Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаватыя супрацоўнікі ДАІ, якія апранулі кайданкі лекару


Гарадзенская пракуратура правяла праверку канфлікту, падчас якога супрацоўнікі гарадзенскай дзяржаўтаінспэкцыі зьбілі лекара Ваўкавыскай цэнтральнай раённай лякарні.

Пракуратура палічыла дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ неправамернымі. Прымяненьне відэаздымак не было прадугледжана заканадаўствам і зьяўлялася асабістай ініцыятывай супрацоўнікаў ДАІ. Пра гэта газэце "Наш час" паведаміў пракурор Гарадзенскай вобласьці Віктар Марозаў.

"Што да прымяненьня кайданкоў, то відавочна, што супрацоўнікі ДАІ перавысілі свае паўнамоцтвы, пра што паведамлена кіраўніцтву ўпраўленьня ўнутраных спраў. Цяпер завяршаецца праверка, якую праводзіць служба ўласнай бясьпекі ўпраўленьня ўнутраных спраў, супрацоўнікі міліцыі будуць дысцыплінарна пакараныя. На мінулым тыдні супрацоўнікі ДАІ прыяжджалі ў лякарню і прынесьлі свае прабачэньні лекару. Ён прыняў выбачэньні, зараз канфлікт цалкам вычарпаны", - сказаў Віктар Марозаў.

Загадчык прыёмнага аддзяленьня цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Кабылка сказаў, што прыняў прабачэньні. Таксама ён папрасіў, каб супрацоўнікі міліцыі аспрэчылі няслушную інфармацыю, разьмешчаную на некаторых сайтах, на падставе якой у некага "маглі паўстаць падазрэньні, нібыта я спрабаваў сфальсыфікаваць вынікі аналізаў".

16 ліпеня інспэктары ДАІ ў Ваўкавыску зьбілі ў шпіталі дзяжурнага лекара. Інцыдэнт адбыўся ў Ваўкавыскім шпіталі куды супрацоўнікі ДАІ прывезьлі ўначы п'янага кіроўцу для агляду. Іх не задаволіла, як лекар праводзіў экспэртызу. Супрацоўнікі ДАІ пачалі відэазапіс, а потым надзелі на лекара кайданкі і зьбілі.

"Я магу з поўнай адказнасьцю заявіць, што ва ўжываньні кайданкоў не было неабходнасьці. Дасьведчаны лекар, не парушаючы працэдуры, выконваў свае абавязкі", - адзначыў Віктар Марозаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG