў. Праз тыдзень у Мікалая Дзядка дзень народзінаў — яму спаўняецца 23 гады.


Яўген Васьковіч
Двойчы трапіў у карцэр у Магілёўскай калёніі Яўген Васьковіч, якога асудзілі на 7 гадоў за пашкоджаньні будынка КДБ у Бабруйску. Першы раз — за тое, што трымаў у сябе Біблію, што не дазволена. Прычына другога пакараньня карцэрам невядомая, кажуць сябры вязьня.

Аляксандар Францкевіч, якога асудзілі на 3 гады за тое, што зьняў адну з акцый анархістаў на відэа, адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі. Вядома, што нядаўна зь ім бачылася маці. Сябры вязьня, зь якімі ён лістуецца, кажуць пра скаргі на турэмную ежу.


Аляксандар Францкевіч

Ці лічацца беларускія анархісты, асуджаныя за напады на будынкі і пратэстныя акцыі, палітычнымі вязьнямі? Журналіст Аляксандар Ярашэвіч адмыслова вывучаў гэтае пытаньне:

«Я размаўляў на гэты конт зь „Вясной“, дык яны іх занесьлі ў сьпіс палітычных вязьняў. Вось калі заходзіш на сайт „Вясны“, ціскаеш на „напішы ліст палітвязьню“ — то яны там ёсьць. Яны кажуць, што гэта палітвязьні, бо сядзяць за свае погляды. Хтосьці мае сацыял-дэмакратычныя погляды, а хтосьці анархісцкія. А вось наконт „Міжнароднай амністыі“ — тыя кажуць, што ня могуць прызнаць іх вязьнямі сумленьня, бо яны ўчынілі гвалтоўныя дзеяньні».

Беларускія анархісты ладзілі розныя акцыі. У жніўні 2010 году на тэрыторыю амбасады кінулі бутэльку з запальнай вадкасьцю, ад чаго пацярпеў аўтамабіль амбасады. Суд палічыў даказаным, што гэта зрабілі «анархісты», але ніхто з асуджаных гэтага не прызнаў. А вось ад удзелу ў акцыі каля Міністэрства абароны беларускія анархісты не адмовіліся. Тады актывісты выйшлі да Генштабу з плякатам супроць беларуска-расейскіх манэўраў і кінулі на тэрыторыю дымавую шашку, ад якой ніхто не пацярпеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG