Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 жніўня Менгарсуд адхіліў скаргу Ягора Канціна, які спрабаваў аспрэчыць адміністрацыйны прысуд, вынесены Савецкім судом Менску.

Мянчук Ягор Канцін адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту пасьля акцыі маўклівага пратэсту 13 ліпеня на плошчы Якуба Коласа. Тады спэцназаўцы ў цывільным схапілі Ягора ў раёне плошчы Якуба Коласа і заявілі ў судзе, што малады чалавек «быў на плошчы, брыдкасловіў і не рэагаваў на заўвагі». Між тым ёсьць відэа, на якім добра бачна, што Ягора Канціна схапілі на ходніку за плошчай, каля трамвайных рэек. Сьведкі зь месца падзеяў казалі, што малады чалавек нічога супрацьзаконнага не рабіў. Адна жанчына-сьведка нават стала была перад мікрааўтобусам без нумароў, у які ўкінулі Ягора, каб ня даць невядомым людзям яго зьвезьці.

«І гэтым разам судзьдзі не захацелі разьбірацца ў маёй сытуацыі: ня выклікалі сьведак, якіх я заяўляў, не прынялі ў справу фатадоказы. Але я не спынюся і буду падаваць скаргу вышэй — цяпер у Вярхоўны суд, бо лічу, што мяне пакаралі цалкам незаконна», — патлумачыў «Свабодзе» Ягор Канцін.
XS
SM
MD
LG