Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамарджоба, генацвале! Ч.3. Малыя гарады


Тры гады таму пачаўся збройны расейска-грузінскі канфлікт. Яго вынікам стала страта ўладамі Грузіі кантролю над тэрыторыямі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, дагэтуль акупаванымі Расеяй. І ўладныя чыноўнікі, і шараговыя грузіны востра перажываюць наступствы няроўнай вайны "карліка з гігантам", але вымушаныя жыць ва ўмовах пасьляваеннай дадзенасьці. Грузія — у дарожных нататках Ігара Карнея.

Малыя гарады Грузіі найлепш захавалі калярыт гэтай старажытнай дзяржавы. Тут выразна разумееш: гэта ня толькі іншая, палярна адрозная ад Беларусі, культура, але іншыя людзі, іншае вымярэньне.

Мцхета — старажытная сталіца Грузіі. Кожныя выходныя сюды сьцякаецца народ, каб пабыць на службе ў галоўным саборы краіны — Свэтыцхавэлі. Комплекс культавых збудаваньняў у Мцхеце ўнесены ў Сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКО, а сабор небеспадстаўна лічыцца самым намоленым месцам у Грузіі. Яшчэ ў IV стагодзьдзі тут быў збудаваны першы хрысьціянскі храм, а ў ХІ стагодзьдзі ўва ўсёй сваёй велічы паўстаў Свэтыцхавэлі, які выдатна захаваўся дагэтуль. Менавіта тут пахаваныя прадстаўнікі грузінскіх царскіх сем'яў.

Самае намоленае месца ў Грузіі

Падчас службы




З гор праз хмары пазірае на Мцхету легендарны манастыр VІ стагодзьдзя Джвары (з грузінскага — "Крыж"), увекавечаны паэтам Міхаілам Лермантавым у паэме "Мцыры". Мясцовыя таксісты абавязкова прапануюць адвезьці туды за 25 лары (блізу 15 даляраў), каб адчуць сапраўдны дух даўніны. Са схілу адкрываецца цудоўны краявід на сутокі Арагві і Куры. На ўскрайку Мцхеты — старая крэпасьць Бэбрэсцыхе, да якой рукі ў мясцовых уладаў, падобна, пакуль не дайшлі: муры паступова абвальваюцца ў бездань.

Джвары хаваецца пад аблокамі



Мцхета на хвалі духоўнай запатрабаванасьці і папулярнасьці ў турыстаў перажывае сапраўднае адраджэньне — натуральна, не без камэрцыйнага інтарэсу. Горад татальна рэканструюецца, прыводзіцца ў належны стан інфраструктура. Жылыя дамы ды грамадзкія пабудовы вылізаныя, пакрытыя дахоўкай, напаўсхаваныя за прыгожымі агароджамі. Прадпрымальнікі не хаваюць, што ўзамен на інвэстыцыі прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі даў ім карт-блянш на вядзеньне спраў у рэканструяваных мясьцінах гораду.

Новае дыханьне старога горада

Сігнахі — узорны гарадок на ўзгорыстым хрыбце пасярод кахецінскай нізіны, за 120 кілямэтраў ад Тбілісі. Небеспадстаўна прэтэндуе на ляўры грузінскай турыстычнай Меккі. Мае славу "горада закаханых": апошнім часам у маладых грузін за добры тон лічыцца браць шлюб менавіта ў Сігнахі, дзе ўсё сьвяточна-ўзьнёсла — адпаведна нагодзе. Зрэшты, гэта яшчэ адно месца, дзе надзвычай арганічна пераплятаюцца сучаснасьць і даўніна.

"База" мясцовай вэртыкалі

Адноўлены горад месьціцца вакол маштабных крапасных муроў ХVІІІ стагодзьдзя з ацалелай брамай і 28 аўтэнтычнымі вежамі. Гэткая Вялікая кітайская сьцяна ў мініятуры. З муроў, якія раскінуліся на горных схілах, адкрываецца велічны від на Алазанскую даліну, добра вядомую ва ўсім сьвеце сваімі вінаграднікамі і, адпаведна, традыцыямі вінаробства. Кіндзмараулі, Ашахэні, Сапераві і яшчэ 70 вінных гатункаў — усё гэта здабытак мясцовых вінаробаў.

Крэпасьць навісае над Алазанскай далінай

У невялікім Сігнахі багата музэяў і помнікаў, ладзіцца шмат выставаў, у этнаграфічным музэі на сталай аснове працуе экспазыцыя твораў выбітнага грузінскага мастака Ніко Пірасмані, нараджэнца Кахетыі. І, натуральна ж, не абыходзіцца без сувэніраў.



Сарпі. Паўднёвы пункт на мяжы з Турэччынай, "вакно" Грузіі ў бок стратэгічнага суседа. Адрозна ад Беларусі, ніякага адмысловага дазволу на наведваньне памежнай зоны не патрабуецца. Уражаньне сапраўднага "базар-вакзалу". Праз новы тэрмінал у абодва бакі няспынна рушаць людзі з клункамі, маршруткі і легкавікі, нагружаныя турэцкім шырспажывам. Зьдзелкі паміж "чаўнакамі" адбываюцца проста на мяжы: прывозяць, перагружаюць, удараюць па руках — і па новую партыю. Тут жа раскідваюць імправізаваны рынак, дзе турэцкія тавары можна набыць па сабекошце. Як на цяперашняга беларуса — практычна задарма.

Турэччына — як на далоні

Сам гарадок заціснуты з аднаго боку высокімі гарамі, з другога — "звальваецца" ў мора. Лічыцца, што тут самая чыстая вада на грузінскім чарнаморскім узьбярэжжы. Дамы літаральна прычэпленыя да схілаў. Каб забрацца наверх, давядзецца скарыць не адзін кілямэтар сэрпантыну. Субтрапічны клімат спрыяе таму, што ў Сарпі ўсё буяе практычна круглы год. Прыкладам, несабраныя апэльсіны і лімоны вісяць на дрэвах ад ураджаю да ўраджаю, нават каляндарнай зімой.

Лімоны ды мандарыны — круглы год

Недалёка ад Сарпі, у напрамку Батумі, стаіць велічная рымская крэпасьць Гоніё (І стагодзьдзе нашай эры), дзе, паводле паданьняў, пахаваны адзін з 12 апосталаў — Мацьвей. Праўда, грузінскія ўлады пакуль не дазваляюць археолягам весьці тут раскопкі.

Магчыма, дзесьці тут пахаваны апостал Мацьвей

Махунцэці. Адрозна ад раней згаданых узорных адрасоў, гарадок з назвай Махунцэці са свайго выйгрышнага становішча пакуль скарыстаў мала. Выдатны пэйзаж зусім не кранае мясцовае насельніцтва, якое жыве па-спартанску, у нейкіх шматпавярховых бараках з выбітымі шыбамі. Зрэшты, досыць характэрны выгляд для грузінскай глыбінкі.

Жыльлё выглядае далёка не прэзэнтабэльна

Няма асаблівага піетэту і да неацэнных сьведчаньняў далёкай гісторыі. Каля каменнага арачнага моста ХІ стагодзьдзя пасьвяцца худыя каровы, якіх не кранаюць архітэктурныя адметнасьці сапраўднага цуда сьвету. Як кажуць гісторыкі, гэта адзін зь дзесяці мастоў, узьведзеных прыблізна ў адзін час на загад легендарнай царыцы Тамар. Мост праз горную раку Аджарыцкалі дагэтуль уражвае трываласьцю канструкцыі, бо трымаецца выключна на дакладнасьці разьлікаў будаўнікоў.

Тысячагадовы мост царыцы Тамар


Апроч таго, гэта край незьлічонай колькасьці вадаспадаў. Вада зьбягае зь ледавікоў практычна паўсюль, а самы паўнаводны вадаспад Махунцэці лічыцца сапраўднай пэрлінай Аджарыі. Магутны паток з гулам зрываецца з 60-мэтровай вышыні, утвараючы пры падзеньні кацёл з пырскаў.

Вадаспад Махунцэці — пэрліна Аджарыі

Дарэчы, моц вады грузіны навучыліся выкарыстоўваць здаўна. І цяпер у Махунцэці працуе маленькая гідраэлектрастанцыя, якая забясьпечвае патрэбы мясцовага насельніцтва.

Горная рака служыць чалавеку

Махенджаўры. Рай для аматараў біяразнастайнасьці. Перадусім маецца на ўвазе шыкоўны батанічны сад, дзе ўзьдзеяньне чалавека на флёру зьведзенае да мінімуму, а расьлінны сьвет буяе ў натуральных умовах прыморскай ідыліі. Сам горад падобны да бальшыні курортных гарадоў Аджарыі, але адметны тым, што ўзяў на сябе функцыі своеасаблівага "буфэра" перад турыстычным Батумі. Цягнікі з Тбілісі ды іншых гарадоў спыняюцца не ў сталіцы аўтаноміі, а менавіта ў Махенджаўры. Таму ў горадзе раздольле для таксістаў, якім заўсёды хапае ахвотных адолець 10 кілямэтраў да адміністрацыйнага цэнтру.

Буйства прыроды

У Цыхісдзіры, што паблізу Кабулеці, стаяць разваліны горада-крэпасьці Петра. Першая згадка пра Петру датуецца VI стагодзьдзем. Стратэгічная з ваеннага і гандлёва-эканамічнага гледзішча пазыцыя на крутым марскім схіле спрычынілася да рашэньня імпэратара Бізантыі Юстыніяна: гораду — быць. Крэпасьць ва ўсе вякі мела статус "непрыступнай", у пазьнейшыя часы празь яе тэрыторыю праходзіла сухапутная дарога "міжнароднага значэньня", якая зьвязвала Заходнюю Грузію з асобнымі правінцыямі Бізантыі, Пэрсіі і Армэніі. Цяпер ад былой славы засталіся толькі муры. Такіх сьведчаньняў па ўсёй Грузіі — процьма.

Каменныя сьцены памятаюць Бізантыю

Выпраўляючыся ў Грузію, ня варта цешыцца, што падарожжа будзе абстаўлена эўрапейскім лоскам ці амэрыканскай прадказальнасьцю. Тут усё трымаецца на кантрасьце. І гэта прываблівае.

Прэзыдэнцкі штандар — над трушчобамі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG