Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Леанід Заіка: «Я б усё ж такі рэкамэндаваў выйсьці на раўнаважны курс»


Аляксандар Лукашэнка паабяцаў у другой палове жніўня прыняць «сур’ёзныя рашэньні па валютнай і эканамічнай палітыцы». Пакуль ніякіх сур’ёзных крокаў урад не зрабіў. Валюта ў абменьніках не зьявілася, а на «чорным рынку» курс даляра штодня расьце на некалькі працэнтаў і на сёньня дасягнуў ужо 7 500-8000 рублёў за даляр. Чаму даляр так імкліва працягвае расьці і ці будуць зробленыя нейкія канкрэтныя захады?

Леанід Заіка
На думку кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміста Леаніда Заікі, урад страціў час і зрабіў дзьве сур’ёзныя тэарэтычныя памылкі:

«Першая — дазволілі ўвядзеньне замежнай валюты ў якасьці плацёжнага сродку, і другая — пайшлі на індэксацыю даходаў. Проста кажучы, урад „аблажаўся“, пакуль лічыў, колькі будзе грошай за кошт продажу, за кошт крэдытаў, каб забясьпечыць балянс рублёвай масы і даляраў, і ў той жа час павялічыў рублёвую масу, павялічыў выплаты, не эканоміў».

Фінансавы аналітык Кацярына Смірнова кажа, што сярод шматлікіх фактараў, якія дзейнічаюць у эканоміцы, немалую ролю адыгрывае і псыхалягічны:

«З пачатку жніўня вельмі вырасьлі дэвальвацыйныя чаканьні, гэта падмацавалася і некаторымі выказваньнямі афіцыйных асобаў. Вось гэтая псыхалягічная сытуацыя пры нейкіх катастрафічных уплывах можа і сама выклікаць дэвальвацыю. То бок ёсьць такі фэномэн, як самаспраўджальныя прагнозы, калі ціск псыхалягічны выплюхваецца на рынак — і рынак настолькі апынаецца пад яго ўплывам, што даводзіцца рабіць дэвальвацыю».

Паводле інфармацыі фінансавага аналітыка Кацярыны Смірновай, ёсьць прынамсі два варыянты разьвіцьця падзеяў на валютна-фінансавым рынку:

«Адна плынь — пакінуць, скажам так, абрэзаны рынак, не выпускаць даляры з розных сэгмэнтаў рынку, то бок захоўваць іх дэфіцыт. А іншая плынь — лібэралізаваць і адпусьціць. Але ж гэта непазьбежна патрабуе ўліваньняў, якія будзе рабіць Нацбанк. Наколькі гэтага ўсяго хопіць ва ўмовах дэфіцыту — усё адно давядзецца камусьці абразаць, камусьці даваць, камусьці не даваць. Я мяркую, гэта яшчэ вельмі доўга будзе цягнуцца…».

Леанід Злотнікаў
З крыніцы, блізкай да ўраду, стала вядома, што на мінулым тыдні адбылася закрытая нарада з удзелам вышэйшых службовых асобаў, на якой гаворка ішла пра тое, што трэба вызначыць адзіны курс даляра. І нават у некаторых інтэрнэт-выданьнях зьявілася лічба — 6 000 рублёў за даляр. На думку эканаміста Леаніда Злотнікава:

«Рэальныя крокі — трэба ўтаймаваць інфляцыю. І тады слаба зьмяняцца будзе і курс даляра. Калі дзяржава цяпер атрымала пазыкі, і ў гэтым годзе ўжо немалыя пазыкі (да пачатку восені гэта будзе каля 4 мільярдаў даляраў), то можна чакаць, што нейкія грошы пойдуць на падтрымку такога курсу, які вызначыць дзяржава. Да прыкладу, калі будзе 6 тысяч рублёў за даляр, на 2–3 месяцы, можа, і хопіць».

На думку эканаміста Леаніда Заікі, курс павінен быць вышэйшы:

«Я б усё ж такі рэкамэндаваў выйсьці на раўнаважны курс, так што гэта непазьбежна. Ну, і цяпер неабходна дэвальваваць даляр да ўзроўню 7,5 тысяч ад 5, то бок на 50%, а гэта ўжо страшна. Уся праблема ў тым, што гэта баяліся зрабіць з сакавіка, зацягвалі. А калі вырашэньне праблемы замаруджваецца, яна сама не вырашаецца, а толькі абвастраецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG