Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя шукае, хто «расстраляў» глыбоцкі райвыканкам


Паводле незалежнага журналіста Кастуся Шыталя, супрацоўнікі міліцыі распытваюць мясцовых апазыцыянэраў наконт зьяўленьня плямаў карычневай фарбы на фасадзе райвыканкаму ў Глыбокім.

Здарэньне адбылося 14 жніўня. Кастусь Шыталь мяркуе, што «верагодна, па будынку стралялі з пэйнтбольнай вінтоўкі».

16 жніўня міліцыянты распытвалі знаёмых журналіста, дзе той можа знаходзіцца, і прасілі перадаць, што яго шукаюць, каб распытаць пра «расстрэл» райвыканкаму. Некалькі чалавек, вядомых апазыцыйнымі поглядамі, ужо распытвалі з гэтае нагоды, кажа спадар Шыталь.

Будынак выканкаму стаўся ахвярай вандалаў упершыню: дзьве вялікія плямы зьявіліся на бігбордзе, які аздабляе фасад, і яшчэ тры — на цагляных сьценах, прычым на вышыні некалькі дзясяткаў мэтраў.

Міліцыянты кажуць, што вінаватага ў псаваньні гарадзкой маёмасьці прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці.
XS
SM
MD
LG