Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці садзейнічаюць эканамічныя санкцыі вызваленьню палітвязьняў?


Вызваленьне дзевяці палітзьняволеных супала зь увядзеньнем ЗША новых эканамічных санкцый. Ці зьвязана адно з другім? Чаму адбылося памілаваньне? Чаму вызваляюць толькі дзевяць чалавек?

Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты "Наша ніва" Андрэй Дынько і намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла.

Андрэй Дынько
Гары Паганяйла
Валер Карбалевіч


Чаму вызваляюць палітзьняволеных?


Валер Карбалевіч: "Аляксандар Лукашэнка ўжо некалькі разоў заяўляў, што гатовы вызваліць, як ён казаў, "так званых палітвязьняў". Нават зьбіраўся іх адправіць у Эўропу. Аднак да справы неяк не даходзіла. Ўлады чагосьці чакалі. Чаго яны чакалі? І ці дачакаліся, нарэшце? Чаму менавіта цяпер вызваляюцца дзевяць палітзьняволеных па справе 19 сьнежня?".

Андрэй Дынько: "Калісьці ж павінны вызваліць. Наяўнасьць палітвязьняў падрывае становішча рэжыму. З дапамогай палітвязьняў улады імкнуцца падвысіць узровень страху ў грамадзтве. Але летнія пратэсты паказалі, што страх хутка забываецца. З палітвязьнямі немагчымая ніякая нармалізацыя адносінаў з Захадам. А гэта — зарука эканамічнага разьвіцьця".

Гары Паганяйла: "Я спынюся на прававых аспэктах цяперашняга вызваленьня. У беларускім заканадаўстве існуе інстытут памілаваньня. Прэзыдэнт можа памілаваць асуджаных сваім указам. Для гэтага патрэбны асабісты зварот асуджанага аб памілаваньні з прызнаньнем віны і раскаяньнем у зьдзейсьненым. Дадатковы чыньнік — кампэнсацыя шкоды і адсутнасьць парушэньняў у месцах адбыцьця пакараньня.

У адміністрацыі прэзыдэнта дзейнічае аддзел па грамадзянстве і памілаваньні. Існуе камісія па памілаваньні. У яе ўваходзяць прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта, Нацыянальнага сходу, грамадзкія дзеячы, генэральны пракурор, старшыня Вярхоўнага суду, міністар юстыцыі, міністар унутраных спраў.

Вызваленьне палітвязьняў зьвязана зь вялікім ціскам беларускай і міжнароднай грамадзкасьці на рэжым. Захад цьвёрда заявіў, што без вызваленьня палітвязьняў ніякай сур’ёзнай размовы зь беларускім кіраўніцтвам ня будзе. І гэтым памілаваньнем Лукашэнка дае сыгнал, што ён гатовы да дыялёгу з Захадам".

Чаму вызваляюць толькі дзевяць чалавек?


Карбалевіч: "Паводле якога прынцыпу вызваляюць менавіта гэтых дзевяць чалавек, а астатнія надалей сядзяць? Ці толькі лісты аб памілаваньні? Бо некаторыя ж раскайваліся і падчас суду, аднак іх асудзілі, ня вызвалілі".

Дынько: "Была інфармацыя, што палітвязьням настойліва прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Адны адмовіліся, а некаторыя, відаць, пагадзіліся. Гэтая практыка мела месца яшчэ падчас сьледзтва. І тых, хто пісаў такія лісты (нават кандыдатаў у прэзыдэнты), адпускалі.

Гэта азначае, што лукашэнкаўцам важна змусіць палітычных апанэнтаў да сымбалічнага прыніжэньня. Яны лічаць, што гэта дэмаралізуе вызваленчы рух, пазбаўляе людзей, якія напісалі такія лісты, унутранага стрыжня.

Але хачу нагадаць, што раней палітвязьняў вызвалялі і без прашэньняў аб памілаваньні. Можна згадаць прыклады з Казуліным, Дашкевічам. Лукашэнкаўцы хочуць атрымаць дывідэнды ня толькі ад зьняволеньня апанэнтаў, але і ад іх вызваленьня".

Паганяйла: "Сапраўды, сама справа 19 сьнежня — палітычная. Рэжым змагаецца з палітычнымі апанэнтамі з дапамогай крымінальнай юстыцыі. Гэта злачынства. І тыя сьледчыя, пракуроры, судзьдзі, якія ў гэтым дапамагалі, зьдзяйсьнялі злачынства супраць правасудзьдзя.

Тое, што цяпер Лукашэнка вымушаны вызваляць палітвязьняў, юрыдычна афармляючы гэта пад памілаваньне, сьведчыць пра тое, што ён загнаны ў кут. Ён імкнецца захаваць твар і пры гэтым пачаць перамовы з Захадам".

Сувязь паміж санкцыямі і вызваленьнем палітвязьняў


Карбалевіч: "Вызваленьне дзевяці палітзьняволеных супала з увядзеньнем ЗША новых эканамічных санкцыяў адносна чатырох буйных прадпрыемстваў Беларусі: "Белшына", "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно" і "Нафтан". Грамадзянам ЗША забараняюцца любыя камэрцыйныя зьдзелкі з гэтымі прадпрыемствамі, а любыя актывы гэтых прадпрыемстваў у ЗША, калі яны існуюць, замарожваюцца.

Ці ёсьць сувязь паміж гэтымі дзьвюма падзеямі? Або гэта выпадковае супадзеньне? Як уплываюць эканамічныя санкцыі на лёс палітвязьняў? Ці ніяк не ўплываюць?".

Дынько: "Пытаньне пра апраўданасьць і эфэктыўнасьць санкцый — адно з самых спрэчных у тэорыі і практыцы. Для краінаў вольнага сьвету гэта пытаньне каштоўнасьці, рэпутацыі.

Але эфэктыўнасьць эканамічных санкцый спрэчная. Вось некаторыя радыкальныя галасы ў Беларусі ганяць Захад за тое, што ён ня ўводзіць санкцыі супраць беларускай нафтаперапрацоўкі. Але ў выпадку санкцый бэнзін ці салярка пацякуць у Эўропу як расейскія. І гэта яшчэ мацней прывяжа Беларусь да Расеі. Зь іншага боку, чым бяднейшы будзе народ беларускі, тым больш ён будзе ў нявольніцкім стане, тым больш ён будзе залежаць ад уладаў.

Палітыка Захаду па асуджэньні палітычных рэпрэсій мае эфэкт. Захад цяпер цьвёрда заявіў, што пытаньне палітвязьняў ня будзе прадметам торгу. У выніку ў краіну не прыйшлі значныя грошы, нягледзячы на пэўную эканамічную лібэралізацыю і стабільнасьць.

Гэты год, крызіс, паказаў, што Беларусі патрэбнае другое крыло. У сытуацыі крызісу высьветлілася, што краіну няма каму падтрымаць. У крытычны момант нідзе не знайшлі грошай. Ня будзем казаць пра дапамогу Грэцыі, бо гэта частка ЭЗ. Але калі б Беларусь была дэмакратычнай краінай, ёй бы не далі ўпасьці так, як цяпер упала Беларусь".

Паганяйла: "Цяжка знайсьці наўпроставую сувязь паміж санкцыямі і вызваленьнем палітвязьняў. Але санкцыі — інструмэнт ціску. У зьвязку з унутранай сацыяльнай і грамадзкай напружанасьцю гэта можа даць эфэкт".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG