Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Палітыка ЗША адносна беларускага кіраўніцтва робіцца больш жорсткай»


Новыя эканамічныя санкцыі ЗША камэнтуе палітоляг Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Відавочна, што ЗША працягваюць тую палітыку, якая даволі даўно назіраецца зь іх боку адносна беларускіх уладаў. Зараз адбываецца яе працяг і пашырэньне. Тут варта прыгадаць, што санкцыі супраць "Белнафтахіму" былі ўведзеныя ў лістападзе 2007 году, а прадпрыемствы, якія патрапілі пад санкцыі зараз, уваходзяць у склад гэтага канцэрну. Невядома, ці закраналі тагачасныя санкцыі гэтыя прадпрыемствы, але ў любым выпадку на мой погляд сёньняшняе рашэньне сьведчыць пра тое, што палітыка ЗША адносна беларускага кіраўніцтва робіцца больш жорсткай, з прычыны таго, што беларускае кіраўніцтва робіць у Беларусі.

Дракахруст: На ваш погляд, наколькі гэты крок ЗША ўзгоднены з Эўразьвязам? Эўропа таксама нядаўна ўпершыню увяла эканамічныя санкцыі, але яны больш стрыманыя.

Фёдараў: Эўрапейскія санкцыі тычыліся ў першую чаргу гандлю зброяй, там не было гаворкі пра такія бюджэтаўтваральныя прадпрыемствы, як "Гародня-Азот" ці "Нафтан". Мне здаецца, што ЗША ў сваёй палітыкі паводзяць сябе самастойна, не асабліва аглядаючыся на тое, як будуць на гэта рэагаваць іх партнэры па НАТА.

Дракахруст: Крокам афіцыйнага Менску ў адказ на санкцыі 2007 году адносна "Белнафтахіму" стала выдаленьне пасла ЗША і рэзкае скарачэньне пэрсаналу амэрыканскага пасольства. Якіх крокаў у адказ можна чакаць гэтым разам?

Фёдараў: Я не выключаю, што нешта будзе зроблена. Хаця я ня ведаю, што ўжо гэта можа быць, у цяперашнім стане наступны крок - гэта разрыў дыпляматычных адносінаў. Я не ўпэўнены, што афіцыйны Менск гатовы пайсьці на гэты крок, але казаць, што гэта абсалютна немагчыма, я б паасьцярогся. Аднак тое, што адносіны стануць больш напружанымі - гэта відавочна.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG