Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі чакае. У пятніцу яму могуць прад'явіць абвінавачаньне


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Менскі гарадзкі суд сёньня адмовіў Алесю Бяляцкаму, які абскардзіў лютаўскае папярэджаньне Генэральнай пракуратуры за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Сам Алесь на пасяджэньні прысутнічаць ня змог, бо застаецца за кратамі ў статусе падазраванага па справе аб няплаце падаткаў.

Калегія Менскага гарадзкога суду пад старшынствам судзьдзі Яблакавай ухваліла, па сутнасьці, тэхнічнае рашэньне, пакінуўшы бязь зьменаў пастанову суду Цэнтральнага раёну Менску. Той пастановай папярэджаньне Генэральнай пракуратуры на адрас Алеся Бяляцкага за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі пакінулі ў сіле. Але гэтае тэхнічнае рашэньне гарадзкога суду мае палітычнае значэньне, перакананы грамадзкі прадстаўнік Алеся Бяляцкага ў судзе, старшыня БХК Алег Гулак:

Алег Гулак

"Гэтае рашэньне сур'ёзным чынам абмяжоўвае права на свабоду асацыяцыяў, і мы пра гэта гаварылі ў працэсе".

На думку Алега Гулака, такія судовыя рашэньні пярэчаць нормам беларускай Канстытуцыі і міжнародных пактаў, якія гарантуюць свабоду аб'яднаньняў і нясуць пагрозу крымінальнага перасьледу па сумна вядомым артыкуле 193 Крымінальнага кодэксу.

"У любым выпадку гэта пагроза таго, што можа быць так. Ці будзе насамрэч — пытаньне. Я спадзяюся, што хопіць розуму гэтага не рабіць, але гэта ня выключана, і гэта, безумоўна, грубае абмежаваньне свабоды асацыяцый".

Праваабаронца зь незарэгістраванага цэнтру "Вясна" Сяргей Сыс пастанову пракуратуры, якая абскарджвалася сёньня ў судзе, назваў першай спробай уладаў спыніць праваабарончую дзейнасьць Бяляцкага:

Сяргей Сыс

"Як бачым, яна была малаэфэктыўная, бо сам артыкул 193 — сумнеўны, ён парушае шмат якія міжнародныя пагадненьні і артыкул 5 Канстытуцыі Беларусі. І таму ўлады шукалі іншую зачэпку, больш дзейсную. І, на жаль, яны яе знайшлі".

Паводле Сяргея Сыса, допыты Алеся Бяляцкага ўчора і сёньня не праводзіліся, адваката да яго не запрашалі.

"Мяркуем, што гэта будзе заўтра, бо ў нядзелю завяршаецца тэрмін утрыманьня пад вартай — 10 сутак. А паколькі ў выходныя не працуюць, не выносяцца такія рашэньні — значыць, лёс Бяляцкага будзе вырашаны заўтра. Мы разьлічваем на любое разьвіцьцё падзеяў і чакаем, што, хутчэй за ўсё, сытуацыя стане горшай. Але ёсьць і надзея, якая памірае апошняй... Перадачу мы яму перадалі, настрой у яго бадзёры. Чакаем заўтрашняга дня. Усе ў нецярпеньні".

Такім чынам, у пятніцу сьледзтва можа альбо выставіць Алесю Бяляцкаму абвінавачаньне, альбо вызваліць яго ад адказнасьці і з-пад варты.

Паводле Сяргея Сыса, за некалькі дзён было сабрана больш за 300 подпісаў пад заявамі аб паручальніцтве за Алеся Бяляцкага.

З заявай у ягоную падтрымку выступіла Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch, якая сумесна зь іншымі арганізацыямі накіравала пракурору гораду Менску Мікалаю Куліку пэтыцыю з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед Алеся Бяляцкага.

11 жніўня Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар ФРГ у Беларусі Крыстаф Вайль наведаў офіс "Вясны", выказаў словы падтрымкі сям’і, родным Алеся Бяляцкага і калегам з праваабарончага цэнтру.

Зь іншага боку, сёньня стала вядома, што банкаўскія зьвесткі на Алеся Бяляцкага, апрача Літвы, выдала і Польшча.
XS
SM
MD
LG