Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бязьсмертны: Беларусь страціла кантроль над газатранспартнай сыстэмай


Раман Бязьсмертны

Раман Бязьсмертны

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязьсмертны мяркуе, што "апэтыты" Расеі ў дачыненьні да газатранспартнай сыстэмы Украіны настолькі вялікія, што іх немагчыма задаволіць.

Аб гэтым ён сказаў у інтэрвію Радыё Свабода, камэнтуючы заяву кіраўніка "Газпрому" Аляксея Мілера аб тым, што з Украінай у энэргетычнай сфэры можна было б супрацоўнічаць па той жа схеме, што і зь Беларусьсю.

"Няма тых умоваў з украінскага боку, якія маглі б задаволіць апэтыты Масквы ў пытаньнях транспарціроўкі газу і ў пытаньнях уласнасьці на тэрыторыі Ўкраіны. Апэтыты "Газпрому" і палітычныя апэтыты ў Маскве настолькі высокія, што Ўкраіна ў прынцыпе іх ня можа задаволіць, асабліва ў галіне газатранспартнай сыстэмы, калі іх параўноўваць і шукаць нейкія аналёгіі зь беларускай сытуацыяй ", - дадаў ён.

Раман Бязьсмертны адзначыў, што ў Беларусі "пытаньне зайшло настолькі далёка, што фактычна Беларусь як краіна страціла цалкам кантроль над газатранспартнай сыстэмай, або страціць неўзабаве".

"Гэта азначае, што ўсе размовы аб цэнавых умовах або льготах проста губляюць сэнс. Відавочна, што ва Ўкраіны ёсьць толькі адзін варыянт разьвіцьця - гэта памяншаць аб'ёмы спажываньня газу. Гэта спосаб вырашэньня праблем з "Газпромам". Іншага мэханізму я ня бачу", - заявіў ён.

На пытаньне, ці магчыма, каб Украіна пагадзілася на ўмовы Расеі і аддала кантроль над сваёй газатранспартнай сыстэмай, Бязьсмертны адказаў:

"Гэта азначае, што Ўкраіна павінна выйсьці з Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, гэта азначае, што яна мае дэнансаваць большасьць міжнародных пагадненьняў у галіне паліўна-энэргетычнага комплексу, энэргетыкі ў цэлым. Гэта значыць, у прынцыпе, я ня бачу такой магчымасьці".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG