Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыльлёвыя таварыствы абураныя фінансавай палітыкай віцебскіх уладаў


Віцебскі гарадзкі аддзел фінансаў у пяць разоў скараціў памер кампэнсацыі на камунальныя выдаткі. Але старшыні віцебскіх жыльлёвых таварыстваў даведаліся пра гэта толькі ў ліпені — праз 7 месяцаў ад пачатку году. Цяпер ім няма з чаго плаціць заробкі нанятым працаўнікам, а Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, Дзяржкантроль ды аблвыканкам аніяк не рэагуюць на гэтую праблему.

Паводле заканадаўства, дзяржава мусіць часткова кампэнсаваць выдаткі на тэхнічнае абслугоўваньне жылых дамоў, у тым ліку і так званых кандамініюмаў — домаўладаньняў, якія перайшлі на самаабслугоўваньне, адмовіўшыся ад комплексу паслугаў дзяржаўнай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Летась памер кампэнсацыі складаў 5 550 рублёў на 1 квадратны мэтар плошчы дома. А сёлета віцебскія старшыні таварыстваў могуць разьлічваць толькі на адну тысячу.

Да таго ж разьлікі зь дзяржавай адбываюцца са спазьненьнем: толькі ў ліпені 2011 году таварыствам выплацілі леташнюю кампэнсацыю. І сёлета, ня ведаючы пра зьмяншэньне яе памераў, старшыні таварыстваў добра завінаваціліся. Распавядае старшыня таварыства «Юнона» Вера Котава:

«Мы нешта рабілі, у нас набраліся запазычанасьці. Цяпер што — да канца году нам усім працаваць бясплатна? Мне няма чым заплаціць за асьвятленьне ў месцах агульнага карыстаньня, я не магу заплаціць за паслугі пашпартысткі. Ды я мяцёлку не магу набыць для прыбіральшчыцы, хоць мушу патрабаваць ад яе чысьціні — гэтага патрабуюць і жыхары, і санітарныя нормы! І што нам цяпер рабіць? У гарфінаддзеле сказалі: «А рабіце што хочаце! Зьбірайце зь людзей грошы!».

Адказ з гарадзкога фінансавага аддзелу — пакуль адзіны, які атрымала спадарыня Котава. Яна сабрала подпісы 30 старшыняў жыльлёвых таварыстваў пад калектыўным зваротам у міністэрства ЖКГ, Дзяржкантроль, да старшыняў аблвыканкаму і гарвыканкаму. Адтуль адказаў пакуль няма, хоць Вера Котава дужа хоча ведаць, чаму віцебскія чыноўнікі вырашылі зьнізіць памеры кампэнсацыі:
У Берасьці нарматыў — 6 800, у Менску — амаль 9 тысяч! А ў нас — адна тысяча! Гэта нейкі абсурд!

«У Берасьці нарматыў — 6 800, у Менску — амаль 9 тысяч! А ў нас — адна тысяча! Гэта нейкі абсурд! Мне незразумелая пазыцыя віцебскіх гарадзкіх уладаў. Мажліва, зь іхнага боку гэта нейкія хітрыкі… Ім проста патрэбныя грошы — бо ў іх грошай няма!».

Старшыні жыльлёвых каапэратываў не выключаюць, што гарвыканкам знарок ускладняе сытуацыю, каб таварыствы адмовіліся ад самастойнасьці, ня мелі ўласных грошай на рамонты і абслугоўваньне, а заключалі дамовы з раённымі структурамі ЖКГ. Бо ў кандамініюмах фінансавая сыстэма празрыстая, а тыя, хто плаціць у дзяржаўны бюджэт, часам так і ня ведаюць, куды ідуць грошы, пазначаныя ў «жыроўцы» ў такіх радках, як «капітальны рамонт» або «тэхнічнае абслугоўваньне».

У кандамініюмах з гэтых сродкаў аплочваюць паслугі нанятых працаўнікоў, распавядае сябра віцебскага жыльлёвага таварыства «Вэнэра»:

«Сам старшыня грошы ў нас атрымлівае, гэта раз. І ў яго будуць вялікія непрыемнасьці, бо ён разьлічваў на субсыдыю ў 5 тысяч, а атрымае толькі тысячу… Бухгальтар — два, яшчэ ёсьць у нас электрык, адзін на некалькі дамоў, і сантэхнік — не выпівоха, а элегантны прыгожы мужчына. Ёсьць прыбіральшчыца. Для нас, жыхароў, усё гэта азначае, што нам падвысяць плату!».

Такім чынам, жыхароў кандамініюмаў распараджэньне гарадзкога фінаддзелу наконт зьмяншэньня памераў кампэнсацыі закранае таксама. На агульных сходах яны мусяць вырашыць: або адмовіцца ад паслугаў сантэхніка ці электрыка, або пагадзіцца на падвышэньне платы за тэхнічнае абслугоўваньне, або дазволіць старшыні пусьціць на гэта грошы, прызначаныя на іншыя патрэбы.

Праваабаронца Павал Левінаў ужо некалькі год узначальвае жыльлёвы каапэратыў. Але ягоны дом — досыць стары, жыхары дзесяцігодзьдзямі адлічвалі сродкі на капітальны рамонт, і таму ў свой час сябры каапэратыву адмовіліся ствараць кандамініюм — каб ня страціць гэтыя грошы. Тым часам жыхары кандамініюмаў сталіся закладнікамі недахопу бюджэтных сродкаў:

«Нам кажуць, што мы плацім за камунальныя паслугі толькі 30%, астатнія 70% кампэнсуе дзяржава. Калі гэта таварыства ўласьнікаў, то яны плацяць за ўсё цалкам, а потым дзяржава ім вяртае частку грошай. Але дзяржава гэтага ня робіць!».

Старшыні кандамініюмаў мяркуюць дачакацца адказаў на свае скаргі што да зьніжэньня памераў кампэнсацыі і зьбіраюцца на прыём да міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG