Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цётка Ўладзімера Хамічэнкі: "Ён мог паехаць куды ў Беларусь ці ў Расею"


Уладзімер Хамічэнка, 19 сьнежня 2010

Уладзімер Хамічэнка, 19 сьнежня 2010

15 жніўня афіцыйна пацьверджана, што выйшаў на волю апошні, дзявяты са сьпісу памілаваных вязьняў Плошчы — Уладзімер Хамічэнка.

Уладзімер Хамічэнка, асуджаны на 3 гады зьняволеньня, адбываў пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 19. Адтуль сёньня і пацьвердзілі праваабаронцам "Вясны", што 13 жніўня Хамічэнка быў вызвалены як памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам. Куды накіраваўся былы вязень, у калёніі не сказалі.

Магчыма, нешта ведае пра гэта ягоная сястра Сьвятлана, якая жыве ў Капылі, але зьвязацца зь ёй пакуль не ўдалося. А вось цётка былога вязьня Ала Барысаўна са Слуцку сказала, што да яе Ўладзімер не заяжджаў і наўрад ці паедзе — падчас апошняй сустрэчы цётка сказала пляменьніку, што знаць яго ня хоча, бо давала яму прытулак, а ён яе абакраў. Праўда, зь менскага ізалятара на Валадарскага, дзе Хамічэнка сядзеў падчас сьледзтва, ад яго прыйшоў ліст з выбачэньнямі, але ў шчырасьць пляменьніка Ала Барысаўна ня надта паверыла. Бо неўзабаве пазваніла адвакат і прасіла, каб яна напісала колькі добрых словаў пра Ўладзімера, бо "гэта спатрэбіцца на судзе". Ала Барысаўна адмовіла. Дзе можа быць Уладзімер Хамічэнка зараз?
Ён жа бадзяецца па ўсёй Беларусі, то там пасядзіць, то там. Ён і ў Расею можа паехаць ...


"О! Гм, гэта вельмі складанае пытаньне. Ён жа бадзяецца па ўсёй Беларусі, то там пасядзіць, то там. Ён і ў Расею можа паехаць. Ва ўсякім разе, я яго ня бачыла ўжо гады два, калі не лічыць, як яго паказвалі па тэлевізары ўжо пасьля тых падзей на плошчы ў Менску".

У інтэрнэце за Ўладзімерам Хамічэнкам пасьля 19 сьнежня замацавалася мянушка "навушнік". На відэа, зьнятым каля ўваходу ў Дом ураду, некаторыя ўбачылі, як ён нібыта нешта перадаваў празь нейкае прыстасаваньне. Аднак у судзе гэта не пацьвердзілася. Між тым на працэсе разглядаліся дакумэнты адносна псыхічнага здароўя Ўладзімера Хамічэнкі — дзеля гэтага суд палову дня адмыслова працаваў у закрытым рэжыме. У выніку Хамічэнка быў прызнаны вінаватым і, як іншыя, адпраўлены для адбыцьця пакараньня ў звычайную калёнію.

Віталь Мацукевіч

Позна ўвечары 13 жніўня дабраўся дадому з Наваполацкай калёніі Віталь Мацукевіч, зь якім таксама дагэтуль не ўдаецца зьвязацца. Маці былога вязьня Ганна Аляксееўна не знайшла магчымым дапамагчы журналістам узяць у яго інтэрвію:

"Мяркую, пакуль ня трэба браць. Дый тэлефона ў яго няма. А яму яшчэ нейкія дакумэнты трэба атрымліваць, яшчэ ж у яго нічога няма".

Карэспандэнт: "А як ён пачуваецца? Які ў яго настрой? Што распавядае?".

"У яго добры настрой, ён вельмі рады, што ўжо дома. Вось так".

Карэспандэнт: "Што ён распавядаў пра турму? Як там яму было?".

"Нічога. Усё нармальна. Мы не гаварылі пра гэта".

Карэспандэнт: "Ён сядзеў у Наваполацкай калёніі, дзе трымаюць Андрэя Саньнікава і Мікіту Ліхавіда. Можа, што пра іх распавядаў ці пра калёнію? Ці праўда, што там складаная сытуацыя?".

"Не, нічога не распавядаў".

Карэспандэнт: "Якія ў яго пляны?".

"Пляны ў яго — вучыцца далей, ён жа ня скончыў".

Наста Лойка

"Пакуль адных вызваляюць, іншых рыхтуюць да пасадкі", — кажа праваабаронца Наста Лойка зь "Вясны", якая распавяла пра менчука Сьвятаслава Барановіча. Справу Барановіча нядаўна перадалі са сьледчай управы ў Менгарсуд — там павінны вызначыць, у якім судзе яна будзе разьбірацца. Сьвятаслаў Барановіч таксама абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня. Пра ягоны ўдзел у падзеях на Плошчы праваабаронца ведае наступнае:

"Ён проста прыйшоў на акцыю, а там яго нехта папрасіў, каб ён патрымаў кагосьці на плячах — падчас тых падзей каля Дома ўраду. Вось ён і патрымаў".

Сьвятаславу Барановічу 25 гадоў, ён працаваў сантэхнікам, паходзіць са шматдзетнай сям'і. Справу супроць Барановіча завялі ў чэрвені, кажуць праваабаронцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG