Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранскія СМІ паведамляюць пра дачаснае згортваньне супрацоўніцтва Нацыянальнай нафтавай кампаніі «Petroleum Engineering and Development Co.» зь дзяржаўным аб’яднаньнем «Беларуснафта». Падстава — невыкананьне беларускім бокам умоваў кантракту. У «Беларуснафце» таксама пацьвердзілі, што кампанія спыняе працы ў Іране. Гэта ўжо ня першае фіяска двухбаковай супрацы: нават беларускія чыноўнікі прызналі няўдалай спробу вытворчасьці ў Беларусі іранскіх аўтамабіляў «Саманд».

Мэдыі са спасылкай на кіраўніцтва Нацыянальнай нафтавай кампаніі пішуць: з прычыны рознагалосьсяў паміж суб’ектамі гаспадараньня «Беларуснафта» фактычна спыніла ўдзел у нафтаздабычы на радовішчы Джафэйр яшчэ пры канцы чэрвеня. І хоць афіцыйна кантракт не разарваны, іранскі бок ня бачыць падставаў для далейшага супрацоўніцтва зь беларусамі.

Паводле крыніцаў, пачынаючы ад 2009 году, Беларусь ніводнага разу ня вытрымала вызначаныя квоты здабычы нафты, што адмоўна паўплывала на паказьнікі рэнтабэльнасьці радовішча. Згодна з двухбаковымі дамоўленасьцямі, «Беларуснафта» абавязвалася аказваць тэхнічнае забесьпячэньне ў выпампоўваньні 3,5 тысяч барэляў штосуткі, але на практыцы гэты паказьнік не дацягваў нават да 3 тысяч. Да тэхнічных разыходжаньняў паміж сузаснавальнікамі нафтаздабыўнога СП дадаліся пытаньні грашовай кампэнсацыі іранскаму боку за выкарыстаньне радовішча. Сытуацыю камэнтуе эканамічны аглядальнік Тацьцяна Манёнак:

Тацяна Манёнак
«Тое, што ўсё завяршылася такім чынам, дзесьці і аб’ектыўна. Таму што вельмі складана было нечага чакаць у гэтай сытуацыі. Усё ж Беларусь не ўкладала туды грашовыя сродкі, не інвэставала ў вытворчасьць. Аднак, штопраўда,— беларускія тэхналёгіі, спэцыялісты там павінны былі працаваць. Гэта таксама пэўныя выдаткі, і даволі немалыя. Казаць пра тое, што гэта вельмі адчувальна для беларускай эканомікі, для беларускага бюджэту,— наўрад ці можна. Бо перадусім гэта былі спробы неяк дывэрсыфікаваць пастаўкі, спробы збольшага іміджавыя».

Як кажуць экспэрты, любая нафта, якая імпартуецца ў Беларусь не з Расеі, улятае беларускаму бюджэту ў капейку. Спробы дывэрсыфікацыі нафтавых паставак у ранейшыя гады былі наступствамі ўскладненьня адносінаў з Расеяй. Масква, нягледзячы на абяцаньні зьменшыць кошты на энэргарэсурсы ў рамках Мытнага саюзу, абклала значным мытам лішкі аб’ёмаў нафты, якая паступала для перапрацоўкі на НПЗ у Наваполацку і Мазыры з наступным продажам за мяжу. Такі крок азначаў для Беларусі страту 2,5 мільярда даляраў. На гэтым тле, кажа экспэрт у энэргетычных пытаньнях Аляксандар Мех, зьявіліся захады ў піку Расеі: маўляў, Беларусь можа пражыць і без расейскай нафты, паколькі сваё плячо падставілі іншыя. Але з падпісаньнем пагадненьня аб Адзінай эканамічнай прасторы пастаўкі з далёкага замежжа сталіся нявыгаднымі:

Аляксандар Мех
«Усе гэтыя праекты — іранскія, вэнэсуэльскія — ня ёсьць рэальнай альтэрнатывай расейскім пастаўкам. Адназначна, што кошт расейскай нафты заўсёды для Беларусі будзе меншы, чым зь любой іншай краіны. Найперш таму, што тут ужо ёсьць сетка нафтаправодаў, якая пракладзеная праз нашу краіну, і асноўны плюс у тым, што яны падыходзяць наўпрост да нафтаперапрацоўчых заводаў. Калі будзе іншая сетка, тады можна будзе казаць пра нейкую іншую альтэрнатыву. Я маю на ўвазе перадусім у эканамічным пляне. Пакуль жа нічога падобнага няма».

Праз супрацоўніцтва з іранскім рэжымам «Беларуснафта» ўжо мела вялікія праблемы. У сакавіку Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць «Беларуснафты» за кантракт на 500 мільёнаў даляраў з іранскай кампаніяй «NaftIran Intertrade». Гэта, поруч з іншымі захадамі, мела на мэце ізаляваць Іран з-за яго ядзернай праграмы, у рамках якой Тэгеран тэарэтычна мог займацца стварэньнем атамнай зброі. Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка не выключае, што гэткі ж канец чакае беларусаў і ў Вэнэсуэле. Прынамсі, інфармацыі пра посьпехі ў здабычы нафты для патрэбаў Беларусі апошнім часам з-за акіяну амаль няма:

Леанід Заіка
«Вы ж паглядзіце: зараз ніхто пра Вэнэсуэлу нават не гаворыць, ні на якім узроўні. Прыціхлі канчаткова. Уласна кажучы, я сам неаднаразова і пісаў, і казаў пра тое, што вэнэсуэльскі праект — гэта ні што іншае, як нейкае фіфці-міфці, поза для „вялікага брата“. У гэтай гісторыі няма ніякага здаровага сэнсу, ніякай патрэбы. Гэтак жа бясслаўна ўрэшце рэшт усё, найверагодней, і скончыцца. Бо што можна сказаць пра тое, у чым няма лёгікі?».

Нягледзячы на блізкі па сваёй сутнасьці статус рэжымаў-ізгояў, кіраўнікі Ірану і Беларусі — Аляксандар Лукашэнка і Махмуд Ахмадзінэжад — ня могуць пахваліцца посьпехамі ў двухбаковых стасунках. Няўдача на нафтавым фронце — не адзіная ў гэтым шэрагу.

На мяжы фіяска і ідэя зьбіраць у Беларусі іранскія аўтамабілі «Саманд». Не прыстасаваныя да мясцовых кліматычных умоваў, «скакуны» (у перакладзе на беларускую мову) ужо пасьля першай зімы патрабуюць капітальнага рамонту кузава. Да таго ж завод у Абчаку пад Менскам, дзе зьбіраюцца легкавікі, так і ня выйшаў на праектныя магутнасьці, спускаючы з канвэера ўсяго некалькі сотняў аўто на год.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG