Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Любыя праблемы на Захадзе — гэта радасьць для беларускай прапаганды"


Як беларуская афіцыйная прапаганда выкарыстоўвае ў сваіх мэтах бунты ў Вялікабрытаніі? Навошта афіцыйныя СМІ праводзяць паралелі паміж непарадкамі ў Лёндане і акцыямі пратэсту ў Менску? Ці ўдасца прапагандзе пераканаць беларускае насельніцтва, што ў беларускім крызісе вінаватыя замежныя абставіны? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы "Экспэртыза Свабоды" адказваюць: зь Лёндану — кандыдат юрыдычных навук, выкладчык Лёнданскай школы эканомікі Яраслаў Крывой, і зь Менску — палітычны аглядальнік газэты "Белорусы і рынок" Паўлюк Быкоўскі.


"Гэта спроба пераканаць шырокія пласты грамадзтва, што трэба мець мацнейшы кантроль за інтэрнэтам"

Цыганкоў: "Гэта толькі пачатак" — назва перадавога артыкула ў газэце "Беларусь сегодня", органе адміністрацыі прэзыдэнта. Такі загаловак у выпуску за 9 жніўня прысьвечаны гвалтоўным падзеям у Брытаніі, і ў тэксьце відавочна адчуваецца злараднасьць ад брытанскіх непарадкаў. Як беларуская прапаганда вырашыла выкарыстаць у сваіх мэтах брытанскія бунты?

Крывой: Беларуская афіцыйная прэса спрабуе нейкім чынам абгрунтаваць, нібыта тое, што робіць беларуская міліцыя падчас маўклівых акцыяў, дазваляе пазьбягаць таго, што адбывалася ў Лёндане. І нягледзячы на тое, што яны не рабілі прамых паралеляў паміж падзеямі ў Лёндане і ў Беларусі, у прынцыпе быў намёк на "твітэр-рэвалюцыі", якія адбыліся ў арабскім сьвеце і ў Эўропе. Беларусь была адзінай краінай у Эўропе, дзе адбывалася нешта падобнае. І гэты артыкул на інтэрнэт-старонцы газэты цэлы дзень вісеў на самым прыкметным месцы.

У газэце падзеі ў Брытаніі тлумачыліся не з таго пункту гледжаньня, што гэта хуліганства, што гэта асацыяльныя элемэнты рабавалі крамы, а рабіўся націск на тое, што гэта былі сур'ёзныя сацыяльныя ўзрушэньні, выкліканыя тым, што ў брытанскага ўраду няма грошай на дапамогу па беспрацоўі і субсыдыі для моладзі.

Насамрэч сытуацыя зусім іншая. У адрозьненьне ад беларускіх падзеяў, у Брытаніі на вуліцы выйшлі крымінальныя элемэнты, якія рабавалі крамы. Яны ня мелі аніякай палітычнай матывацыі, іхняя мэта была — праявіць нейкую агрэсію, прыцягнуць увагу да сябе і захапіць нейкія рэчы. У адрозьненьне ад Беларусі і арабскага сьвету, дзе людзі выходзілі менавіта для таго, каб выказаць сваю палітычную пазыцыю. Таму некарэктна праводзіць нейкія паралелі паміж гэтымі сытуацыямі, бо яны вельмі адрозьніваюцца. Трактаваць падзеі ў Брытаніі як пачатак нечага большага было няправільна.

Цыганкоў: Наколькі пасьпяховай можа быць спроба беларускай прапаганды параўнаць крымінальныя бунты ў Брытаніі з палітычнымі пратэстамі ў Беларусі?

Быкоўскі: Падобныя рэчы могуць быць пасьпяховымі для тых людзей, якія атрымліваюць інфармацыю з тэлебачаньня, зь дзяржаўных газэтаў. Калі не сачыць за падзеямі пільней, то можа падацца, што гэта падзеі аднаго шэрагу, і для простых людзей такія прапагандысцкія трукі могуць спрацаваць.

Але асабіста мне падалося цікавым тое, што аўтар "Советской Белоруссии" аддае вялікую ўвагу інтэрнэту і сацыяльным сеткам. На ягоную думку, менавіта гэтыя сродкі камунікацыі сталі спускавым кручком, каб адбыўся ўсплёск гвалту ў Брытаніі. Мне падаецца, што ў гэтым сэнсе публікацыя ў "СБ" можа быць яшчэ больш небясьпечнай, бо можа стаць сымптомам вялікай кампаніі супраць сучасных сродкаў камунікацыі, якія можа выкарыстоўваць і апазыцыя. Гэта спроба пераканаць шырокія пласты грамадзтва, што трэба мець мацнейшы кантроль за інтэрнэтам. Пра такое кажуць і некаторыя чыноўнікі. І вось такое прапагандысцкае абгрунтаваньне, чаму гэта неабходна, спрабуе давесьці высокім чыноўнікам, што толькі з дапамогай нейкіх забаронаў можна будзе захаваць стабільнасьць.

Цыганкоў: У пэрыяд гэтак званай "лібэралізацыі" да 19 сьнежня ў афіцыйных СМІ былі даволі памяркоўныя і нават станоўчыя матэрыялы пра жыцьцё на Захадзе. Пасьля выбараў гэта ўсё кардынальна зьмянілася, ці, дакладней, вярнулася "на кругі свае", да звыклай антызаходняй рыторыкі. Ці можна сказаць, што пакуль у афіцыйных СМІ такое стаўленьне да Захаду, то ня варта і чакаць нейкага павароту да лібэралізацыі ў палітычных адносінах паміж Эўропай і афіцыйным Менскам?

Крывой: Сапраўды, калі глядзець беларускае тэлебачаньне, то можна адзначыць, што навіны, зьвязаныя з Захадам, пераважна нэгатыўныя. Напрыклад, учора галоўнай навіной было бамбаваньне авіяцыяй НАТО дома ў Лібіі, у выніку чаго, паводле лібійскіх уладаў, загінулі цывільныя грамадзяне. Потым гаворка пайшла пра крызіс у ЗША, і гэтым абгрунтоўваўся крызіс у Беларусі, даводзілася, што кепская сытуацыя ў беларускай эканоміцы — не выключная зьява.

Сапраўды, паводле сюжэтаў на тэлебачаньні можна меркаваць, які цяпер кірунак у замежнай палітыцы афіцыйнай Беларусі. Калі відаць, што ідзе нэгатыў супраць Захаду, гаворыцца пра праблемы ў заходняй эканоміцы, то відавочна, што такі кірунак і ў палітыцы. Але тое, што паказваюць пра Беларусь, цяжка нават назваць навінамі. Напрыклад, паказваюць 5 хвілін сюжэт пра тое, які асартымэнт для школьнікаў ёсьць у крамах.

"Прапаганда мае сур'ёзныя абмежаваньні, калі яна закранае матэрыяльныя сфэры"

Цыганкоў: Выглядае, што любыя праблемы на Захадзе — гэта радасьць для беларускай прапаганды: маўляў, глядзіце, што ў іх робіцца, а ў нас спакойна. Тым ня менш незалежныя сацыёлягі сьведчаць, што ў адказах на пытаньні, хто вінаваты ў сёньняшніх эканамічных праблемах Беларусі, большасьць якраз называе кіраўніцтва Беларусі — прэзыдэнта і ўрад. Ці можа прапаганда "пераключыць стрэлкі", давесьці насельніцтву, што ў беларускіх праблемах вінавата не сваё кіраўніцтва, а міжнародныя зьявы?

Быкоўскі: Беларуская прапаганда вельмі непасьлядоўная ў гэтым. На самым пачатку ўсясьветнага крызісу ў 2007-м Лукашэнка адмаўляў прысутнасьць крызісу ў Беларусі, потым мусіў прызнаць, што "чорнае крыло" крызісу нас закранула. А вось зараз, калі ў сьвеце няма нейкіх надзвычайных нэгатыўных зьяваў у эканоміцы, у Беларусі адбылася дэвальвацыя і вялізная інфляцыя. І цяпер казаць, што ў гэтым вінаваты ўсясьветны крызіс — гучыць даволі непераканаўча.

Вядома, ёсьць шмат спробаў перакласьці адказнасьць на замежныя чыньнікі, але я мяркую, што сацыёлягі не памыляюцца, што большасьць якраз вінаваціць менавіта беларускае кіраўніцтва. Мне падаецца, што прапаганда мае сур'ёзныя абмежаваньні, калі яна закранае матэрыяльныя сфэры. Бо людзі самі лепш ведаюць, якія прадукты падаражэлі, якія прадукты зьніклі. І калі па ТБ паказваюць росквіт і дабрабыт, то гэта хутчэй выклікае адмоўныя рэакцыі.

Тая самая прапаганда раней даводзіла, што прэзыдэнт нясе адказнасьць за ўсё. Вось зараз ён нясе адказнасьць у тым ліку за асартымэнт у крамах, і за цэны, і за памер заробкаў. І гэтага прапаганда перакрэсьліць ня здолее.

Крывой: Цяпер шмат беларусаў маюць магчымасьць выехаць за мяжу і параўнаць сытуацыю тут і там. І калі людзі езьдзяць у тую ж Вільню і бачаць, што амаль усе тавары там таньнейшыя, а заробкі нашмат вышэйшыя, то цяжка пераканаць гэтых людзей, што ў Беларусі жыць лепей. Жыцьцё вельмі моцна супярэчыць прапагандзе і робіць яе шмат у чым неэфэктыўнай.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG