Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасольства Польшчы ў Менску адмовіла ў выдачы візаў старшыні Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалаю Чаргінцу і дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Міхаілу Орду, якія мелі намер прысутнічаць на пахаваньні польскага палітыка Анджэя Лепэра.

Чаргінец і Орда знаходзяцца ў сьпісе неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу.

"Мною была запоўненая анкета, выплачаны страхавы ўзнос, усё неабходныя дакумэнты былі пададзены ў пасольства Польшчы ў Менску. Мы зьбіраліся 10 жніўня выехаць на аўтамабілі ў Польшчу, да месца пахаваньня нашага таварыша. Учора, пасьля абеду, мне і дэпутату Палаты прадстаўнікоў Міхаілу Орду было сказана, што нам адмоўлена ў выдачы візаў", — заявіў Чаргінец Інтэрфаксу.

Чаргінцу не патлумачылі прычын адмовы ў выдачы візы.

"Падтэкстам дадзенага рашэньня зьяўляецца тое, што я нібыта вінаваты ў фальсыфікацыі выбараў і рэпрэсіях супраць тых, хто хуліганіў 19 сьнежня", сказаў Чаргінец.

Паводле Чаргінца, дзякуючы Лепэру ўдалося стварыць беларуска-польскую міжпарлямэнцкую камісію, дзе абмяркоўваліся "магчымасьці пашырэньня супрацоўніцтва ў сытуацыі варожага стаўленьня кіраўніцтва Польшчы да кіраўніцтва Беларусі".

Лідэр польскай партыі "Самаабарона" Лепэр памёр 5 жніўня ў Варшаве пры нявысьветленых абставінах ва ўзросьце 57 гадоў. У паліцыі заявілі, што палітыка знайшлі мёртвым у офісе ягонай партыі. Паводле папярэдніх дадзеных, ён учыніў самагубства.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG