Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка — самы асьцярожны ў АДКБ"


12 жніўня ў Астане адбыўся нефармальны саміт кіраўнікоў краін, што ўваходзяць у АДКБ — Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. На брыфінгу пасьля паседжаньня ў Астане Аляксандар Лукашэнка публічна прызнаў, што ў АДКБ "ёсьць шэраг недахопаў, у тым ліку і ўнутранага парадку".

Сёньня на саміце былі прадстаўленыя Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан. Адсутнічаў прэзыдэнт Узбэкістану Карымаў.

Адкрыў паседжаньне Аляксандар Лукашэнка, бо Беларусь цяпер старшынюе ў АДКБ. Ён прапанаваў зьвярнуць найбольшую ўвагу на глябальныя рэгіянальныя пагрозы:

"У шэрагу краін гэтага рэгіёну разгортваюцца разбуральныя працэсы, якія патрабуюць пільнай увагі, а магчыма, і адпаведнага рэагаваньня ў інтарэсах гарантаваньня бясьпекі і стабільнасьці нашых дзяржаў".

Вячаслаў Пазьняк

Якраз стабільнасьці і не хапае некаторым краінам АДКБ, што асабліва выразна было відаць падчас нядаўніх падзеяў у Кіргізстане, адзначае дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, спэцыяліст у галіне міжнароднай бясьпекі Вячаслаў Пазьняк. Нездарма ў АДКБ стварылі калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня. Але яны, на думку навукоўца, сталі і самай балючай праблемай АДКБ. Такая вайсковая групоўка як бы ёсьць, але дагэтуль лідэры краін-удзельніц так канчаткова і не ўзгаднілі мэханізм яе дзеяньня.

Асьцярожнасьць і нават падазронасьць прэзыдэнтаў, тлумачыць спадар Пазьняк, рэзка ўзрасла пасьля зьвяржэньня ў Кіргізстане прэзыдэнта Бакіева. Калі ўявіць, што падобная сытуацыя ўзьнікне ў любой іншай краіне АДКБ, дык туды могуць дэсантаваць войскі апэратыўнага рэагаваньня. І адразу ўзьнікае пытаньне: хто будзе камандаваць гэтымі сіламі і на чый бок у канфлікце стане такі камандзір? І самы асьцярожны з кіраўнікоў краін — якраз Аляксандар Лукашэнка, адзначае Вячаслаў Пазьняк:

"Тэхнічныя, здавалася б, моманты насамрэч абарочваюцца сур'ёзнымі палітыка-прававымі перасьцярогамі беларускага боку. То бок можна сказаць, што тут уся справа ў праве кантролю за "спускавым мэханізмам" выкарыстаньня калектыўных сіл. І гэта найбольш непакоіць беларускі бок. Зразумела, што тут вось такім спэцыфічным чынам праяўляецца трывога за захаваньне сваёй улады. І таму перадача, ды нават разьдзяленьне, кантролю за калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня можа азначаць страту некаторых уласных інструмэнтаў, з пункту гледжаньня беларускага кіраўніцтва".

На брыфінгу пасьля паседжаньня ў Астане Аляксандар Лукашэнка публічна прызнаў, што ў АДКБ "ёсьць шэраг недахопаў, у тым ліку і ўнутранага парадку". Пры гэтым агаварыўся, што мае на ўвазе ня толькі праблемы, якія існуюць у краін АДКБ, але і паміж самімі краінамі, якія ў арганізацыю ўваходзяць".

Пасьля афіцыйнай часткі праграмы ўдзельнікі саміту на запрашэньне Нурсултана Назарбаева перабіраюцца на курорт Баравое.

Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG