Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гарэлка падаражэла не істотна — пілі, п’юць і будуць піць»


У Беларусі на 5% падвышаныя кошты на гарэлку: «Белдзяржхарчпрам» рэкамэндаваў вытворцам гарэлкі павысіць ад 15 жніўня мінімальную дзейную аптова-адпускную цану на гарэлку нізкага цэнавага сэгмэнту. Гэтае рашэньне прынятае ў рамках пастаноў Міністэрства эканомікі, якія прадугледжваюць вольнае цэнаўтварэньне на лікёра-гарэлкавую прадукцыю мацункам звыш 28%. Тым часам беларуская гарэлка застаецца найтаньнейшай у Эўропе, а колькасьць алькаголікаў сярод насельніцтва краіны працягвае расьці.

Кошт адной бутэлькі самай таннай гарэлкі ёмістасьцю 0,5 літра складзе цяпер 11 000–11 200 рублёў. Гэта ў 2–4 разы таньней, чым кіляграм мяса. Менавіта гэтая акалічнасьць — адносная таннасьць гарэлкі ў параўнаньні з прадуктамі харчаваньня — перадусім турбуе спажыўцоў. Гутару зь мінакамі на вуліцах Менску:

Карэспандэнтка: «Як вы ставіцеся да таго, што на 5% падаражэла гарэлка?».

Спадар: «Я лічу, што правільна зрабілі, бо многія людзі ўжываюць алькаголь. Я працую на вакзале і бачу, што шмат людзей сьпіваецца».

Спадарыня: «Мяне больш хвалюе, што я не магу купіць мяса — майго заробку не хапае. Вось зараз хаджу па раёне і не магу купіць мяса па прымальных, даступных коштах. А гарэлка мяне мала хвалюе».

Спадар: «Я думаю, што кошт кардынальна не падымецца — у два-тры разы. Так, не істотна, на 5–10%. Таму пілі, п’юць і будуць піць».

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што сёлета за першае паўгодзьдзе гарэлкі было прададзена на 10,5% больш, чым летась. Гэта 12 літраў на кожнага чалавека за год — на літар больш, чым летась. Мэдыкі ж заяўляюць, што актыўная дэградацыя распачынаецца, калі перавышаны ўзровень 8 літраў алькаголю за год на чалавека. Адпаведна — на ўліку ў нарколягаў зарэгістравана 270 тысяч чалавек, зь іх 180 тысяч хворыя на алькагалізм, і гэта яшчэ на тысячу больш, чым летась. Лячэньне ж хворых на алькагалізм — працэс доўгі і дарагі, кажа загадчыца наркалягічнага аддзяленьня ў Навінках Аксана Каўбасава:

«У наш шпіталь — маё аддзяленьне — паступаюць людзі ў досыць цяжкім стане. Яны ўжо маюць яскрава выяўленыя алькагольныя псыхозы. Натуральна, што ў аддзяленьні шырока выкарыстоўваюцца сучасныя мэтады лячэньня алькагольнай залежнасьці: дэзынтаксыкацыя, вітамінатэрапія, санстабілізацыя. А далей падключаецца дапамога псыхатэрапэўта, псыхоляга, а таксама, натуральна, сацыяльная рэабілітацыя гэтых пацыентаў».
З-за таго, што ў нас вялікае п’янства, шмат людзей гіне на вытворчасьці — па 400 чалавек за год.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, 7% валавога ўнутранага прадукту Беларусі ідзе на кампэнсацыю наступстваў алькагалізацыі насельніцтва — лячэньне хворых на алькагалізм, утрыманьне іх дзяцей у сацыяльных прытулках, зьніжэньне колькасьці працоўных і якасьці працы. У краінах Эўразьвязу гэтая лічба вагаецца ў межах 2–4%. Які ўплыў на дзяржаву і грамадзтва Беларусі мае павелічэньне спажываньня алькаголю і пашырэньне алькагалізацыі насельніцтва, гаворыць эканаміст Міхась Залескі:

«З-за таго, што ў нас вялікае п’янства, шмат людзей гіне на вытворчасьці — па 400 чалавек за год. 7 дзён — сярэдні тэрмін, калі чалавек з-за п’янкі бывае на бюлетэні. Калі б такімі статыстычнымі мэтадамі выключыць уплыў гарэлкі на разьвіцьцё грамадзтва, то працягласьць жыцьця мужчын павялічылася б на 7 год. Жанчыны п’юць менш, і іх працягласьць жыцьця ў Беларусі на 15 год большая, чым у мужчын. Вось што такое гарэлка — гэта этнацыд».

Сёлета ўрад Беларусі зацьвердзіў дзяржаўную праграму па барацьбе з п’янствам і алькагалізмам на 2011–2015 гады. На гэтыя мэты плянуецца накіраваць зь дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў 45 мільярдаў 70 мільёнаў рублёў.
XS
SM
MD
LG