Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля таго як Расея адмовілася даваць Беларусі дзяржаўную пазыку, а пагадзілася выдзеліць крэдыт толькі праз Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС, прычым на непрыемных для беларускага кіраўніцтва ўмовах, экспэрты казалі, што — усё, рэжым трапіў у пастку, няма дзе ўзяць грошай. Маўляў, Захад, МВФ ня дасьць з палітычных прычын. Кітай выдзяляе толькі зьвязаныя крэдыты. Уга Чавэсу цяпер не да беларускага сябра. Хіба што застаецца прадаваць дзяржаўныя прадпрыемствы. Але Лукашэнка баіцца прыватызацыі, да таго ж гэтая справа ня хуткая. І таму нас чакае "гарачая восень".

На тле гэтых разважаньняў інфармацыя пра тое, што расейскі "Сбербанк" і нямецкі "Deutsche Bank" выдзеляць Беларусі крэдыт памерам 2 мільярды даляраў, сталася нечаканай. Фармальна пазыка выдаецца "Беларуськалію". Аднак ніхто не хавае, што насамрэч грошы пойдуць беларускаму ўраду і будуць залічаныя ў золатавалютныя рэзэрвы Нацбанку. Пра гэта адкрытым тэкстам казаў кіраўнік "Сбербанку" Герман Грэф, дакладаючы пра згаданы праект Уладзімеру Пуціну. То бок гэта тая "падушка бясьпекі", пра якую казалі беларускія афіцыйныя асобы, калі тлумачылі тэрміны пераходу на адзіны абменны курс рубля. Інакш кажучы, крэдыт выконвае ролю "кіслароднай падушкі" для рэжыму ў самы цяжкі для яго момант.

Тут найперш цікавая пазыцыя Расеі. "Сбербанк" — гэта найбуйнейшы банк РФ. Больш за 60% ягоных акцый належаць Цэнтральнаму банку Расеі. То бок гэта дзяржаўны банк. Таму зразумела, навошта Грэфу была патрэбна санкцыя Пуціна.

Дык вось: чаму спачатку Масква адмовілася даваць крэдыт непасрэдна (а толькі праз ЭўрАзЭС), а цяпер пагадзілася? Па-першае, дасюль перамовы ішлі пра выдзяленьне Беларусі расейскага дзяржаўнага крэдыту. Такая пазыка заўсёды адбываецца на ільготных умовах. "Сбербанк" жа хоць і дзяржаўны, але камэрцыйны банк. І, зразумела, умовы крэдыту камэрцыйныя.

Па-другое, важную ролю адыгрываюць якраз гэтыя самыя ўмовы. Паразважаем, прынамсі, пра тыя, якія былі агучаныя публічна расейскім бокам. Аказваецца, крэдыт выдаецца пад заклад 35% акцый "Беларуськалія". Гэта азначае, што калі доўг ня будзе вернуты ў тэрмін, то гэтыя акцыі пяройдуць крэдыторам. Калі лічыць, што беларускія ўлады ацэньвалі "Беларуськалій" у 50 млрд даляраў, то 35% за 2 млрд даляраў — гэта надзвычай выгадная зьдзелка. А ў Беларусі эканамічная сытуацыя цяпер цяжкая, валюты няма, ці знойдзе ўрад грошы, каб вярнуць пазыку, — гэта вялікае пытаньне. Таму ёсьць шанец атрымаць вялізны кавалак самага прыбытковага і дарагога прадпрыемства Беларусі, і то вельмі танна.

Зь іншага боку, на "Беларуськалій" цяпер шмат пакупнікоў. І кітайцы, і індыйцы, і расейцы. А калі 35% акцый перададзеныя ў заклад, то пытаньне пра продаж завісае. Магчыма, Расея такім чынам імкнецца прадухіліць прыватызацыю "Беларуськалія" іншымі, нерасейскімі бізнэсоўцамі.

І, нарэшце, трэцяя прычына — гэта выбарчая кампанія, якая пачалася ў Расеі. Па традыцыі, якая сягае яшчэ ў часы Ельцына, падчас выбараў кіраўніцтву трэба дэманстраваць дружбу з найбліжэйшым саюзьнікам. Таму заяву Пуціна пра жаданьне аб’яднацца зь Беларусьсю і выдзяленьне гэтага крэдыту можна паставіць у адзін шэраг.

Ня менш цікавы і ўдзел у гэтым праекце нямецкага "Deutsche Bank". У Беларусь часта прыходзяць маргінальныя заходнія фінансавыя структуры з сумнеўнай рэпутацыяй. У прыватнасьці, шмат падазрэньняў было адносна аўстрыйскага банкаўскага капіталу, які зьявіўся тут. А "Deutsche Bank" — гэта найбуйнейшы банкаўскі канцэрн Нямеччыны. Знамянальна, што гэты крэдыт, які выдзяляецца фармальна "Беларуськалію", выдаецца на тле няскончаных дыскусій у Эўразьвязе адносна санкцыяў у дачыненьні да гэтага беларускага калійнага камбінату.

Вось жа, найбуйнейшы банк Расеі і найбуйнейшы банк Нямеччыны выдзяляюць крэдыт беларускаму рэжыму якраз пасьля беларуска-нямецкага саміту, на якім плянавалася абмеркаваць пытаньне пра Беларусь. Выпадковасьць? А як жа палітвязьні? Грошы зьявіліся, а зьняволеныя сядзяць.

А беларускія ўлады жывуць сёньняшнім днём, абсалютна ня думаюць, хто, як і чым будзе вяртаць гэты крэдыт. І тут зьяўляецца прастора для апазыцыі, якая павінна ставіць пытаньні. Калі Лукашэнка абвясьціў, што "Беларуськалій" каштуе 30 млрд даляраў, то чаму 35% акцый ацанілі толькі ў 2 млрд даляраў? Ці ўсё тут чыста? Што ўлады хаваюць ад народу? І, нарэшце, галоўнае пытаньне — яго можна сфармуляваць так, як гэта зрабіў Аляксандар Казулін у сваім знакамітым тэлевыступе.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG