Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Някляеў — "Лепшы крэўскі паэт"


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў уганараваны прэміі "Лепшы крэўскі паэт" на рэгіянальным фэстывалі "Крэўскі кірмаш", прысьвечаным падпісаньню аднайменнай уніі ў 1385 годзе. Арганізатарамі фэстывалю, які прайшоў 13 жніўня, выступілі фонд "Крэўскі замак", Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт і Крэўскі сельсавет.

Як прызнаўся Някляеў, сярод яго шматлікіх узнагарод "ніколі не было званьня крэўскага паэта". Уладальніка літаратурнай прэміі вызначала глядацкае журы. Літаратар спаборнічаў з такімі паэтамі, як, напрыклад, Анатоль Івашчанка і Ўсевалад Сьцебурака. "Мы крыху згубілі людзей, бо звычайна на гэты фэстываль прыяжджалі госьці з Літвы, Польшчы. Сёньня іх няма, мне здаецца, зразумела, чаму яны не прыехалі", — адзначыў Някляеў. Паводле яго слоў, сёлетні фэст — "лепшы за мінулыя".

Сёмы фэстываль традыцыйна праходзіў у рамках валанцёрскага летніку. Як распавяла БелаПАН дырэктар фонду "Крэўскі замак" Вольга Кастрамінава, сёлета летнік дзейнічаў з 1 ліпеня, яго удзельнікі садзейнічаюць ахове гісторыка-культурных помнікаў Крэва, захаваньню прыродных тэрыторый у іх натуральным выглядзе. Высілкамі валянтэраў у мінулым былі прыведзены ў парадак яўрэйскія могілкі ля Крэва, а таксама пачалася праца па кансэрвацыі рэшткаў Крэўскага замка. Мэтай фэстывалю было прыцягненьне ўвагі да праблемы аховы гісторыка-культурнай спадчыны Крэва і Беларусі увогуле, папулярызацыя народных рамёстваў, традыцыйнай культуры.

"Крэўскі кірмаш" стаў фінальным пунктам летніку гэтага года. "У 2005-м быў фэстываль "Крэўскія камяні" — тое была першая спроба зрабіць фэст студэнцкімі высілкамі. Сёлета мы вырашылі зладзіць фэстываль разам з Крэўскім сельсаветам і Смаргонскім райвыканкамам. Нам аказалі падтрымку — далі дазвол на сам фэстываль, са Смаргоні прывезьлі гукаўзмацняльную апаратуру", — сказала Кастрамінава.

Сьвята наведалі прыкладна 300 чалавек, сярод якіх былі госьці з Менску, жыхары Крэва і навакольных мястэчак. Наведвальнікам было прапанавана паўдзельнічаць у некалькіх конкурсах, выбраць лепшых крэўскіх гаспадароў, кухара, гандляра, майстра, барда і іншых умельцаў. Ля сьцен замка былі усталяваны гандлёвыя пункты, дзе можна было набыць шашлык, піражкі, газіроўку, салодкую вату ды іншыя прысмакі, мясцовыя сувэніры, цацкі.
XS
SM
MD
LG