Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Масква забірае ў нас усё”


Пікетоўшчык супраць "саюзнай дамовы" у Менску, 1991 год

Пікетоўшчык супраць "саюзнай дамовы" у Менску, 1991 год

1991-шы вачыма ўдзельніка

Ёсьць ва ўспамінах былога загадчыка аддзелу культуры ЦК КПБ Алеся Петрашкевіча такі эпізод:

“Неяк аднойчы, калі я зайшоў з нейкім пытаньнем ці за парадаю, ён (першы сакратар ЦК КПБ Пётра Машэраў – С.Н.) апярэдзіў мяне і зь ціхім сумам сказаў: “Толькі што пазваніў Грышын, член Палітбюро, і вельмі настойліва папрасіў... вельмі настойліва папрасіў, каб я прыслаў яму пад Новы год дзевяць тысяч малочных, распатрошаных парасятак, -- і змоўк, а потым, -- і самае гнюснае ў тым, што я пашлю яму гэтых парасятак, -- і больш ні слова пра тую просьбу, а толькі да мяне: “Што ў цябе?”. Гадоў праз пятнаццаць пасьля гэтага былы памочнік другога сакратара ЦК КПБ ад сябе расказаў пра тых загубленых парасятак, якіх, вядома ж, адправілі ў Маскву пад нейкае сьвята.” (Алесь Петрашкевіч, “Крыніцы і каламуць”, стар. 320).

Трэба думаць, тое быў не адзіны выпадак, калі Машэраву (які да гэты час у пэўных колах мае імідж абаронцы інтарэсаў беларускага народа) давялося паслухмяна выконваць “просьбы” з Масквы. Ды і не аднаму Машэраву.

У менскіх, віцебскіх, магілёўскіх, пастаўскіх ці глускіх крамах беларусы малочных парасятак ніколі ня бачылі. “Усё забірае Масква” – гэтая папулярная ў канцы 80-ых гадоў фраза была, пэўна, перабольшваньнем, але ня вельмі вялікім. Зрэшты, кожны палітычны лёзунг нясе ў сабе вялікую долю ўмоўнасьці. А вось праграмная канстатацыя БНФ факту, што беларусы ня могуць скарыстацца плёнам сваёй працы – рэальнасьці адпавядала цалкам.

Між іншым, з вялікай доляй верагоднасьці можна сказаць, каму давялося выконваць даручэньне Машэрава. Загадчыкам аддзелу сельскай гаспадаркі ЦК КПБ быў тады Мікалай Дземянцей. Пазьней ён заняў пасаду сакратара ЦК па сельскай гаспадарцы. У той самы час – у канцы 1970-пачатку 1980-ых гадоў – сакратаром ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы быў Міхаіл Гарбачоў – ён, фактычна, быў «галіновым» шэфам Дземянцея. У 1989 годзе Дземянцея прызначылі старшынём Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР. Я запытаўся ў былога члена бюро ЦК КПБ Уладзімера Ганчарыка, ці магло паўплываць на тое прызначэньне знаёмства Дземянцея з Гарбачовым. Ганчарык адказаў, што ў той час такія рашэньні прымалі ў рэспубліках (тым больш, што пасада старшыні Прэзыдыюму ВС была шмат у чым намінальнай), ну а вызначальная якасьць Дземянцея, якая магла паўплываць на прызначэньне – паслухмянасьць партыйнаму кіраўніцтву.

Галоўным жа рэфлексам камуністычнага кіраўніцтва БССР была вернасьць Маскве.

Мікалай Дземянцей, чэрвень 1991

Загадаў Гарбачоў Дземянцею прыняць фармальную Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, у якой падкрэсьлівалася б неабходнасьць існаваньня СССР – той і выконваў (дэпутатам Апазыцыі БНФ вялізнымі высілкамі ўдалося правесьці “незалежніцкія” палажэньні).

Загадаў Гарбачоў прымаць “саюзны дагавор”, гэткую мадэрнізаваную форму імпэрыі – Дземянцей пасьлядоўна рупіўся, як на працу, езьдзіў у Нова-Агарова, дзе Гарбачоў зьбіраў кіраўнікоў рэспублік (падрыхтоўка дамовы атрымала назоў -- «новаагароўскі працэс»).

Да 25 жніўня 1991 году самай галоўнай нашай мэтай у Вярхоўным Савеце было абвяшчэньне Незалежнасьці. Неабходнасьць наданьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы гучала ці ня ў кожнай заяве дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Цяперашнім маладым альбо тым, хто ў той час слаба сачыў за палітычнымі падзеямі, сёньня цяжка зразумець, як спалучаліся ў 1990-1991-ым годзе Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР і прынятае 12 чэрвеня 1991 году і рашэньне Вярхоўнага Савета БССР падпісаць новую саюзную дамову.

Уся справа ў тым, што камуністычнае кіраўніцтва Беларусі не жадала ніякай Незалежнасьці, Дэклярацыя для іх была ня больш чым фармальнасьцю. Яно проста ўявіць не магло, як гэта можна -- жыць без Масквы. Да таго ж, нагадаю, пры яе прыняцьці камуністычная большасьць адмовілася надаць ёй статус канстытуцыйнай сілы (гэта значыць, прызнаць вяршэнства Канстытуцыі і законаў БССР над “саюзнымі”) -- і прагаласавала за артыкул 11-ты, які прадугледжваў “неадкладна прыступіць да распрацоўкі Дагавора аб саюзе сувэрэнных дзяржаў”. Гэта было якраз тое, чаго жадаў Крэмль, і што старшыня ВС Дземянцей паслухмяна выконваў. Да таго ж, Дземянцей заставаўся членам бюро ЦК КПБ, і праводзіў рашэньні камуністычнага кіраўніцтва – якое пра Незалежнасьць і чуць не жадала.

Быкаў: “Рэальнага напаўненьня гэтай звонкагалосай дэклярацыі няма”


І тут, падаецца, будзе цікавай ацэнка Дэклярацыі ў тым выглядзе, у якім яна існавала да 25 жніўня 1991 году, дадзеная Васілём Быкавым літаральна праз пару дзён пасьля яе прыняцьця, у ліпені 90-га. Зрабіць гутарку з пісьменьнікам мне прапанавала рэдакцыя газэты “Літаратура і Мастацтва”.

Падрыхтаваўшы праект Дэклярацыі і змагаючыся за кожнае слова, мы, дэпутаты БНФ, былі вымушаныя выйсьці з Авальнай залі – абгрунтаваўшы гэта нежаданьнем парлямэнцкай большасьці надаваць Дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы і імкненьнем падпісаць Саюзную дамову, што перакрэсьлівала сэнс дакумэнту. Насамрэч, тое быў тактычны крок – такім чынам мы жадалі прымусіць камуністаў прагаласаваць за Дэклярацыю (шмат што яны рабілі насуперак Пазьняку).

Я нагадаў, што прыняцьцё Дэклярацыі віталі перад Домам ураду некалькі сотняў чалавек – грамадзтва ж у сваёй масе паставілася да гэтага індыфэрэнтна, людзі тады былі занятыя праблемай фізычнага выжываньня.

“Мабыць, гэта яшчэ добра, калі дакумэнт такога роду можа каго-небудзь узрушваць. Значыцца, людзі не зусім зьняверыліся, ня зжылі ў сабе памкненьне да ідэалу, -- адказаў Васіль Уладзімеравіч. -- Я адношуся да гэтай дэклярацыі спакойна. Прыняцьце яе (або непрыняцьце), па сутнасьці, нічога ня можа зьмяніць у жыцьці рэспублікі, так што значэньне дэклярацыі чыста тэарэтычнае. Добра, канешне, што наш парлямэнт дамогся на такі крок, напэўна, архірадыкальны ў ягоных вачах. Але, мабыць, ня трэба асаблівай палітычнай праніклівасьці, каб вызначыць рэальную цану такога кроку”.

Васіль Быкаў: У залі Вярхоўнага Савета, які прымаў дэклярацыю, панаваў амаль хаўтурны настрой, бо ўсё гэта рабілася супраць волі большасьці, пры крайнай раздражнёнасьці некаторых дэпутатаў з партгрупы.

“Дэклярацыя мае нямала сваіх аналягаў-папярэднікаў, выдатных ва ўсіх адносінах, складзеных з самых пафасных фраз, а часам і з найлепшых пажаданьняў, -- працягваў Васіль Уладзімеравіч, -- Мабыць, каб дакумэнты такога роду адпавядалі свайму наміналу, патрэбны адпаведны палітычны ўзровень народнай сьвядомасьці, выразна дэмакратычная воля яго кіраўніцтва. А тут якая воля, калі ў залі Вярхоўнага Савета, які прымаў дэклярацыю, панаваў амаль хаўтурны настрой, бо ўсё гэта рабілася супраць волі большасьці, пры крайнай раздражнёнасьці некаторых дэпутатаў з партгрупы. Левыя дэпутаты (гэтак тады называлі дэпутатаў БНФ -- С.Н. ) самааддана змагаліся за кожнае слова пры відавочнай пасіўнасьці правых (камуністаў -- С.Н.), якія, аднак, адчувалі сваю сілу ў іншым – у галасавальнай працэдуры. Яна ўсё і вырашала. Можна было зразумець тых, хто пакінуў залю, калі сэсія падышла да перадапошняга артыкула, які, па сутнасьці, зрабіў малаэфэктыўнымі (калі не зусім бескарыснымі) усе астатнія, нават самыя ўзьнёслыя і рамантычныя, але пазбаўленыя сэнсу.

Напрыклад, што практычна азначае заключная частка артыкула 10 аб бяз’ядзернай зоне? Ці можа цяперашняе кіраўніцтва рэспублікі дамагчыся таго, ня толькі ліквідаваць, а хоць бы зьменшыць колькасьць ракетных баз – на адну-дзьве адзінкі? Хоць бы на тую, паблізу ад Менску, якая кожнага дня пагражае сталіцы ня меншымі вынікамі, чым Чарнобыль. Як цяпер, так і пасьля заключэньня саюзнага дагавору, гэтае пытаньне будзе цалкам у кампэтэнцыі Міністэрства абароны СССР, а не Вярхоўнага Савета БССР. Які ж тады практычны сэнс тае фразы, апроч як чыста прапагандысцкі?..

Так што рэальнага напаўненьня гэтай звонкагалосай дэклярацыі няма ніякага і цяжка меркаваць, каб з такім выразным, мякка кажучы, кансэрватызмам КПБ і Саветаў яго магчыма будзе дасягнуць у бліжэйшым будучым... Відаць, ажыцьцяўляць сувэрэннасьць магчыма толькі ва ўмовах сувэрэнітэту, -- во ў чым парадокс часу”.

Сёньня тым, хто слаба знаёмы з тагачаснымі рэаліямі, такая ацэнка Быкавым Дэклярацыі аб сувэрэнітэце можа падацца нечаканай, але яна цалкам супадае з нашым, дэпутатаў БНФ, стаўленьнем да яе ў той час: бяз канстытуцыйнай сілы яна ня мела таго значэньня, які, напрыклад, для Літвы меў Акт аб аднаўленьні незалежнасьці, прыняты 11 сакавіка 1990-га году.

Я не хачу сказаць, што значэньне падзеі 27 ліпеня 1990 году, калі прынялі Дэклярацыю, перабольшанае – што да афіцыйнай прапаганды ў часы Лукашэнкі, яно, наадварот, недаацэненае, ды наогул гэта проста замоўчваецца. Аднак у параўнаньні з 25 жніўня 1991 году, калі была абвешчана Незалежнасьць, прыняцьце Дэклярацыі мела хутчэй сымбалічнае значэньне. А вось што было вельмі важна – гэтае тое, што мы прымусілі дэпутатаў-камуністаў вымаўляць гэтае слова “сувэрэнітэт”, і прагаласаваць за дэкляраваньня сувэрэнітэту (хай нават і з агаворкай пра “саюзны дагавор”). І пасьля 27 ліпеня мы пастаянна спасылаліся на палажэньні Дэклярацыі – асабліва тады, калі трэба было схіліць дэпутацкую большасьць да нейкіх радыкальных крокаў ў справе стварэньня незалежнай краіны (тут ім не было чым крыць – самі ж прагаласавалі за “сувэрэнітэт”).

Незалежнасьць ня “ўпала з неба“


Раз-пораз гучыць меркаваньне, што беларусы не жадалі Незалежнасьці, што яна на іх “упала зь неба”.

Найбольш пасьлядоўнай рэпрэзэнтанткай такіх меркаваньняў зьяўляецца пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. Што праўда, у 1989-1991 гадах я ніколі ня чуў выступаў Алексіевіч ні на водным з мітынгаў БНФ, увогуле ня бачыў яе на тых самых мітынгах, дзе палітыкі, рабочыя, навукоўцы, мастакі, пісьменьнікі гаварылі пра неабходнасьць Незалежнасьці. Зусім магчыма, што яна ня чула тых выступаў, і ўвогуле не хадзіла на мітынгі. Права кожнага чалавека. Але з пачатку 90-ых былі даступная праўдзівая інфармацыя пра гісторыю Беларусі.

З гісторыі той вынікае, што стагодзьдзямі беларускі народ змагаўся за Незалежнасьць – і ахвяраваў дзеля гэтага жыцьцямі сваіх лепшых людзей. У 20-ым стагодзьдзі Слуцкі Збройны Чын, што абараняў БНР, даў прыклад такога змаганьня – змаганьня ня словам, а зброяй. А былі яшчэ дзесяткі тысячаў, хто за ідэю вольнай ад Масквы Беларусі пайшоў у ГУЛаг і ў Курапаты.

На шчасьце, у 1990-1991 годзе мы маглі змагацца за Незалежнасьць бяз зброі.

А пра тое, што неабходнасьць Незалежнасьці ўсьведамлялі ня толькі трыццаць чалавек у парлямэнцкай Апазыцыі альбо трыццаць тысячаў у Народным Фронце, сьведчыць дакумэнт, які мне перадалі ў чэрвені 1991 года з Віцебску.

Гэта – зварот у Вярхоўны Савет і Савет Міністраў Беларусі сходу прадстаўнікоў віцебскіх прадпрыемстваў – станкабудаўнічага заводу імя Кірава, тэлевізыйнага заводу “Віцязь”, заводу заточных станкоў імя 22 з’езду КПСС, станкабудаўнічага заводу імя Камінтэрну і вытворчага аб’яднаньня “Маналіт”. Пяць найбуйнейшых прадпрыемстваў, на якіх працавалі дзесяткі тысяч чалавек (думаю, У Віцебску не было б сям’і, у якой нехта з блізкіх не працаваў бы на адным з гэтых заводаў; так, у мяне на тэлевізыйным – цётка і стрыечны брат). Ад кожнага прадпрыемства пад зваротам па тры подпісы -- генэральнага дырэктара, старшыні прафкаму і старшыні страйкаму.

У звароце – вялікі пералік эканамічных і сацыяльных патрабаваньняў, між іншым, усталяваць верхні ўзровень падатку на прыбытак у 35 адсоткаў, скасаваць 5-адсоткавы “гарбачоўскі” падатак, заканадаўча пацьвердзіць скасаваньне абежаваньня па базавым фондзе аплаты працы, які прымаецца для налічэньня фонду спажываньня – і іншыя.

А завяршаецца зварот палітычнымі патрабаваньнямі, першым зь якіх – “надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі канстытуцыйны характар”.

Для дзесяткаў тысяч віцяблян, якіх рэпрэзэнтавалі падпісанты гэтага звароту, Незалежнасьць дакладна не “звалілася з неба”.

Падобныя звароты атрымліваў кожны дэпутат Апазцыі БНФ.

Дасягненьне поўнай незалежнасьці з кожным днём рабілася неадкладнай ўмовай разьвіцьця Беларусі..

Пэрыяд 1990-1991 гг. быў часам, калі, як кажуць, дзень вырашаў за месяц (калі не за год), і дасягненьне поўнай незалежнасьці было ня толькі мэтай, але і з кожным днём рабілася неадкладнай ўмовай разьвіцьця Беларусі.

Літва, Латвія, Эстонія ўжо больш як год ішлі па шляху незалежнасьці, імкліва стваралі ўласнае войска, банкаўскую сыстэму, набывалі вопыт самастойнай міжнароднай палітыкі – а мы, беларусы, гублялі час.

Але усе гэтыя месяцы, з ліпеня 90-па па жнівень 91-га мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, дамагаліся ад парлямэнцкай пракамуністычнай большасьці надаць Дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы. Такое патрабаваньне гучала і на вулічных мітынгах, і ў Вярхоўным Савеце. Мы прапаноўвалі Вярхоўнаму Савету законы, якія забясьпечвалі стварэньне дзяржаўных інстытуцыяў незалежнай дзяржавы і пераход да рынку – але яны не прымаліся. Праўда, некаторыя палажэньні – шляхам вялікіх намаганьняў і ў Авальнай залі, і ў кулюарах Вярхоўнага Савета – нам удавалася правесьці.

Дэклярацыя аб сувэрэнітэце была, так бы мовіць, “замарожаная”, але падзеі разьвіваліся імкліва, і – не на карысьць Незалежнасьці. Хутчэй наадварот -- у пачатку жніўня 1991 году актывізаваўся працэс падпісаньня так званай “новай саюзнай дамовы”.

Крэмль фарсіруе “саюзную дамову”


Спробы навязаць рэспублікам новы “Саюзны дагавор” Крэмль рабіў пачынаючы з 1991 года. Ужо ў лістападзе 1990-га Апазыцыя БНФ прапанавала Вярхоўнаму Савету наступную пазыцыю адносна “Саюза”:

Ініцыятыва стварэньня Саюза незалежных дзяржаў павінна сыходзіць ад саміх гэтых дзяржаў як сувэрэнных аб’ектаў;

Працэс адбываецца паэтапна шляхам кансультацыяў паміж рэспублікамі і заключэньня міжрэспубліканскіх дамоўленасьцяў, у тым ліку і стварэньня эканамічных садружнасьцяў рэспублік;

Першай умовай павінна стаць прызнаньне Вярхоўным Саветам і прэзыдэнтам СССР Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР;

Перад пачаткам перамоў урад СССР павінен перадаць Беларусі яе долі ў агульнасаюзнай маёмасьці, а таксама з алмазнага, валютнага фонду і залатога запасу (права Беларусі на гэтую долю было зафіксавана ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР).

Мы прапаноўвалі, акрамя іншага, неадкладна прыступіць да перамоў з рэспублікамі СССР і перш за ўсё з Расеяй аб заключэньні двухбаковых эканамічных ды ншых пагадненьняў.

А таксама – прыступіць “да кансультацый з урадамі Эстоніі, Латвіі, Літвы, Украіны аб разьвіцьці ўзаемадачыненьняў, каардынацыі дзеяньняў у галіне эканомікі, разьвіцьці адносін у палітыцы і гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну. Разгледзіць магчымасьць узаемадапамогі і эканамічнай садружнасьці гэтых краін, стварэньня міжпарлямэнцкай камісіі па выпрацоўцы эканамічнага дагавора”.

Дэпутацкая камуністычная большасьць адкінула нашыя прапановы.

12 чэрвеня Вярхоўны Савет БССР, нягледзячы на наш, дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраціў, прыняў пастанову з даручэньнем падпісаць новую саюзную Дамову старшыні ВС Мікаляю Дземянцею.

Камуністы разумелі, што “саюз” не дапаможа – але галасавалі за гэты “саюз"

На наступны дзень 13 чэрвеня, Вярхоўны Савет пачаў разглядаць чарнобыльскае пытаньне – і з вуснаў дэпутатаў-камуністаў гучалі словы адчаю, што, маўляў, мы апынуліся ў бядзе, ніхто нам не дапаможа, і толькі некаторыя асьмельваліся кідаць рэплікі ў бок “саюзнага Цэнтра”.

Камуністы разумелі, што “саюз” са сваім "цэнтрам" не дапаможа – але галасавалі за гэты “саюз".

Па простай прычыне: нежаданьня бачыць Беларусь незалежнай краінай.

Прагаласаваўшы за фарсіраваньне “новага саюзнага дагавора” дэпутаты неўзабаве раз’ехаліся ў адпачынкі.


Гарбачоў пераўтвараецца ў “нуль”


У пачатку жніўня 1991-га году штотыднёвік “Літаратура і мастацтва» пісаў:

“Пакуль прэзыдэнт СССР адпачывае на поўдні, у палітычным жыцьці краіны адбываюцца істотныя зьмены. На першы плян паступова выходзяць адносіны паміж рэспублікамі, інтарэсы Цэнтра пры гэтым адкрыта ігнаруюццца. Дня не праходзіць без паведамленьня пра заключэньне “гістарычных” дагавораў аб супрацоўніцтве між сувэрэннымі рэспублікамі. На гэтым тыдні іх падпісалі Казахстан і Кіргызстан, Туркмэнія і Таджыкістан, Летува і Армэнія... У Ташкенце адбылася сустрэча прэзыдэнтаў чатырох сярэднеазіяцкіх рэспублік з удзелам Азэрбайджану і Казахстану, але бяз удзелу Цэнтру. З’явілася і новая формула: 15+0 – у Алма-Аце плянуецца сустрэча лідэраў былых15 саюзных рэспублік, зноў жа бяз удзелу Цэнтра...(у тыя дні на слыху была формула Гарбачова “15+1”, дзе пад “адзінкай” меўся на ўвазе Цэнтар, г.зн. Гарбачоў. Лідэры рэспублік, як бачым, пераўтварылі яго ў “нуль” – С.Н). Яшчэ трохі, і чарговы адпачынак прэзыдэнта можа пераўтварыцца ў заслужаны (у савецкія часы выраз “заслужаны адпачынак” быў сынонімам пэнсіі – С.Н.)...

Беларусь жа па-ранейшаму “свае надзеі зьвязвае з моцным Цэнтрам”. Толькі так можна растлумачыць перанясеньне тэрміну подпісу рэспублікай з 3 верасьня на 20 жніўня, бо канчатковага тэксту дагавору яшчэ ніхто, вядома, акрамя яго аўтараў, ня бачыў і не чытаў. “ (“ЛіМ”, жнівень 2011 )”.

У пастанове ВС, прынятай 12 чэрвеня, быў пункт трэці – “Даручыць камісіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР па падрыхтоўцы праекту Саюзнага дагавору і вызначэньню парадку яго заключэньня абагульніць прапановы і заўвагі пастаянных камісіяў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, народных дэпутатаў, працоўных Беларускай ССР і ўлічваць іх у працэсе ўзгадненьня канчатковай рэдакцыі праекту Саюзнай дамовы”.

Фармулёўка цьмяная – бо ня былі вызначаныя крытэрыі “слушнасьці” альбо “няслушнасьці” прапаноў, якія камісія павінна была “абагульняць”. Ды і немагчыма было абагульніць прапановы камуністаў, якія выступалі за “адзіны саюз” з нашай пазыцыяй: ніякага новага “саюзу”, толькі Незалежнасьць.

Але нават члены “камісіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР па падрыхтоўцы праекту Саюзнага дагавору” даведаліся пра падпісаньне Дагавору з прэсы – 12 жніўня газэта “Известия” паведаміла, што падпісаньне Дамовы заплянаванае на 20 жніўня ў Маскве.

Пры гэтым ніхто з нас, дэпутатаў, канчатковага тэксту Дамовы ня бачыў.

Мы з Пазьняком вырашылі, што трэба рабіць нешта тэрміновае

Мы з Пазьняком вырашылі, што трэба рабіць нешта тэрміновае. Але -- што? Быў жнівень, дэпутаты ў адпачынку. Напісаць заяву ад Апазыцыі – пару гадзінаў, але вось сабраць пад ёй подпісы – некалькі дзён. Таму напісалі кароткі ліст Дземянцею – падпісаліся тыя, хто быў у той дзень у Вярхоўным Савеце.

“Паважаны Старшыня Вярхоўнага Савета! -- пісалі мы. – У сувязі з нечаканым паведамленьнем газэты “Известия “ 12 жніўня гэтага года аб тым, што “паўнамоцная дэлегацыя” БССР будзе падпісаваць 20 жніўня Саюзны Дагавор, са зьмененым тэкстам якога не знаёмыя народныя дэпутаты БССР і на Вярхоўным Савеце ён не абмяркоўваўся, заяўляем аб неправамернасьці, безадказнасьці Вашых дзеяньняў. Вы імкнецеся заключыць дагавор пра лёс Беларусі без праходжаньня ўсіх неабходных у такіх выпадках экспэртызаў, абмеркаваньняў і рашэньняў. Калі, нягледзячы ні на што, іакі дагавор будзе Вамі падпісаны, ён усё роўна ня будзе мець юрыдычнай, прававой і палітычнай сілы, бо ня можа быць прызнаны ні беларускім грамадзтвам, ні міжнароднай супольнасьцю. Фактычна, празмова ідзе аб падпісаньні новага каланіяльнага для Беларусі дагавора. Крок, які Вы зьбіраецеся зрабіць, ставіць пытаньні аб Вашай асабістай адказнасьці перад Беларускім народам» Ліст падпісалі пяць дэпутатаў – тыя, хто быў у той дзень у будынку Дома ўраду -- Зянон Пазьняк, Уладзімер Заблоцкі, Сяргей Навумчык, Уладзімер Новік, Яўген Новікаў”.

Бальшавіцкая традыцыя: “Время, вперёд!”


У тыя ж дні Выканкам Цэнтральнай Рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ) зрабіў заяву, у якой выказаў стаўленьне да падпісаньне саюзнай дамовы. “БСДГ у прынцыпе не выступае супраць Саюза Сувэрэнных Дзяржаў. Ідэалам беларускай сацыял-дэмакратыі з’яўляецца садружнасьць свабодных і роўных нацый, садружнасьць дэмакратычных прававых дзяржаў" - казалася ў заяве.

Прызнацца, я за 20 гадоў забыўся і цяпер з невялікім зьдзіўленьнем адзначаю, што БСДГ не было супраць саюзнай дамовы ў прынцыпе. У БНФ у 1988-89, нават у пачатку 1990-га году часам таксама казалі пра магчымасьць саюзу сувэрэнных дзяржаў (акцэнт – на “сувэрэнных”), Што ж, ня ўсе і не адразу прыйшлі да разуменьня неабходнасьці існаваньня незалежнай дзяржавы і ў Беларускім Народным Фронце. Аднак ужо ў траўні 1990-га БНФ заявіў пра сувэрэнітэт як пра галоўную палітычную мэту, і ў першай палове 91-га змаганьне супраць ідэі новага “абноўленага саюзу” было для нас часткай працэсу дасягненьня Незалежнасьці.

Пры гэтым дэпутаты Алег Трусаў, Лявон Дзейка, Яўген Цумараў ды іншыя дэпутаты – члены БСДГ нароўні з ўсімі іншымі дэпутатамі Апазыцыі БНФ дамагаліся на сэсіях наданьня Дэклярацыі статусу канстытуцыйнай сілы.

Заява БСДГ была важнай для ацэнкі на толькі “саюзнай дамовы”, але і працэдуры яе падрыхтоўкі.

Гэтая пасьпешлівасьць цалкам адпавядае бальшавіцкай традыцыі прысьпешваць падзеі..

Выканкам Цэнтральнай Рады БСДГ зьвярнуў увагу на пасьпешлівасьць, зь якой рыхтуецца падпісаньне. “Гэтая пасьпешлівасьць цалкам адпавядае бальшавіцкай традыцыі прысьпешваць падзеі і час”. “Не запатрабаваўшы кампэнсацыі за ўрон, прычынены Чарнобыльскай катастрофай, кіраўніцтва БССР пасьля падпісаньня новага Дагавору страціць права прад’яўляць прэтэнзіі гэтак званаму цэнтру. Дапамогі ад іншых рэспублік, якія знаходзяцца ў цяжкім эканамічным становішчы, чакаць нельга.” І далей: “...Падпісаньне юрыдычна няўзважанага Саюзнага Дагавору не гарантуе грамадзянскага міру, не прывядзе да нармалізацыі адносін паміж паасобнымі рэспублікамі і цэнтрам, ня спыніць міжнацыянальных канфліктаў. Захаваньне цяперашняй структуры Узброеных Сілаў СССР, якія прыцягваюцца для вырашэньня міжэтнічных і міжнацыянальных сутычак, вядзе да таго, што Беларусь ізноў будзе губляць сваіх сыноў на гэтай неаб’яўленай вайне..”


Пра што расказаў генэрал КДБ


Пасьпешлівасьць Гарбачова патлумачылася пазьней, калі прыадчыніліся некаторыя архівы. Улада выцякала з рук Гарбачова, гэтая ўлада ўжо не магла падмацоўвацца тым, што называюць “эканамічны рэсурс”. Казна СССР была пустая. Гарбачоў стаяў перад Захадам з працягнутай рукой – і ў тым бы не было вялікай бяды, калі б Гарбачоў прызнаў, што камуністычны экспэрымэнт пацярпеў паразу. Але не – просячы грошаў, ён працягваў клясьціся ў вернасьці “ідэям Леніна”. І, між іншым, заставаўся генэральным сакратаром ЦК камуністычнай партыі. І ў ліпені 91-га правёў Пленум ЦК, на якім было вырашана ствараць новую (якую ўжо па ліку?) праграму гэтай самай партыі.


Барыс Ельцын, Мікалай Дземянцей і Міхаіл Гарбачоў у Нова-Агарове. Лета 1991 г






У кнізе “СССР. Канец праекту” былы супрацоўнік ЦК КПСС Мікалай Зяньковіч прыводзіць урывак са свайго дзёньніка, які раскрывае некаторыя акалічнасьці падрыхтоўкі варыянту саюзнай дамовы, якую плянавалі падпісаць 20 жніўня”:

“31 ліпеня. Кажуць, што ўчора і пазаўчора ў Нова-Агарове праходзіла неафішуемая сустрэча Гарбачова, Ельцына і Назарбаева, якія бяруць удзел у савецка-амэрыканскіх перамовах. Нібыта дасягнутая дамоўленасьць аб падпісаньні Саюзнай дамовы ня ў верасьні-сьнежні, як меркавалася, а 20 жніўня... (Удакладненьне 2009 году. Як стала вядома пазьней, на гэтай сустрэчы Гарбачову было прапанавана правесьці кардынальныя перастаноўкі ў вышэйшым эшалёне ўлады. Замене падлягалі Лукьянаў (старшыня ВС СССР – С.Н.), Янаеў (віцэ-прэзыдэнт СССР ), Паўлаў (прэм’ер-міністар СССР), Пуга (міністар ўнутраных спраў СССР), Кручкоў (старшыня КДБ СССР) і іншыя. Размова, якая адбывалася на бальконе рэзыдэнцыі ў Нова-Агарове, была запісаная КДБ і прадстаўленая Кручкову, які пазнаёміў зь яго зьместам іншых фігурантаў – будучых удзельнікаў ГКЧП.

Генэрал КДБ Шыронін распавядаў мне ў прыватнай гутарцы, што менавіта гэтае рашэньне паскорыла набліжэньне жнівеньскага путчу. Бо праект Дамовы трымалі ў таямніцы ня толькі ад грамадзкасьці, але і ад вышэйшых службовых асобаў дзяржавы). (М. Зяньковіч, “СССР. Конец проекта”, “Олма”, Масква, 2009, стар. 129).

З гэтага запісу можна зрабіць дзьве высновы.

Прадстаўніка Беларусі на гэтую размову нават не запрасілі.

Першая: ня маюць рацыі тыя, хто кажа, што Беларусь атрымала Незалежнасьць дзякуючы Ельцыну – як бачым, Ельцын з Гарбачовым і Назарбаевым дамаўляўся пра перадзел улады, пры якім Цэнтар, хаця і не з ранейшымі функцыямі, але заставаўся. Проста пазбаўляліся ад непажаданых людзей. Прадстаўніка Беларусі на гэтую размову нават не запрасілі.

І другая: "саюзная дамова", якая вызначала лёс народаў, рыхтавалася ўпотайкі – і нават Вярхоўныя Саветы саюзных рэспублік ня мелі яе тэксту.

Уступіць – лёгка. Выйсьці – немагчыма.


Зрэшты, праз некалькі дзён пасьля ліста да Дземянцея я, як і іншыя дэпутаты Вярхоўнага Савету, атрымаў ад яго тэкст новага варыянту “Саюзнай дамовы”. СССР захоўваў абрэвіятуру, але мяняў назоў: пераўтвараўся ў “Саюз Савецкіх Сувэрэнных Рэспублік”.

Ліст старшыні ВС БССР Дземянцея пра праект "саюзнай дамовы"

У “сфэры вядзеньня Саюзу ССР” былі войска, памежная служба, унутраныя, спэцыяльныя, тэхнічныя войскі, каардынацыя дзейнасьці ворганаў бясьпекі рэспублік (натуральна, з Лубянкі). Таксама – “ажыцьцяўленьне зьнешняй палітыкі”, падпісаньне міжнародных дамоваў.

Пазьняк: “Масква плянуе забраць сабе ўсё, а нам пакідае толькі Чарнобыль”..

Таксама – зьнешнеэканамічная дзейнасьць (куды ж без валютных даходаў?). Ну і – ажыцьцяўленьне грашовай эмісіі (гэта значыць, агульныя грошы, і друкаваліся б яны ня ў Менску ці ў Кіеве, а ў Маскве), залаты запас, алмазны і валютны фонд. Прыгадалася, што яшчэ ў дзень прыняцьця Дэклярацыі 27 ліпеня 1990 году на сэсіі Зянон Пазьняк так ацаніў самы першы праект саюзнай дамовы: “Масква плянуе забраць сабе ўсё, а нам пакідае толькі Чарнобыль”. Тое ж можна было сказаць і пра апошні варыянт.

А вось яшчэ прыклад поўнага ігнараваньня Гарбачовым і ягоным атачэньнем (менавіта яны распрацоўвалі праект) прапаноў тых, хто, у прынцыпе, не выступаў супраць Саюзнай дамовы, як БНФ – але выказваўся за права беларускага народа размаўляць на сваёй мове.

Увесну 1991 года Рада Таварыства беларускай мовы зрабіла адмысловую заяву з нагоды палажэньня ў праекце Саюзнага дагавору аб прызнаньні за расейскай мовай статусу афіцыйнай мовы СССР. Такое палажэньне супярэчыла Закону БССР аб мовах і Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР, таму Рада ТБМ прапанавала Вярхоўнаму Савету “не падпісваць Саюзны дагавор у той частцы, якая вызначае статус рускай мовы як афіцыйнай на тэрыторыі СССР”. “Артыкул 20 праекта Саюзнага дагавора, - гаварылася ў заяве Рады ТБМ, - прапануем назваць “Дзяржаўныя мовы” і даць у наступнай рэдакцыі: “Моўныя ўзаемадачыненьні дзяржаў-удзельніц Дагавору вызначаюцца адпаведнымі заканадаўчымі актамі – Законамі аб мовах”.

14 траўня 1991 года гэтую прапанову ТБМ падтрымала і Рада Саюза пісьменьнікаў Беларусі.

Нарэшце, 31 траўня старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры і захаваньню гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч зьвяртаецца да старшыні ВС Мікалая Дземянцея з заўвагай, што ў раздрукаваных для дэпутатаў папраўках, прапанова Рады ТБМ адсутнічае. І паведамляе, што камісія ВС, якую ён ўзначальвае, падтрымлівае прапанову ТБМ і Саюзу пісьменьнікаў.

Аднак прапанова ўлічаная не была. У праекце Дамовы, які меркавалася падпісаць 20 жніўня, артыкул 20 пазбавіўся палажэньня пра рускую мову як “афіцыйную мову “ СССР, прадугледжвалася нават, што “рэспублікі самастойна вызначаюць сваю дзяржаўную мову”, – але канстатавалася, што “мовай міжнацыянальных зносін удзельнікі Дамовы прызнаюць расейскую мову”.

Атрымаўшы тэкст Дамовы, я адразу пачаў шукаць – ну а як жа Беларусь, падпісаўшы яе, зможа з гэтага "Саюзу ССР" выйсьці?

А -- ніяк.

Артыкул 1 “Членства ў Саюзе” нібыта прадугледжваў, што “дзяржавы, якія ўтвараюць Саюз, захоўваюць права свабоднага выхаду зь яго ў парадку, вызначаным удзельнікамі Дамовы і замацаваным у Канстытуцыі і законах Саюза”. Сам парадак у дамове не вызначаўся – тое было аддадзена канстытуцыі і законам, якія яшчэ трэба было ствараць (і невядома, хто і як бы іх прымаў). Затое артыкул 26 вызначаў, што “ гэтая Дамова альбо асобныя палажэньні могуць быць скасаваныя, зьмененыя альбо дапоўненыя толькі са згоды ўсіх дзяржаў, якія ўтвараюць Саюз”.

Такім чынам, паставіўшы подпіс пад пад Дамовай, Беларусь патрапіла б у пастку: магчыма, давялося б прасіць б дазволу на выхад у кыргызаў, таджыкаў, казахаў – народаў паважаных, якім аднак, не да нашых праблемаў.

Але гэтыя б, можа, і пагадзіліся. А – расейцы?

Тэкст гэтай “Саюзнай дамовы” – у пакеце урадавай пошты – я знайшоў у сваёй паштовай скрыні 18 жніўня.

На наступны дзень беларусы прачнуліся пад паведамленьне аб стварэньні ў Маскве ГКЧП.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG