Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў прадставіў 11 жніўня тры свае новыя кніжкі, прысьвечаныя Горадні: Калоскай царкве, тром каралеўскім, былым загарадным, рэзыдэнцыям і мастам. Апошняя напісана ў суаўтарстве з Аленай Пышынскай, выкладчыцай гісторыі. Прэзэнтацыя адбылася ў Новым каралеўскім замку, у памяшканьні абласной бібліятэкі імя акадэміка Яўхіма Карскага.

Ігар Трусаў зазначыў, што яму ня вельмі падабаецца праект рэстаўрацыі Старога каралеўскага замку, а асабліва Каложы — храма ХІІ стагодзьдзя. Але дзяржаўнае фінансаваньне скарацілася, таму “у бліжэйшыя два-тры гады з Калоскай царквой нічога страшнага ня здарыцца, бо грошай няма”, сказаў ён.

Спадар Трусаў хоча працягнуць сэрыю кніжак пра гарадзенскія помнікі архітэктуры, вывучае храмы розных канфэсій і магнацкія палацы, якія захаваліся ў горадзе.

Краязнаўца Віктар Саяпін задаў рытарычнае пытаньне: чаму кніжкі па краязнаўству Трусава выпусьцілі недзяржаўныя выдаўцы? А дзе ж гарвыканкам? У 1930-я гады кнігі пра горад друкаваліся пад эгідай уладаў, нагадаў спадар Саяпін.

На прэзэнтацыі прадстаўніца прыватнай мастацкай галерэі паведаміла, што Ігару Трусаву замоўлены матэрыялы аб страчанай архітэктурнай спадчыне Горадні. Сам ён удакладніў, што першыя будынкі пачалі “разьбіраць” у ХІХ стагодзьдзі царскія ўлады, архітэктуры гораду былі нанесены страты ў 1915 годзе падчас Першай сусьветнай вайны, польскія ўлады таксама ўнесьлі “лепту”. Аднак найбольшую частку дамоў разбурыла савецкая ўлада. Дастаткова сказаць пра чыгуначны вакзал ХІХ стагодзьдзя, зруйнаваны ў 1988 годзе, і цэлы квартал старога гораду, на месцы якога цяпер гмах аблвыканкаму, зазначыў Ігар Трусаў.
XS
SM
MD
LG