Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар, зьбіты міліцыянтамі: "Ну, як я магу іх прабачыць?"


Пракурор Гарадзенскай вобласьці Віктар Марозаў публічна заявіў, што дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ, якія зьбілі лекара Ваўкавыскай цэнтральнай раённай лякарні Сяргея Кабылку, былі неправамерныя, супрацоўнікі ДАІ перавысілі свае паўнамоцтвы. Яны ўжо прасілі прабачэньня ў лекара, але той кажа, што справа на гэтым ня скончана.

Пракуратура Гарадзенскай вобласьці скончыла праверку канфлікту, падчас якога супрацоўнікі гарадзенскай дзяржаўтаінспэкцыі зьбілі лекара Ваўкавыскай цэнтральнай раённай лякарні.

У выніку пракурор вобласьці Віктар Марозаў у інтэрвію раённай ваўкавыскай газэце заявіў, што пракуратура палічыла дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ неправамернымі і што супрацоўнікі ДАІ перавысілі свае паўнамоцтвы.

Ён дадаў, што цяпер завяршаецца праверка, якую праводзіць служба ўласнай бясьпекі, і супрацоўнікаў міліцыі дысцыплінарна пакараюць.

Сам пацярпелы, Сяргей Кабылка, заявіў сёньня нашаму радыё, што пра вынікі праверкі дагэтуль нічога ня ведае:

"Я пакуль не атрымаў афіцыйнага адказу з пракуратуры, ніякіх афіцыйных папераў на руках ня маю. Магчыма, у іх ужо ёсьць гэтыя дадзеныя, але, ведаеце, пакуль пошта яшчэ даставіць…".

Сяргей Кабылка пацьвердзіў, што да яго прыходзілі міліцыянты і прасілі прабачэньня. Я ж запытаўся — ці прабачыў ён іх і ці ня будзе далей падаваць на іх у суд?

Кабылка: "Ну, як я магу іх прабачыць? Як чалавек я магу прабачыць, але як лекар, спэцыяліст, калі яны мяне пры ўсіх прынізілі, як я магу ўсё гэта прабачыць…".

У Ваўкавыску, са слоў маіх суразмоўцаў, гэты канфлікт вялікай агалоскі ня меў. Тыя ж, хто быў яго сьведкам альбо чуў пра яго з чужых вуснаў, казалі наступнае.

Спадар: "Не, ну гэта відавочна, як гэта так — прыйсьці ў шпіталь, падганяць лекара, здымаць на тэлефон… Адназначна, што міліцыянты ня мелі рацыі…".

Спадарыня: "Як можна ацэньваць такую сытуацыю, калі чалавека б’юць на яго працоўным месцы, закладваюць кайданкі… Мне шкада і гэтага чалавека, і таго, што такая сытуацыя здарылася ў Ваўкавыску…".

Спадар: "Гэта хоць маленькая, але перамога. Ясна, што міліцыянты павінны несьці большую адказнасьць ці наагул іх павінны выгнаць з працы, бо атрымліваецца, што гэта людзі неадэкватныя. Паглядзіце, дзе толькі нейкая зачэпка, дык адразу бяруцца сілу прымяняць. Дык што гэта?".

Інцыдэнт здарыўся 16 ліпеня ў Ваўкавыскім шпіталі. Супрацоўнікі ДАІ прывезьлі туды ўначы п'янага кіроўцу для агляду. Іх не задаволіла, як лекар праводзіў экспэртызу. Супрацоўнікі ДАІ пачалі відэазапіс, а потым надзелі на лекара кайданкі і зьбілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG