Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст Уладзімера Арлова дайшоў да турэмшчыкаў


Вязьням Івацэвіцкай калёніі "Ваўчыныя норы" вядома пра зварот пісьменьніка Ўладзімера Арлова да начальнікаў беларускіх калёній.
Ільлю Васілевіча перавялі ў іншы атрад, калі вязень адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні. Са Зьмітром Бандарэнкам у шпіталі сустрэлася жонка.


Вязень івацэвіцкай калёніі Фёдар Мірзаянаў бачыў у руках камандзіра атраду калёніі адкрыты ліст пісьменьніка Ўладзімера Арлова, які той зьмясьціў у незалежным друку на пачатку жніўня. Пра гэта паведаміла маці палітвязьня Людміла Мірзаянава:

Людміла Мірзаянава

"Прыйшоў у карантын да іх камандзір атраду і сказаў, што ёсьць такі ліст пісьменьніка Арлова. А чаму ліст зьявіўся ў руках камандзіра атраду? Ці то начальнік калёніі гэты ліст атрымаў і потым раздаў камандзірам атрадаў, ці гэты камандзір сам яго надрукаваў — я ня ведаю. Фёдар толькі сказаў, што прыйшоў да іх камандзір атраду і ў яго быў гэты ліст. Той сказаў, што вось Уладзімер Арлоў зьвярнуўся да нашага кіраўніка турмы".

На пачатку жніўня Ўладзімер Арлоў напісаў адкрыты ліст да начальнікаў беларускіх турмаў і калёній, у тым ліку калёніі № 22 у Івацэвічах, дзе трымаюць палітвязьняў Фёдара Мірзаянава, Паўла Вінаградава, Эдуарда Лобава і Аляксандра Квяткевіча. На "Свабодзе" тэкст звароту зьявіўся 5 жніўня. Вядомы пісьменьнік падзяліўся сваім болем за лёсы асуджаных пасьля падзей 19 сьнежня. Напярэдадні зьявіліся зьвесткі, што палітвязьня Зьмітра Бандарэнку ў карцэры КДБ саджалі на ланцуг, як сабаку, і гэта стала дадатковым штуршком. "Я ўпэўнены, што ўлада, якая прыйдзе на зьмену цяперашняй, саджаць сваіх апанэнтаў на ланцуг ня будзе. Але адказваць давядзецца. Падумайце пра гэта, грамадзяне начальнікі, сёньня, калі ў вашых руках чалавечая годнасьць, здароўе, а магчыма, і жыцьцё тых, чые імёны ведае ня толькі Беларусь, але і ўвесь свабодны сьвет", — напісаў Уладзімер Арлоў. Адметна, што Ўладзімер Арлоў адмыслова не накіроўваў свой ліст на адрасы калёній. Тое, што зварот не абмінуў турэмных муроў, пісьменьнік пракамэнтаваў "Свабодзе":

Уладзімер Арлоў

"Я быў перакананы, што нейкім чынам ліст дойдзе да іх. Бо ўсе яны карыстаюцца інтэрнэтам, безумоўна, чытаюць ня толькі дзяржаўную прэсу. Бо кожны разумны чалавек усьведамляе, што дзяржаўная прэса, як і дзяржаўныя радыё і тэлебачаньне, са сродку інфармацыі ператварыліся ў сродак прапаганды. Але якіх бы ні быў поглядаў чалавек, ён усё роўна хоча ведаць і незалежную інфармацыю. Таму я быў абсалютна ўпэўнены, што гэтыя людзі альбо самі, альбо праз падначаленых атрымаюць гэты ліст".

Як цяпер справы ў Зьмітра Бандарэнкі, пра якога згадваў у сваім лісьце Уладзімер Арлоў? Як вядома, два тыдні таму палітвязьню зрабілі апэрацыю. Застаецца пагроза, што Бандарэнку неўзабаве перавядуць з 5-й клінікі ў турэмны шпіталь, дзе ўмовы для рэабілітацыі значна горшыя. "Але гэтага пакуль не адбылося", — з задавальненьнем адзначае жонка вязьня Вольга. 10 жніўня Вольга наведвала Зьмітра ў шпіталі. Пра ягонае самаадчуваньне пасьля апэрацыі яна распавяла:

Вольга Бандарэнка

"Ён ужо падымаецца і нават ходзіць, але шмат ня можа. Бо пачынаюцца болі, стамляецца і гэтак далей. Ён сам кажа пра вынік апэрацыі, што правая нага быццам лепшае, гэтак яму здаецца. Але пакуль стапу на сябе браць ня можа, на пятку ступаць ня можа — няма гэтага рэфлексу. І яшчэ кажа, што працягвае нямець левая нага".

Ільля Васілевіч

Вязень 19-й калёніі ў Магілёве Ільля Васілевіч у лісьце паведаміў, што пасьля адмовы падпісваць прашэньне на імя Лукашэнкі аб памілаваньні яго перавялі ў іншы атрад. Магчыма, гэты перавод разглядаецца як пакараньне. Нагадаю, 6 дзён таму Ільля Васілевіч, асуджаны за Плошчу на 3 гады зьняволеньня, адзначыў у калёніі дваццацігодзьдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG