Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch сумесна зь іншымі арганізацыямі накіравала пракурору Менску Мікалаю Куліку пэтыцыю з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед Алеся Бяляцкага і вызваліць яго з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе.

Копія пэтыцыі была накіраваная ў аддзел папярэдняга расьсьледаваньня ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю па Менску і Менскай вобласьці.

Пад пэтыцыяй падпісаліся прадстаўнікі такіх праваабарончых арганізацый, як Civil Rights Defenders, Freedom House, Front Line Defenders, Нарвэскага Хэльсынскага камітэту, Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH), Арганізацыі супраць катаваньняў, Сеткі дамоў правоў чалавека.

У заяве праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што беларускія ўлады рэгулярна адмаўляюць у рэгістрацыі незалежным праваабарончым арганізацыям. У выніку незарэгістраваныя групы, такія, як "Вясна", ня могуць адкрыць рахунак у банку на імя арганізацыі і выконваць патрабаваньні фінансавага заканадаўства.

"Улады Беларусі выштурхоўваюць арганізацыі, падобныя "Вясьне", за межы прававога поля, а затым выкарыстоўваюць пагрозу крымінальнага перасьледу для запалохваньня асоб, якія ажыцьцяўляюць праваабарончую дзейнасьць. Лічым, што крымінальны перасьлед Алеся Бяляцкага палітычна матываваны, і патрабуем яго вызваленьня і спыненьня ў дачыненьні да яго крымінальнай справы", гаворыцца ў заяве.
XS
SM
MD
LG