Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Адсутнасьць пэрспэктываў і нізкія заробкі прымушаюць шукаць працу за мяжой ня толькі будаўнікоў, афіцыянтаў, хатніх работнікаў ды іншых спэцыялістаў сфэры абслугі, але і людзей творчых прафэсій. Міграцыя ў суседнія краіны журналістаў, дзеячаў культуры, прадстаўнікоў шоў-бізнэсу набывае ўсё большыя маштабы. Прычым, адбываецца яна пад уплывам ня толькі эканамічных фактараў.

Месцам канчатковага прыпынку беларускіх журналістаў, музыкаў, радыёвядучых усё часьцей робіцца Кіеў. Украіна, нягледзячы на спробы "постпамаранчавага" кіраўніцтва адцэнзураваць мэдыйную прастору, яшчэ застаецца выспай адноснай свабоды словы. Умовы для дзейнасьці журналістаў тут непараўнальныя ня толькі зь беларускімі, але і з расейскімі.

Пацьверджаньнем гэтаму — зьяўленьне на вядучых украінскіх тэлеканалах групы вядомых расейскіх аналітыкаў, такіх, як Савік Шустэр, Яўген Кісялёў, Сяргей Дарэнка. Кампанію ім неўзабаве складзе вядучы некалі папулярнага ток-шоў "Выбар" на канале ОНТ Сяргей Дарафееў, адлучаны ад эфіру неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Сам Сяргей падрабязнасьцяў сваёй будучай працы пакуль не падае, але кажа, што ва Ўкраіне, падобна, затрымаецца надоўга:

"Калі стэлефануемся літаральна праз тыдзень, то раскажу ўсё. Навінаў шмат, таму паведаміць сапраўды будзе што. Цяпер я ў Кіеве, ідзе праца, і як толькі зьявіцца канчатковае разуменьне сытуацыі, то абавязкова падзялюся навінамі. Але, мяркуючы па ўсім, я тут надоўга. Калі, праўда, усё атрымаецца так, як задумана. То бок — адкладзем размову літаральна на тыдзень-другі".

Як удакладняе шэф-рэдактар грамадзка-палітычнага парталу "Обозреватель" Міхаіл Падаляк, беларускія журналісты ва Ўкраіне запатрабаваныя. Сам Падаляк, дэпартаваны зь Беларусі ў 2004 годзе за "антыдзяржаўную рыторыку" на старонках газэты "Время", якую тады рэдагаваў, кажа, што паводле ўзроўню падрыхтоўкі мясцовыя журналісты саступаюць беларусам, а вось матэрыяльныя запатрабаваньні — непараўнальныя:

"У вас хоць нейкая канкурэнцыя, больш-менш прыстойны выбар. Так, ёсьць і шмат фуфла, але, у прынцыпе, многія людзі працавалі ў жорсткіх умовах, руку набівалі. А тут чалавек прыходзіць ніякі, мёртвы пасьля журфаку, і адразу кажа: давай мне "штуку" баксаў заробку. А меней — ня буду нават размаўляць. А сам — нуль нулём, пісаць піша так, што нідзе гэта немагчыма разьмясьціць. І ён вось гады два так працуе, пакуль у гаспадароў ня лопне цярпеньне. Балазе тут шмат прапаноў, таму што газэты адкрываюцца бясконца, увесь час запускаюцца новыя праекты. Апошнім годам, праўда, крыху меней стала, шмат што з крызісам пасыпалася. А раней кожны месяц па 2—3 новыя газэты зьяўляліся — штодзённыя, з аналітыкай і г.д. Уявіце, які рынак працы! То бок дэфіцыт быў журналістаў, і таму бралі ўсялякі адстой. Гэтыя невукі прыходзілі і за тысячу даляраў абы-як пачыналі працаваць".

Яшчэ адзін заўважны беларускі прадстаўнік ва Ўкраіне — Сяргей Кузін, які, перабраўшыся ў Кіеў, захапіў з сабой яшчэ шасьцёх калегаў па менскім "Альфа Радыё". Сяргей не хавае, што толькі за мяжой адчуў сябе на сваім месцы; усьцешаны, што ўрэшце пазбавіўся ад спробаў беларускіх дзяржаўных ведамстваў навязаць ідэалягічныя стандарты нават у забаўляльнай сфэры. А ўсім беларусам, якія па-ранейшаму вымушаныя існаваць у падкантрольнай прасторы, толькі спачувае:

"Я зьмяніў грамадзянства паўтара года таму, але большай часткай гэта зьвязана ня з тым, што я хацеў соты раз памяняць грамадзянства. Для мяне ўсё роўна, унутрана я адчуваю сябе "саўком", і для мяне гэтыя межы вельмі ўмоўныя. Саўком — з гледзішча "бязь межаў", а ня з гледзішча таго, што я хачу вярнуцца ў сьвет разьмеркаваньня. Вядома, як магу сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі. На жаль, толькі праз інтэрнэт магу скласьці ўяўленьне пра беларускія падзеі. Але, плюс да ўсяго, мама з татам у мяне жывуць у Менску, да нядаўняга часу жыў сын, толькі год як зьехаў вучыцца ў Вугоршчыну. Таксама вельмі шмат сяброў засталося ў Беларусі, якія там займаюцца бізнэсам. Натуральна, намагаюся быць інфармаваным. Вядома, я ня стаўлю звышзадачы ведаць усё, як ніколі ня ставіў у палітычным сэнсе гэтага слова. Але стараюся, як і ўсе, хто цяпер за мяжой. Гэта ж мая краіна".

Вялікая група беларускіх журналістаў ужо пусьціла карані ў Расеі: Павал Шарамет, Віктар Дзятліковіч, Іван Мірскі, Кацярына Кібальчыч ды іншыя. Хтосьці ад журналістыкі паступова адышоў, як той жа Іван Мірскі, некалі калега Сяргея Кузіна па "Альфа Радыё". Але вяртацца ў цяперашнюю Беларусь асаблівага жаданьня ніхто не выказвае. Таксама багата прадстаўнікоў мас-мэдыяў працуюць у Польшчы і Літве. Але збольшага гэта тыя журналісты, якія былі рэпрэсаваныя ці працуюць у інфармацыйных цэнтрах, створаных дзеля падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасьці.

А вось мэнэджэр Алена Рак некалькі гадоў адпрацавала ў адной з брэндавых рэклямных кампаніяў у Тбілісі. Не выключае, што на тле блізкіх адносінаў паміж кіраўнікамі дзяржаваў у "сяброўстве супраць Расеі" і традыцыйна добрага ўзаемнага стаўленьня абодвух народаў гэты кірунак можа стаць новай кропкай на мапе працаўладкаваньня:

"Не сакрэт, што значная частка мясцовых сама зьехала ў пошуках працы за мяжу — то бок, кімсьці гэтыя вакансіі трэба запаўняць. Дарэчы, людзі зьяжджалі яшчэ пачынаючы ад 1990-х, але некаторая частка паступова вяртаецца назад. Зь іншага боку, моцная хваля тых, хто ад'яжджае цяпер. Шмат хто едзе на заробкі ў Турэччыну, у Грэцыю, па-ранейшаму многія выпраўляюцца ў Маскву. Таму працоўныя месцы сапраўды ёсьць".

Карэспандэнт: "Абмяркоўваецца магчымасьць увядзеньня візавага рэжыму з Грузіяй. Ці адаб'ецца гэта на беларусах, якія хацелі б тут працаваць, адпачыць?".

"Думаю, што гэта непажадана якраз для грузінскага боку. На беларусах гэта ня так моцна адаб'ецца, калі віза будзе ставіцца наўпрост у аэрапорце. Іх супрацоўнікі — вельмі прыемныя людзі, яны зь ветлівай усьмешкай паставяць вам гэтую візу ў пашпарт тут, на месцы. Калі гэта будзе такім чынам зроблена, то, я думаю, гэта не праблема".

На замежныя заробкі выпраўляецца і ўсё больш беларускіх артыстаў, актораў кіно, пісьменьнікаў. Ёсьць спробы мабілізаваць пад сьцягі іншых краінаў вядучых беларускіх спартоўцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG