Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Яроменак: "Да мяне прыехалі і сказалі, што, маўляў, ёсьць магчымасьць вызваліцца"


Уладзімер Яроменак, які адбываў пакараньне ў калёніі Віцьба-3, позна ўвечары 13 жніўня дабраўся да родных Мёраў. Да арышту за падзеі 19 сьнежня ён быў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Піша вершы. Пра саве першыя ўражаньні ад свабоды Уладзімер Яроменак выказаўся так:

"Нязвыклае ўсё. Адвык ад людзей, ад усялякага руху – што людзі некуды ідуць, машыны едуць. Нязвыкла..."

Карэспандэнтка: "Ну, а наагул, якія вашы ўражаньні ад калёніі?

"Віцьба – гэта ўзорна-паказальная калёнія быццам бы. І я за тры тыдні, праведзеныя там, нічога страшнага не заўважыў. Канечне, калі адміністрацыя захоча табе неяк нашкодзіць, яна гэта зробіць. Але ня так адкрыта. Яна ня будзе цябе ў адкрытую прэсаваць ці яшчэ што. То бок там робіцца ўсё на такіх дробных "падлянках".

Карэспандэнтка: "А ці была магчымасьць кантактаваць зь іншымі палітвязьнямі?"

"Так, з Аляксандрам Атрошчанкавым я некалькі разоў бачыўся, і маглі па некалькі хвілін нават паразмаўляць. Бачыўся падчас этапу з Андрэем Саньнікавым. Спадара Андрэя везьлі ў Наваполацк, а мяне ў Віцебск, гэта было 26 ліпеня".

Карэспандэнтка: "А сам працэс вызваленьня – ціснулі на вас, прэсавалі?

"Ну, больш-менш карэктна. Да мяне прыехалі і проста сказалі, што, маўляў, ёсьць магчымасьць вызваліцца, напішыце прашэньне аб памілаваньні. Канечне, узгадалі і бацькоў – што ім цяжка. Карацей, ціснулі маральна".

Карэспандэнтка: "Уладзімер, а ці зьбіраецеся аднаўляцца на вучобу?"

"Пакуль ня ведаю, ці ёсьць сэнс. Таму што рана ці позна, калі будзе трэба, усё адно выганяць. Пакуль яшчэ ня вызначыўся".

-----------------

Роўна за 2 месяцы да вызваленьня, у СІЗА на Валадарцы, Уладзімер Яроменак напісаў верш:
Зноў на небе чорныя хмары,
Лупіць дождж па асфальту дарог…
Успаміны аб тым, што заставіў,
Не даюць мне заснуць па начох.

Чым я жыў, чым я дыхаў дагэтуль
Мне прыйшлося заставіць, цяпер жа
Не даводзіцца сонца пабачыць
Сярод жоўтых, пракураных сьценаў.
Боль у сэрцы маім – не хвароба,

Гэта крыўда і роспач баліць
Дзесьці там у грудзіне глыбока…
Нават часам ня хочацца жыць…
Не, ня жыць – існаваць не хачу я,
Бо жыцьцё адабралі ў мяне:

За сьпіной “бранзалеты” замкнулі,
І спынілася сэрца… Але
Зноў разыдуцца хмары ў небе,
Зьнікне вільгаць з асфальту дарог,

Па-ранейшаму сэрца заб’ецца,
Зьнікне, быццам бы сон, той астрог,
І змагу, як раней, я пабачыць,
Каляровыя сны па начох…

Прыйдзе дзень, калі сонечным ранкам
Да мяне павярнецца Жыцьцё…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG