Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць былога вязьня Глыбоцкай турмы пачата адміністрацыйная справа

  • БелаПАН

Супраць жыхара Смаргоні Юрыя Лінга, які распавёў аб жорсткім абыходжаньні са зьняволенымі ў Глыбоцкай папраўчай калёніі № 13, распачата адміністрацыйная справа.

Як паведаміў дырэктар "Плятформы" Андрэй Бандарэнка, адразу па вяртаньні ў Смаргонь зь Менску ў Юрыя Лінга пачаліся праблемы зь міліцыяй - яму неаднаразова пагражалі "аж да арышту", папярэджваючы, што аб правах зьняволеных ён будзе распавядаць у калёніі.

12 жніўня Лінга выклікалі ў Смаргонскі РАУС для тлумачэньняў з нагоды ўдзелу ў прэс-канфэрэнцыі ў Менску. Падчас сустрэчы на яго завялі адміністрацыйную справу. Паводле Бандарэнкі, Лінга абвінавачваюць у парушэньні "правілаў прэвэнтыўнага нагляду", пад якім ён знаходзіцца ад моманту выхаду з Глыбоцкай калёніі. Згодна з правіламі, выяжджаць за межы Смаргоні Лінг мае права толькі з дазволу міліцыі.

Як растлумачыў Бандарэнка, перад прэс-канфэрэнцыяй у Менску, якая была праанансаваная ў СМІ, прадстаўнікі "Плятформы" спрабавалі атрымаць такі дазвол для Юрыя. "Я асабіста зьвязваўся з кіраўніцтвам РАУС, але яны цягнулі з адказам, сьцьвярджалі, што не атрымлівалі факс, хаця пазьней прызналіся, што ён усё ж быў атрыманы. Мабыць, нейкім чынам яны вылічылі, што Юрый можа ўдзельнічаць у заяўленай прэс-канфэрэнцыі, і стараліся гэтага не дапусьціць ", - адзначыў Бандарэнка. У выніку Лінг паехаў у Менск без дазволу, каб не зрываць прэс-канфэрэнцыю.

Дырэктар "Плятформы" таксама паведаміў, што адміністрацыйная справа Лінга ўжо накіравана ў суд. Аднак, па якім менавіта артыкуле яго абвінавачваюць, і дата разгляду справы пакуль невядомыя.

"Мы меркавалі, што супрацоўнікі праваахоўных органаў будуць запалохваць сьведак катаваньняў замест таго, каб разьбірацца з тым жахам, які робіцца ў глыбоцкай калёніі, Юрый зьдзейсьніў мужны ўчынак і цяпер яму патрэбна наша падтрымка", - заявіў праваабаронца.

У МУС факт галадоўкі зьняволеных у глыбоцкай калёніі абверглі, як і інфармацыю пра зьбіцьцё зьняволеных.

У Генпракуратуры, у сваю чаргу, заявілі пра намер вывучыць сытуацыю.

1-га жніўня ў Менску падчас прэс-канфэрэнцыі, арганізаванай інфармацыйна-асьветніцкай установай "Плятформа", Юрый Лінга распавёў, што са зьбіцьцём сутыкнуўся практычна адразу пасьля прыезду ў калёнію ў жніўні 2010 года. Яго самога зьбілі без нагоды і працяглы час не давалі лекаў, нягледзячы на тое, што яны яму жыцьцёва неабходныя пасьля апэрацыі па выдаленьні шчытападобнай залозы.

Паводле Лінга, у чэрвені гэтага года зьняволеныя запатрабавалі сустрэчы з генпракурорам Беларусі ў сувязі з дрэннымі ўмовамі ўтрыманьня ў калёніі. Паколькі сустрэча не адбылася, некаторыя яе ініцыятары абвясьцілі галадоўку, пасьля чаго былі жорстка зьбітыя. Адзін зь іх пасьля гэтага ўскрыў сабе жывот, другі - ледзь не памёр ад страты крыві.

Маці зьняволеных інфармацыю пра зьбіцьцё ў калёніі пацьвердзілі.
XS
SM
MD
LG