Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэйме Літвы ініцыюецца расьсьледаваньне аб выдачы рахункаў Бяляцкага


Камітэт нацыянальнай бясьпекі і абароны Сэйму плянуе пачаць расьсьледаваньне аб садзеяньні Беларусі з боку Міністэрства юстыцыі Літвы, што дапамагло затрымаць праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Увосень парлямэнтары будуць высьвятляць як вінаватых у гэтым інцыдэнце, так і яго прычыны.

Гэта пацьвердзіў агенцтву DELFI кіраўнік парлямэнцкай фракцыі кансэрватараў Юргіс Разма і старшыня камітэту Арвідас Анушаўскас.

Па словах палітыкаў, самае важнае – усталяваць, чаму не спрацавалі мэханізмы, якія павінны былі прадухіліць інцыдэнт, і якія заплямілі Літву.

Міністар юстыцыі Рэмігіюс Шымашус не сьпяшаецца вінаваціць сваіх падначаленых у сувязі зь перадачай інфармацыі Беларусі. Міністар прыносіць свае прабачэньні за інцыдэнт і абяцае Бяляцкаму і іншым дзеячам апазыцыі дапамогу.

Акрамя гэтага, Шымашус лічыць, што гэты інцыдэнт выгадны Расеі.

Міністэрства юстыцыі сьцьвярджае, што ня мае намеру пачынаць унутранае расьсьледаваньне па гэтым інцыдэнце. Міністэрства прызнае, што ў чэрвені атрымала папярэджаньне МЗС не дапамагаць службам Беларусі, але было ўжо позна, бо беларускі бок атрымаў запытаную інфармацыю яшчэ ў сакавіку.

Прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце сьцьвярджала, што пасьля выдачы інфармацыі Беларусі Шымашус павінен ацаніць працу сваіх падначаленых. Прэзыдэнт не патрабавала адказнасьці самога міністра.

Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Менску ў чацьвер, 4 жніўня. На падставе прадстаўленых Літвой дадзеных яго падазраюць ва ўтойваньні падаткаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG