Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Міністэрства фінансаў ЗША выдала загад аб увядзеньні эканамічных санкцый у дачыненьні да чатырох буйных прадпрыемстваў Беларусі, якія ўваходзяць у склад канцэрну "Белнафтахім". У гэтым шэрагу — вытворчыя аб'яднаньні "Белшына", "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно", а таксама нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан". Як адаб'юцца санкцыі на эканоміцы згаданых прадпрыемстваў ды іміджы беларускага рэжыму?

Амэрыканскі бок вырашыў: суб'екты гаспадараньня, якія знаходзяцца пад кантролем канцэрну "Белнафтахім", у дачыненьні да якога ўжо дзейнічаюць адпаведныя санкцыі амэрыканскіх уладаў, мусяць падзяліць лёс галаўнога прадпрыемства. Асноўная падстава для такога кроку —перасьлед апанэнтаў рэжыму: дэмакратычных актывістаў, незалежных журналістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

МЗС Беларусі рэзка асудзіў новыя санкцыі ЗША, заявіўшы, што ва ўмовах нарастаньня фінансавага і бюджэтнага крызісу Вашынгтон робіць захады, якія "наносяць найперш шкоду інтарэсам амэрыканскім бізнэсоўцаў, якія выгадна супрацоўнічаюць зь беларускімі вытворцамі". Беларускі бок пакідае за сабой права на адэкватныя захады ў адказ.

У сваю чаргу, канцэрн "Белнафтахім" расцаніў захады Міністэрства фінансаў ЗША як праяву нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку амэрыканскіх вытворцаў "у адносінах да шырока вядомых прадпрыемстваў канцэрну, якія карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам у сьвеце". І выказалі пагрозу: сваімі дзеяньнямі Вашынгтон падштурхоўвае вытворцаў "хутчэй адмовіцца ад выкарыстаньня ў разьліках даляра ЗША, які імкліва страчвае давер".

Эканаміст, экс-кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык лічыць, што беларускім уладам няма каго абвінавачваць, апроч сябе:

"Кепска гэта ўсё. Перадусім кепска для прадпрыемстваў, для работнікаў. Але справа ў тым, што гэта ўсё вынік той палітыкі, якую праводзіць наш урад. Што называецца, самі дагуляліся. Таму ўсё гэта вельмі дрэнна, трэба рабіць адпаведныя высновы — і прэзыдэнту, і ўраду. Неабходна карэнным чынам зьмяняць палітыку ў гэтым пляне. Бо самае страшнае, што гэта не апошнія могуць быць санкцыі, калі і надалей будзе працягвацца тое, што адбываецца ў нашай дзяржаве. Калі, прыкладам, да гэтых санкцый далучыцца Эўропа, то для таго ж "Нафтану" гэта будзе катастрофа — асноўныя экспартныя пастаўкі прадпрыемства завязаныя якраз на шэраг эўрапейскіх краінаў. Таму наступствы гэтага кроку для Беларусі могуць быць вельмі дрэннымі".

На думку палітоляга Пятра Марцава, няма падстаў меркаваць, што афіцыйны Менск напалохаўся санкцый, пачаўшы адпускаць палітзьняволеных — маўляў, залежнасьць згаданых прадпрыемстваў ад амэрыканскага рынку нязначная. Іншая справа, калі б да абмежаваньняў далучылася Эўропа:

"На амэрыканскі рынак гэта ніяк не паўплывае, вы ж разумееце. Зь іншага боку, ня думаю, што нешта ў значнай ступені пастаўляюць на амэрыканскі рынак згаданыя прадпрыемствы. Але галоўнае — сам факт гэтага кроку. Пакуль складана ацаніць эканамічны складнік, бо невядома, ці далучыцца да санкцыяў Эўропа. Мне здаецца, што, хутчэй за ўсё, не. Калі б Эўразьвяз падтрымаў ЗША, то для асобных прадпрыемстваў гэта быў бы вялікі ўдар, цяжкі. Але наракаць на некага — справа няўдзячная. Трэба шукаць нейкія варыянты ў нашай палітыцы, а не шукаць эўрапейскую ці амэрыканскую "змову". У сябе нешта рабіць, прадпрымаць нейкія крокі".

Карэспандэнт: "Ці можна дапусьціць, што ўлады пайшлі на саступкі, выпускаючы некаторых фігурантаў "справы 19 сьнежня"?".

"Вельмі цяжка назваць гэта нейкай саступкай, калі ўсе астатнія сядзяць у турме. Тым больш — будуць вызваленыя, скажам так, ня першыя асобы".

Сёньня маці і жонкі зьніклых, асуджаных і рэпрэсаваных зьвярнуліся да беларускай грамадзкасьці, да ўладаў заходніх краінаў і да кіраўніцтва Расеі з заклікам ня верыць "гуманізму" рэжыму, які гатовы гандляваць зьняволенымі: "Ня верце хлусьлівым заявам, што эканамічныя санкцыі могуць нашкодзіць беларускаму народу. Людзям шкодзяць не эканамічныя санкцыі, а ўнутраная палітыка. Сур'ёзны эканамічны ціск здольны вызваляць невінаватых людзей з турмаў", — гаворыцца ў калектыўнай заяве.

Экспэрт у энэргетычных пытаньнях Аляксандар Мех у гэтым зьвязку перакананы: сапраўдны эфэкт ад санкцыяў будзе толькі ў тым выпадку, калі іх хоць бы ўскосна падтрымае Масква. Расея застаецца галоўным спажыўцом для ўсяго прамысловага сэктару Беларусі, якая пры цяперашнім раскладзе можа абыходзіцца і без шырокіх міжнародных кантактаў:

"Усё тое, што сёньня адбываецца ў Беларусі (а я кажу найперш пра сытуацыю з правамі чалавека, бо ў людзей ужо ўвогуле ніякіх правоў не засталося), ніякіх падставаў да замірэньня са зьнешнім сьветам не дае. У гэтым, сярод іншага, трэба вінаваціць тую ж самую Расею, яе кіраўнікоў. Гэта яны зрабілі Лукашэнку такім. У сувязі з тым, што яны далі яму магчымасьць падняцца, адчуць сябе беспакараным, атрымалі ад яго лягічны вынік — як самі, так і ўвесь астатні сьвет. Тое, што ад Лукашэнкі тут насельніцтва атрымлівае ў выглядзе абмежаваньня ўсіх правоў і свабодаў, яны атрымалі на больш высокім узроўні. І пра гэта трэба казаць, каб тое ж расейскае кіраўніцтва нарэшце зразумела, з кім насамрэч мае справу".

Новыя санкцыі ЗША ўводзяцца на дадатак да абмежаваньня на ўезд, замарожваньня актываў і іншых санкцый, абвешчаных сёлета 31 студзеня. Захады накіраваныя супраць дзяржаўных асобаў, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні мінулага году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG