Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5000 хвілінаў Плошчы


Аляксандар Лукашук

Калі папярэднюю публікацыю “Залатога запасу” Свабоды склаў адзін рэпартаж з Курапатаў, які рабіўся штодня цягам васьмі месяцаў, дык гэты рэпартаж увесну 2006-га вёўся нон-стоп тры дні і чатыры ночы з цэнтру Менску.

Тады нарадзіўся новы тэрмін палітычнага лексыкону сучаснай Беларусі – Плошча.

Так сталі называць намётавы лягер, які вырас на знак пратэсту супраць таго, што называлі прэзыдэнцкімі выбарамі.

Так сталі называць яго насельнікаў і людзей, якія дапамагалі ім.

Так сталі называць безразважнасьць і адвагу, адчай і надзею, выклік і адказ на пытаньне не палітычнай мэтазгоднасьці і выніковасьці, а асабістага выбару, які быў таксама і выбарам для Беларусі.

Адкрыйце кнігу, зайдзіце на Плошчу, і гэтае сьвята назаўсёды застанецца з вамі.

Аляксандар Лукашук

Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода



Турма 2006


26 сакавіка 2006, 17:50
ТЫХ, КАМУ НЕ ХАПІЛА МЕСЦА Ў МЕНСКІХ ТУРМАХ, ЗАВЕЗЬЛІ Ў ЖОДЗІНА

Міхал Стэльмак, Жодзіна

Каля будынку Жодзінскай гарадзкой міліцыі сёньня можна было бачыць бацькоў, сваякоў і сяброў затрыманых. Жодзінскі актывіст Зьміцер Чарткоў:

— У Жодзіна былі этапаваныя 176 асобаў, зь якіх шмат дзяўчат. Камусьці рабілася дрэнна. Бацькі спрабавалі перадаць лекі й дамагчыся выкліку цывільных мэдыкаў. Нікога не дапускаюць, бо ўсё ў іх, маўляў, добра, мэдыкамэнтаў хапае, маюць пастаянны догляд. Адзінае, што дазволілі, дык гэта перадаваць цёплую бялізну, каб пераапрануцца, сродкі гігіены — і ўсё.

26 сакавіка 2006, 18:07
КАМЭРЫ ПЕРАПОЎНЕНЫЯ, У ПАНЯДЗЕЛАК — СУДЫ

Любоў Лунёва, Менск

Некалькі соцень арыштаваных і затрыманых апазыцыянэраў знаходзяцца ў Менскім спэцпрымальніку, а таксама ў ізалятарах Менскага раёну й вобласьці. Камэры перанаселеныя. У Жодзінскім сьледчым ізалятары знаходзяцца больш за дзьве сотні затрыманых у Менску апазыцыянэраў. Ва ўпраўленьні ўнутраных справаў Менскага раёну трымаюць 59 дзяўчат. Усіх будуць судзіць 27 сакавіка. Сваякам затрыманых больш за двое сутак ня кажуць, дзе адбудуцца суды. У Менскім спэцпрымальніку знаходзяцца некалькі соцень чалавек, якіх затрымалі цягам тыдня каля Кастрычніцкай плошчы й падчас захопу намётавага лягеру.

Дзень Волі 2006


13:08
АМАП ЗЬБІВАЕ ДЭМАНСТРАНТАЎ НАГАМІ

Валер Каліноўскі, Менск

Удзельнікі акцыі паспрабавалі прарваць ачапленьні міліцыі. Супрацоўнікі АМАПу павалілі іх на зямлю й пачалі зьбіваць нагамі. Сярод пацярпелых ёсьць жанчыны. Некалькі тысяч удзельнікаў акцыі стаяць на ходніках абапал праспэкту Незалежнасьці.

13:37
РУХ ДЭМАНСТРАНТАЎ ПЕРАКРЫТЫ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Дэманстрантаў блякаваў спэцназ. Калёны не дайшлі да Кастрычніцкай плошчы, іх блякавалі на тратуары спэцназаўцы.

13:58
ДЭМАНСТРАНТАЎ БЛЯКАВАЛІ КАЛЯ ЎНІВЭРСАМУ
«ЦЭНТРАЛЬНЫ»

Валер Каліноўскі, Менск

Агульная колькасьць дэманстрантаў — больш за 5 тысяч. Калёны выцягнуліся да Галоўпаштамту. Людзі стаяць на ходніках. Яны выкрыкваюць «Жыве Беларусь!», «Свабоды не спыніць!» і сьпяваюць «Магутны Божа». Толькі што з боку адміністрацыі прэзыдэнта выбегла некалькі соцень спэцназаўцаў у баявой экіпіроўцы й з дручкамі. Яны атачылі калёны дадатковым ланцугом.

14:49
А.МІЛІНКЕВІЧ: СТРАХ УЛАДЫ ДАСЯГНУЎ АПАГЕЮ

Любоў Лунёва, Менск


Мілінкевіч прыйшоў у сквэр Янкі Купалы. Ён зьвярнуўся да прысутных: «Тое, што ўлады пайшлі на сілавыя дзеяньні ў гэты дзень, сьведчыць пра іхны страх. Ён дасягнуў свайго апагею». Мілінкевіч адзначыў, што менскія турмы перанаселеныя: «Я шукаў свайго сына, і толькі сёньня даведаўся, што ён у Жодзіне». Спадар Мілінкевіч заклікаў іншыя калёны далучыцца да мітынгу ў Купалаўскім сквэры. Але байцы АМАПу й СОБРу перашкаджаюць калёнам злучыцца. У цэнтры гораду знаходзіцца блізу 20 тысяч чалавек.

15:31
КАЗУЛІН: МЕСЦА АПОШНЯГА ДЫКТАТАРА ЭЎРОПЫ — У ГААЗЕ

Валер Каліноўскі, Менск


Аляксандар Казулін заклікаў удзельнікаў па сканчэньні мітынгу ісьці на Акрэсьціна й дамагацца вызваленьня палітвязьняў. Ён дадаў, што месца апошняга дыктатара Эўропы — у Гаазе. Прысутныя скандавалі: «Чамадан — вакзал — Гаага!»

16:46
ТРЫ ТЫСЯЧЫ ЧАЛАВЕК ІДУЦЬ ВЫЗВАЛЯЦЬ
ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ

Любоў Лунёва, Менск

На дадзены момант калёна крочыць па вуліцы Багдановіча. Удзельнікі скандуюць «Свабоду!» і «Жыве Беларусь».

17:10
АМАП ШТУРМУЕ КАЛЁНУ

Паведамляе Любоў Лунёва:

Шэрагі міліцыянтаў у касках і са шчытамі расьсякаюць калёну. Яны зьбіваюць дэманстрантаў. Толькі што байцы пад камандаваньнем палкоўніка Паўлічэнкі пайшлі ў атаку. Яны пачалі зьбіваць людзей. Яны б’юць іх дубінкамі, накідваюцца шасьцёра чалавек на аднаго, зьбіваюць дзяцей. Пачалі нешта ўзрываць. Толькі што ў мяне на вачах разьбілі чалавеку галаву. Яны апранутыя ў чорнае, у іх адгазьнікі. Яны пачалі выстрэльваць — я ня ведаю, што гэта —велізарны выбух, дым, зьбіваюць усіх, хто трапляе пад руку. (Гук выбуху.) Вы чуеце? Гэта нейкія гранаты. Спачатку яны страляюць, потым нешта сьвеціцца — дым, страляніна. Шмат зьбітых. Вы чуеце гэта? Кроў... Тут яшчэ ёсьць хімічная рота, яны ў чорным, у іх адгазьнікі, нейкія балёны з газам — я ня ведаю, што гэта за газ, але вельмі пячэ вочы.

17:48
ЗАТРЫМАНЫ КАЗУЛІН. ПАРАНЕНЫХ ВЫНОСЯЦЬ НА НАСІЛКАХ

Любоў Лунёва, Менск

На месцы разгону калёны пачаўся масавы хапун. Сьведкі бачаць трох параненых, двух выносілі на насілках.

СПАДАРЫНЯ, Віцебск: Людзі! Я вас Богам прашу: расплюшчыце свае вочы, упусьцеце ў свае сэрцы праўду, а ня тую хлусьню, якую вам прапануе беларускае тэлебачаньне. Навучэцеся чытаць паміж радкоў нават у той хлусьні, якую нам падсоўвае цяперашняя ўлада.(Плача.) Сілавікі, міліцыянты, судзьдзі, што ж вы робіце са сваім родным народам, з тымі, хто знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы? Гэта ж вашы дзеці, браты й сёстры, бацькі. А як жа ваша душа, сумленьне? Як жа будзеце вы й вашы дзеці людзям глядзець у вочы?

Дзень пяты, 23 сакавіка 2006


Разгон


20:00
Завяршыўся мітынг з удзелам палітыкаў, ён доўжыўся з паўгадзіны. Выступіў А.Мілінкевіч, які заклікаў усіх прыйсьці сюды 25 сакавіка, прывесьці сваіх сяброў і знаёмых. Мілінкевіч заявіў, што гэта будзе не палітычная акцыя, а сьвята: людзі будуць сьпяваць, прыйдзе шмат
музыкаў. «Мы не баімся гэтых уладаў, — сказаў Мілінкевіч, — яны нам сьмешныя».

21:00
Толькі што з плошчы ад’ехала машына «хуткай дапамогі». Яна прыбыла ў намётавы лягер, каб абсьледаваць аднаго з удзельнікаў акцыі пратэсту, Міколу Ільіна, — ён пацярпеў ад АМАПу. Мікола разам зь сябрамі прывез на плошчу біятуалет: усе навакольныя прыбіральні тут пазачыняныя. Як толькі хлопцы выйшлі з таксоўкі з гэтым біятуалетам, на іх напалі супрацоўнікі АМАПу. Найбольш пацярпеў Мікола: зьбіты міліцыянтамі, на паўхвіліны ён страціў прытомнасьць. Сябры занесьлі Міколу ў лягер і выклікалі «хуткую». Лекары, якія аглядалі хлопца, не маглі нармальна працаваць, бо над лягерам няма ніякага асьвятленьня. Лекары паведамілі, што ў хлопца чэрапна-мазгавая траўма, але ён адмовіўся ад шпіталізацыі.

01:00
Прыхільнік Лукашэнкі распачаў бойку. Спачатку ён брыдка лаяўся, паказваў непрыстойныя знакі, выступаў за Лукашэнку, а пазьней пачаў біць аднаго з удзельнікаў акцыі. Міліцыя ня ўмешвалася, аж пакуль мітынгоўцы самі
не адвялі й не перадалі хулігана міліцыянтам. На ноч на плошчы засталося каля 500 чалавек.

03:07
РЫХТУЕЦЦА ШТУРМ ЛЯГЕРУ
Паведамляе Валер Каліноўскі

На Кастрычніцкую плошчу падагналі шэсьць грузавікоў МАЗ і аўтобусы, поўныя спэцназаўцаў у бронекамізэльках, у шлемах і з дручкамі.
Журналістаў не пускаюць бліжэй, чым на 50 мэтраў. Людзі ўзяліся за рукі й маўчаць. Ім усім праз мэгафон загадалі сесьці на зямлю. Грукат грузавікоў заглушае ўсё. Міліцыянты нешта аб’яўляюць у мэгафон, але нічога не чуваць тут, дзе стаяць журналісты.Дзьверы грузавікоў адчыняюцца, зь іх выскокваюць спэцназаўцы.

03:10
ПАЧАЛІСЯ ШТУРМ І ЗАТРЫМАНЬНІ
Паведамляе Ягор Маёрчык

Спэцназаўцы гвалтам вядуць людзей у браняваныя МАЗы. З двух бакоў стаяць па чатыры машыны. Людзі крычаць. Іх запіхваюць у аўтазакі. Усіх дэманстрантаў вельмі хутка загружаюць у гэтыя машыны. Людзі супраціўляюцца. Яны ўзяліся за рукі. Трымаюць адзін аднаго. Але іх вырываюць па адным. У першую чаргу вырываюць людзей з краю.

03:32
ПАЎСЮЛЬ РАСКІДАНЫЯ АСАБІСТЫЯ РЭЧЫ, ХАРЧЫ, БАЛЁНІКІ, ЛЕКІ, СЬЦЯГІ

Паведамляе Валер Каліноўскі

На момант штурму ў лягеры знаходзілася 460 чалавек, пераважна моладзь, большая частка — мужчыны. Сярод лідэраў апазыцыі была Валянціна Палевікова. Цяпер намёты разьбіраюць. Усе рэчы складаюць у пада-
гнаны грузавік.

03:45
«НАС ПАКУЛЬ НЕ РАССТРАЛЯЛІ. МЫ НЕ ПАНІКУЕМ»
Адна з затрыманых на Плошчы — журналістка «На-
шай Нівы» Тацяна Сьнітко.


— Мы не супраціўляліся падчас штурму намётавага лягеру. Спачатку мы селі на зямлю й скандавалі «Міліцыя —з народам», а потым замаўчалі. Мы моўчкі проста трымалі адзін аднаго за рукі. Нам не было страшна, бо мы
гэтага чакалі. Некаторых хлопцаў зьбілі. У іх на тварах кроў. Дзяўчат у нашым аўтазаку не зьбівалі. Нас пакуль не расстралялі. Мы не панікуем.

СПАДАРЫНЯ: Вельмі дрэнна пачаўся сёньняшні дзень. Мне шкада тых людзей, якія пакутуюць за ўсіх нас і за тых,хто сэрцам і душою зь імі, за тых, хто іх не зразумеў.Няхай дапаможа ім Бог! Наш абавязак падтрымаць іх. Прачніцеся, людзі! Задумайцеся над будучыняй вашых
дзяцей і ўнукаў! Будзем разам! Жыве Беларусь!



Дзень чацьвёрты, 22 сакавіка 2006


Плошча Кастуся Каліноўскага


18:30
На плошчы трымаецца вялікая расьцяжка — «Плошча Кастуся Каліноўскага». Удзельнікі мітынгу падтрымалі прапанову пісьменьніка Ўладзімера Арлова пераймена ваць плошчу.

19:00
Людзі ідуць і ідуць. Цяпер ёсьць дакладна 3—4 тысячы. Актыўна сыгналяць машыны, якія вітаюць мітынгоўцаў, хаця за гэта іх штрафуюць даішнікі.
Паболела намётаў, іх ужо каля 40.

20:00
На плошчы выступіў А.Мілінкевіч. Ён паведаміў, што заходнія краіны складаюць сьпіс беларускіх чыноўнікаў на сотні й тысячы чалавек, якія перасьледавалі, судзілі й звальнялі людзей. Ім будзе забаронены ўезд у заходнія краіны. «Хай яны сядзяць у сваёй турме», — сказаў Мілінкевіч. Паводле яго, днямі ў Варшаве адбудзецца нарада рэктараў польскіх унівэрсытэтаў — пацярпелым і звольненым студэнтам будзе прапанавана працягваць бясплатна навучаньне ў польскіх унівэрсытэтах.

23:00
Цяпер тут знаходзіцца 1,5—2 тысячы чалавек. Яны ўдзельнічаюць у «танцах на лёдзе» на катку й каля катка пад гукі «Крамбамбулі». Нядаўна бабуля прынесла дзьве коўдры. Пры гэтым людзі выяўляюць вынаходлівасьць, бо за пранос рэчаў на плошчу можна патрапіць «на суткі».

01:00
Удзельнікі акцыі пратэсту адагналі правакатара, які прыйшоў з трыма бутэлькамі шампанскага й прапаноўваў Яго мітынгоўцам.

02:00
За апошнюю гадзіну да ўдзельнікаў акцыі пратэсту тры разы падыходзілі нецьвярозыя маладыя людзі, якія правакавалі мітынгоўцаў: спрачаліся, прапаноўвалі выпіць сьпіртнога. Міліцыянты й байцы спэцназу, якія ўвесь час знаходзяцца непадалёк намётавага лягеру, на гэтыя дзеяньні ніяк не рэагавалі, а ў адным выпадку прыязна размаўлялі зь нецьвярозымі маладымі людзьмі.

3:30
Сёньняшняя ноч на плошчы поўная правакацыяў. Да намётавага лягеру пастаянна падыходзяць п’яныя, зьяўляюцца асобы, якія паводзяць сябе дзіўна і ўвесь час чапляюцца да ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Час ад часу таксама пад’яжджаюць здымачныя групы беларускіх тэлеканалаў.

5:00
Акцыя працягваецца, некалькі соцень удзельнікаў ня сьпяць, рухаюцца, размахваюць бел-чырвона-белымі сьцягамі, а таксама сьцягамі Эўразьвязу, Расеі і Ўкраіны. У намётавым лягеры зьявіліся плякаты з
надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі». Міліцыя не прапускае людзей на плошчу: тая заблякаваная міліцэйскімі патрулямі, прапускаюць толькі журналістаў.

СПАДАР: Я вельмі ганаруся тымі людзьмі, якія знаходзяцца
на плошчы — у іх вельмі моцны дух праўды, свабоды,
справядлівасьці. Я зьвяртаюся да сьвятароў усіх
канфэсіяў: трэба быць на плошчы, каб дух веры й
справядлівасьці быў мацнейшы й нязломны. Цела можна
зьнішчыць, а дух — ніколі. Уладзіслаў Завальнюк, вас
вельмі не хапае на плошчы!

СПАДАР: Я чалавек сельскі, але мне ўдалося пабываць на
мітынгу 19 сакавіка. І хачу сказаць: тое, што робяць
нашыя ўлады — гэта прынамсі нізка й подла ў адносінах
да свайго народу. У мяне склалася ўражаньне, што яны
лічаць тых, хто прыйшоў на плошчу, нейкімі марсіянамі, а
не сваімі людзьмі.



Дзень трэці, 21 сакавіка 2006

«Застаемся! Застаемся!»


18:00
На плошчы стаяць ня менш як 2 тысячы чалавек. Людзі атачылі намётавы лягер. Па-ранейшаму людзей затрымліваюць на падыходах да плошчы. Гэтак нядаўна быў затрыманы дэпутат польскага Сэйму Яраслаў Ягела.

19:00
На плошчы зьявіліся паслы краінаў Эўразьвязу, яны пагаварылі з удзельнікамі мітынгу. Калі дыпляматы прыехалі на плошчу, тут раптоўна былі адключаныя ліхтары, якія асьвятляюць пляц. Сустрэча дыпляматаў з удзельнікамі мітынгу праходзіла ў прыцемках. Цяпер на плошчы знаходзіцца прыблізна 5 тысяч чалавек.

19:30
У сярэдзіне намётавага лягеру выступае Мілінкевіч. Ён сказаў, што мінулай ноччу было затрымана 108 моладзевых актывістаў, якія бралі ўдзел у акцыі.

22:30
На плошчы каля 3 тысяч чалавек. ДАІ пачала спыняць машыны, які сыгналамі вітаюць мітынгоўцаў. Адбыўся такі інцыдэнт. На скрыжаваньне праспэкту й вуліцы Купалы пад’ехаў аўтобус, адтуль выскачылі амапаўцы, яны схапілі васьмёх маладых людзей, што ішлі на плошчу, і ад’ехалі.

0:09
А.КАЗУЛІН ЗАКЛІКАЎ ПАКІНУЦЬ ПЛОШЧУ, ЯГО НЕ ПАСЛУХАЛІ
Альгерд Невяроўскі, Менск

Падчас сёньняшняга вечаровага мітынгу, у якім удзельнічала ня менш за 6 тысяч чалавек, Аляксандар Казулін выступіў з прапановай.

-- Я ведаю, што ўлада рыхтуецца да таго, каб правесьці масавую зачыстку плошчы. Мы сёньня з вамі, напярэдадні сьвятога сьвята — Дня Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка, павінны добра да яго падрыхта-
вацца. І сёньня вызваліць плошчу. На гэтыя словы намётавы лягер адказаў так: «Застаемся! Застаемся!»

02:30
Нягледзячы на незвычайны для гэтай пары году мароз (каля мінус 10 градусаў), больш за тысячу чалавек па-ранейшаму знаходзяцца на Кастрычніцкай плошчы. Людзі разумеюць, што той, хто пакіне плошчу, можа быць адразу затрыманы.

04:20
АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ: ЛЮДЗІ! ДАЛУЧАЙЦЕСЯ ДА НАС!

Сваімі ўражаньнямі ад мітынгу на Плошчы дзеліцца
паэт Андрэй Хадановіч:

— Хораша, ды мала. Паспрабую вытлумачыць: хораша, бо добры, цудоўны настрой, бо вялікая колькасьць несапсаваных страхам сымпатычных твараў, якія радуюцца, якім ня страшна быць натуральнымі. У першы дзень была нейкая незадаволенасьць арганізатарамі, бо маглі б народу й дасуг, так бы мовіць, арганізаваць, больш інтэнсіўны й больш сымпатычны, больш музыкі. Як заўсёды, у нас з ідэямі лепш, чым з тэхнічным забесьпячэньнем. Але гэта такая драбяза!.. Людзі! Далучайцеся да нас! Будзе болей — будзе лепш адно аднаго ад ветру засланяць!


СПЭЦНАЗ ЖОРСТКА ЗЬБІВАЕ ТЫХ, ХТО СЫХОДЗІЦЬ З ПЛОШЧЫ
Паведамляе Валер Каліноўскі:

Каля дзевяці раніцы ў лягер вярнуліся два дэманстранты, якім удалося ўцячы ад міліцыі. Міхал Аўдзееў паказаў драпіны й сінякі. Ён заявіў, што хапаюць і зьбіваюць дэманстрантаў, якія хочуць зьезьдзіць дахаты й пераапрануцца.

Спэцназавец, які зьбіў Аўдзеева, па ягоных словах, прадставіўся Ўладзімерам Навумавым (міністрам унутраных справаў Беларусі). Ён хацеў парваць бел-чырвона-белы сьцяг Аўдзеева, але ня здолеў і завязаў яго вузламі.

АЎДЗЕЕЎ: Я буду працягваць пратэст. Мяне зьбілі за тое, што я стаю за Беларусь.

Аўдзеева забрала з пляцу машына «хуткай дапамогі».

ІЛЬЛЯ КОПЫЛ: Толькі што прыйшоў з плошчы, пабываў намітынгу, атрымаў зарад бадзёрасьці. Сёньня па БТпаказвалі тэатар аднаго актора. Ён заявіў, што намітынгу 19-га было дзьве тысячы юнакоў, якім заплацілі па 20 тысяч беларускіх рублёў. Раней ён казаў, штоплацілі далярамі, а цяпер вось ужо перайшоў на рублі.Дык я хачу сказаць, што там былі людзі ад 15 да 80гадоў, нават былі людзі, якія прыходзілі сем’ямі. То бок, гэты актор, грамадзянін Лукашэнка, займаецца хлусьнёй!Сёньня мне патэлефанавала знаёмая. Яна сказала, што ўяе дачкі, якой 11 гадоў, узялі падпіску, каб яна ненаведвала мітынг на плошчы.





Дзень другі. 20 сакавіка 2006

Першыя намёты



20:30
Мілінкевіч заявіў, што ня будзе сыходзіць з гэтай плошчы ўсю ноч. Ён заклікаў прысутных, каб тыя папрасілі сваіх родных прынесьці гарбату й ежу, каб заставацца на плошчы ўсю ноч.

21:00
Паставілі першыя чатыры намёты. Вакол іх шчыльным шэрагам стаіць ахова. Супрацоўнікі міліцыі й КДБ спрабавалі разбурыць намёты, але ахова не дазволіла.

22:51
НА ПЛОШЧУ ПРЫЙШЛІ 10 000 ЧАЛАВЕК
Альгерд Невяроўскі

На Кастрычніцкім пляцы Менску працягваецца мітынг дэмакратычнай апазыцыі. Нягледзячы на халаднейшае, чым учора, надвор’е, у ім удзельнічае прыкладна 10 000 чалавек. А.Мілінкевіч зьвярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу
з прамовай:

—Яны нам сёньня аб’явілі іхныя вынікі. Яны думаюць, што кагосьці пераканаюць. Ім здаецца, што хтосьці паверыць. Большасьць нармальных людзей сьмяецца з гэтых працэнтаў. Гэта ня выбары, гэта — дзяржаўны, антыканстытуцыйны пераварот! Ганьба!

23:45
Перад поўначчу сытуацыя на Кастрычніцкай плошчы спакойная. Людзі гутараць, знаёмяцца, пэрыядычна скандуюць лёзунгі. Некаторыя абменьваюцца тэлефоннымі нумарамі. Пастаўлена 10 намётаў, каля якіх знаходзіцца жывы ланцуг аховы. У намётавы лягер людзей запрашаюць на гарачую гарбату. Некаторыя раздаюць бутэрброды з салам. Людзі зьбіраюцца прабыць на плошчы ўсю ноч.

00:30
Міліцыя затрымала Звон Свабоды, які прывезьлі раней на Кастрычніцкую плошчу. Разам са Звонам затрымалі двух кіроўцаў, іх завезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Міліцыя патрабуе, каб падалі дакумэнты на мастацкі твор ад аўтараў — Алеся Шатэрніка й Аляксея Марачкіна.

03:57
ЗАТРЫМАНЫЯ АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА Й
АЛЯКСАНДАР ДАБРАВОЛЬСК
І
Паведамляе Валер Каліноўскі:

Міліцыя затрымала А.Лябедзьку й А.Дабравольскага. Яны разам з Валянцінай Палевіковай і Людмілай Гразновай у 2 гадзіны пайшлі папіць гарбаты ў бок ГУМу. В.Палевікова паведаміла, што дарогай назад міліцыянты схапілі Лябедзьку й Дабравольскага. Іх укінулі ў аўтобус і павезьлі ў пастарунак.

Плошча фактычна блякаваная. Новыя людзі сюды трапіць ня могуць, бо міліцыя перакрыла ўсе навакольныя вуліцы.

06:38
З НАЧНЫХ ГУТАРАК НА ПЛОШЧЫ
Аляксандар Уліцёнак, Менск

МАЛАДЫ ЧАЛАВЕК: Завуць мяне Аляксей, прозьвішча Зельскі, працую інжынэрам на дзяржаўным прадпрыемстве. Прыехаў сюды адзін, таму што зьбіраліся групай, але хоць мы й не прадстаўляем ніякай арганізацыі, а проста моладзь, але нашага лідэра, Віталя Броўку, за тры дні да таго забралі й далі яму 7 сутак арышту. Спачатку тут былі толькі чатыры намёты. Іх забралі міліцыянты. Гэта было спантанна, намі ніхто не кіраваў. Проста ў пяці-сямі чалавек былі намёты, якія яны хавалі, а калі пачалі разгортваць, падышлі міліцыянты й адабралі. Але як толькі яны адышлі, зьявіліся яшчэ два намёты, і мы іх паставілі. Потым іх узялі ўжо ў кола, а астатнія прынесьлі жыхары Менску, што жывуць побач.

АНАСТАС СЕМЯНОВІЧ: Вынік выбараў быў даўно вядомы. Тое, што нашыя дарагія й любімыя хлопцы, Алесь Мілінкевіч і Аляксандар Казулін, пабудзілі наш народ —гэта вельмі вялікая перамога. Цяпер вам трэба працягнуць сваю працу. Праўда, лукашысты будуць рабіць усё, каб вас ізаляваць, але, я думаю, што Эўропа й Амэрыка не дазволяць гэтага. Надышоў час — трэба стварыць урад, які будзе вырашаць усе пытаньні. Усіх здраднікаў на чале зь Ярмошынай трэба зафіксаваць, каб потым судзіць.



Дзень першы, 19 сакавіка 2006


20:05
СПЫНІЦЬ ЛЮДЗЕЙ НЕМАГЧЫМА

Валер Каліноўскі, Менск

Каля 8-й гадзіны вечара людзі пачалі падыходзіць на Кастрычніцкую плошчу вельмі актыўна, цяпер плошча занятая прыблізна на траціну, шмат людзей і каля плошчы, у сквэры насупраць. Спыніць людзей практычна немагчыма, ды тут і няма нейкіх кардонаў. Хоць у раён прэзыдэнцкай адміністрацыі скіраваная спэцтэхніка й аўтобусы зь міліцыяй, але паблізу плошчы нічога гэтага не відаць.

20:45
НА ПЛОШЧЫ САБРАЛАСЯ ЯК МІНІМУМ
10 ТЫСЯЧ ЧАЛАВЕК

Любоў Лунёва, Менск

Людзі спыняюцца. Аўтамабілі сыгналяць на знак салідарнасьці. У гэты момант я налічыла сорак два бел-чырвона-белыя сьцягі. Столькі мы бачылі толькі ў 1996 годзе. На плошчы адчуваецца атмасфэра сьвята, людзей усё
больш і больш.

21:23
УСЯ ПЛОШЧА ЗАНЯТАЯ ДЭМАНСТРАНТАМІ

Алесь Дашчынскі, Менск

Уся Кастрычніцкая плошча занятая дэманстрантамі, людзі прыйшлі падсумаваць вынікі выбараў. Шмат сьцягоў, ёсьць транспарант «Гэта салодкае слова — экс-прэзыдэнт». Сабраліся дзясяткі тысяч чалавек, вельмі добры настрой, мірны й спакойны.

22:05
НА ДАХУ ПАЛАЦУ РЭСПУБЛІКІ ЗАЎВАЖАНЫЯ ДВА
СНАЙПЭРЫ

Любоў Лунёва, Менск

Добра відаць двух снайпэраў на даху Палацу Рэспублікі. Адзін зь іх ляжыць, а другі стаіць побач. Тыя, хто служыў у войску, кажуць, што добрага снайпэра ня будзе відаць, і лічаць, што гэта такі псыхалягічны ціск.

22:16
А.ЛУКАШУК: СЁНЬНЯ НА ПЛОШЧЫ — ДУХ
БЫКАВА

Аляксандар Лукашук, Менск

Ужо тры гадзіны плошча поўная народу. Апошні раз такую колькасьць людзей, такую колькасьць бел-чырвона-белых сьцягоў менскія вуліцы бачылі толькі на разьвітаньні з Васілём Быкавым. Сёньня раніцай я быў на Ўсходніх могілках на магіле Васіля Ўладзімеравіча, там стаялі сьвежыя
кветкі, ягоны партрэт. Сёньня дух Быкава — на плошчы.
Паўгадзіны таму пачаўся вялікі сьнегапад, і была не зусім зразумелая ягоная прырода, але цяпер неба чыстае, нібы нічога не было. Але вельмі сьлізка й вельмі халодна. Ніхто з плошчы не сыходзіць.

23:05
ДЭМАНСТРАНТЫ СКІРАВАЛІСЯ НА ПЛОШЧУ
ПЕРАМОГІ

Любоў Лунёва, Менск

Разам зь лідэрамі апазыцыі людзі калёнай пайшлі на плошчу Перамогі. Яны не замінаюць руху транспарту, міліцыянты ня чыняць ім перашкодаў.

22:45
Валянцін Акудовіч, філёзаф:


Валянцін Акудовіч

Дзень быў вельмі трывожны, але плошча мяне па-добраму ўразіла. Я ня думаў, што гэты страх, які напампоўваўся з дня ў дзень праз усе СМІ, будзе так прарваны простымі, шараговымі людзьмі, якія яго пераадолелі. Вельмі станоўчы й па зытыўны імпульс тут атрымалі ўсе, акрамя тых, хто залішне
сабе нафантазаваў, што заўтра мы прачнемся ў вольнай краіне. Я ня бачу ў арганізатараў сцэнару — і гэта галоўны закід усіх тут, хто прыйшоў, хто чакаў рэвалюцыі тут і зараз. Адрозна ад Украіны, у нас энэргія супраціву
замкнёная сама ў сабе, у нас няма каналаў, празь якія мы маглі б скіраваць энэргію супраціву ў легітымнае палітычнае поле, бо яно заблякаванае з усіх бакоў. Пастаім і разыдземся. Пакуль я раблю адну выснову — у Беларусі (прынамсі, у Менску) ёсьць дастаткова людзей, якія хочуць свабоды й пераменаў, якія ў той ці іншай ступені гатовыя пераадольваць свой страх.



СПАДАР: Тэлефаную зь Нью-Ёрку, узрушаны падзеямі ў Менску. Вельмі прыемна, што людзі выйшлі ў такой колькасьці на плошчу. Але, зь іншага боку, ёсьць нейкае расчараваньне лідэрамі апазыцыі, якія, на маю думку, не выкарыстоўваюць такога рэсурсу, як падтрымка народу,ня ведаюць, як да яго падступіцца. Ніякіх канкрэтныхдзеяньняў пакуль няма, нейкая разгубленасьць, распусьцілілюдзей і сказалі вярнуцца заўтра. Але наўрад ці такаяколькасьць выйдзе зноў. І такое ўражаньне, штоапазыцыя чарговы раз траціць магчымасьць рэальна супрацьстаяць уладзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG