Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гады таму пачаўся збройны расейска-грузінскі канфлікт. Яго вынікам стала поўная страта ўладамі Грузіі кантролю над тэрыторыямі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, дагэтуль акупаванымі Расеяй. І ўладныя чыноўнікі, і шараговыя грузіны востра перажываюць наступствы няроўнай вайны "карліка з гігантам", але вымушаныя жыць ва ўмовах пасьляваеннай дадзенасьці. Грузія — у дарожных нататках Ігара Карнея.

Начны пераезд цягніком з Тбілісі — і вы ў Батумі, цэнтры Аджарскай аўтаноміі Грузіі. Аджарыя ў геапалітычнай герархіі краіны займае асаблівае месца, бо пасьля расейскай акупацыі Абхазіі і страты такіх знакавых месцаў, як Сухумі, Гагры, Піцунда ды іншых засталася адзіным марскім курортам з адпаведнай інфраструктурай як для саміх грузінаў, так і для замежных гасьцей Грузіі.

Сьцяг Аджарскай аўтаноміі

Батумцы шмат гавораць пра палітыку, бо маюць з чым параўноўваць. Згадваюць перадусім 13 гадоў праўленьня Аслана Абашыдзэ, які атачыў сябе парай тысяч адданых прыхільнікаў, ігнараваў тагачаснага прэзыдэнта Эдуарда Шэварднадзэ і практычна адгарадзіўся ад астатняй Грузіі. Затое адчыніў мяжу з Турэччынай і выношваў пляны ледзьве не інтэграцыі. За Абашыдзэ сталі два дзясяткі заводаў, абсталяваньне якіх расьпілавалі і вывезьлі на мэталалом за мяжу. Спыніў некантраляваную самадзейнасьць Міхаіл Саакашвілі, за што яму бальшыня жыхароў удзячная.

Цяпер батумскі гламур — ня толькі для Абашыдзэ

Новыя ўлады ўзяліся вымятаць застой, пачынаючы з назваў вуліц. Дарэчы, тапанімічная блытаніна існуе дагэтуль. Спроба распытацца ў мясцовых пра нейкі маршрут заканчваецца тым, што ўрэшце не разумееш нічога: "Іды па Сталіна, свэрні на Кірава, і будэш, гдэ тэбе надо…". Але там, дзе быў Сталін, цяпер вуліца 26 траўня — у гонар незалежнасьці краіны. А Кірава замяніў Мепе Парнаваз — грузінскі цар. У ліку цэнтральных — і вуліца імя Зьвіяда Гамсахурдыі, першага прэзыдэнта сувэрэннай Грузіі, якога таксама вельмі шануюць.

Аўтар на вуліцы Зьвіяда Гамсахурдыі
У гэтую "бутэльку" пераедзе Мін'юст
Патасны "Шаратон"
"паламаны" "Рэдысан"

Адміністрацыйны цэнтар Аджарыі прымае на сябе адпаведныя функцыі і ў агульнанацыянальным маштабе. Дэпартамэнт турызму ў бліжэйшай пэрспэктыве можа атрымаць статус дзяржаўнага рэгулятара гэтай стратэгічнай галіны. Завершана ўзьвядзеньне надзвычай арыгінальнага ў сваім выкананьні будынка Міністэрства юстыцыі — грузінская Фэміда пераедзе ў Батумі. Балазе, як кажуць, і Канстытуцыйны суд прапішацца тутсама.

Батумі татальна перабудоўваецца. Тут аблюбавалі сабе месца "монстры" гатэльнага бізнэсу: над набярэжнай узвышаецца шпіль "Шэратону", разразае неба ламаны фасад "Рэдысану". На месцы так і не дабудаванай за саветамі цягам 20 гадоў высоткі санаторыю за год вырас гмах "Кемпінскі". І гэта ня лічачы нашмат больш даступных у коштах гатэльчыкаў і хостэлаў у цэнтры гораду.

Калі вы ня надта пераборлівы, мае сэнс спыніцца ў сям'і. Пакой тут здае кожны другі, пра што вам раскажа любы таксіст. Такім чынам можна ня толькі ашчадзіць, але і пазнаёміцца з побытам знутры. У бальшыні сваёй людзі жывуць сьціпла, яшчэ з савецкай мэбляю. Многія, памятаючы пра непрадказальныя 1990-я, так і не разьвіталіся з буржуйкамі, а пра нестабільнасьць нагадвае рэгулярнае адключэньне электраэнэргіі. Бесьперашкодна экспэрымэнтуюць: парадны ўваход могуць зрабіць праз балькон першага паверху, альбо паставіць агароджу, а за ёй — мангал і арэлі. І гэта ў стандартным 9-павярховіку. Упрыгожаньне пэйзажу — разьвешаная бялізна пасярод люднага двара.

"Выстава" прадметаў гардэробу

Батумі рыхтуецца скарыць чарговы рэкорд. Летась тут адпачылі больш за мільён чалавек, сёлета чакаюць турыстаў удвая больш. Пры тым, што мясцовае насельніцтва не дацягвае і да 150 тысяч. Але пакуль цэнтар гораду больш нагадвае месца баявых дзеяньняў — ва ўсіх напрамках цягнуць новыя камунікацыі, так што праезную частку дарогай можна назваць толькі ўмоўна. Да наступнага сэзону ўлады абяцаюць навесьці поўны марафет.


Пакуль развал, але абяцаюць поўны марафет

Практычна цалкам вылізаная гістарычная частка — Стары горад. Здаецца, што месцамі аж занадта. П'яцца — адно з улюбёных месцаў збору турыстаў, архітэктурная сумесь пазнавальных куткоў Італіі і Францыі. Тут тусуецца мажорная моладзь, а таксама экстрэмалы — на адпаліраваным мармуры адцягваюцца на роварах, роліках, скейтбордах. Іншая знакавая плошча — са скульптурай мітычнай Мэдэі з залатым руном. Паводле паданьняў, менавіта тут скончыўся поўны небясьпечных прыгодаў паход арганаўтаў.

П'яцца — сумесь эўрапейскіх стыляў
Мэдэя і яе 300 арганаўтаў

Нягледзячы на прэстыжны статус курорту, у коштах батумская нерухомасьць непараўнальная зь беларускаю. Забудоўшчыкі навыперадкі прапануюць лепшыя варыянты жыльля. Стандартны кошт — 390 даляраў за квадратны мэтар. То бок цана 50-мэтровай аднапакаёўкі ў элітным доме не перавысіць 20 тысяч даляраў. Пра такі цэньнік беларусы даўно ўжо забыліся. Кватэры невялікага мэтражу — найбольш запатрабаваныя, іх набываюць грузіны зь іншых гарадоў, каб кожны раз не шукаць начлег падчас адпачынку.

Кошты кватэраў — больш чым даступныя

Такімі месцамі, як прыбярэжны бульвар, можа пахваліцца ня кожны нават пяцізоркавы курорт. Цяпер гэта амаль 20 кілямэтраў акультуранай пешай зоны ўздоўж Чорнага мора, зь вялізнай колькасьцю пірсаў, стацыянарных і сэзонных кавярняў, канцэртных пляцовак, атракцыёнаў і аквапаркаў. Тут жа — унівэрсальныя стадыёнчыкі, абсалютна бясплатныя трэнажоры і лежакі. Паводле плянаў, набярэжную працягнуць да батумскага аэрапорту. А ўжо гатовы новы кавалак бульвару — нашмат шырэйшы, багата падсьвечаны і аформлены ў авангардысцкім стылі, з мноствам неверагодных жалезных і бэтонных канструкцый.

Прыбярэжны бульвар — гонар батумцаў

Месца сапраўднага паломніцтва — фантаны. У сэзон іх працуюць сотні, падвечар кожны адметна падсьвечваецца. Але найбольш прыцягваюць фантаны, якія танцуюць. Такія шоў спрабуюць ладзіць і ў іншых краінах, але тое, што ўдавалася бачыць раней, ды яшчэ за грошы, патыхае халтурай. На дадатак да даведзенай да дасканаласьці працы "харэографаў" прапануюцца цэлыя пастаноўкі — галяграфічныя карцінкі на водным пыле.



У гэтым гламуры мясцовыя жыхары пачуваюць сябе збольшага назіральнікамі. Пасьля таго як пры Абашыдзэ быў зьнішчаны нафтаперапрацоўчы завод, а адзін з найбуйнейшых чарнаморскіх партоў практычна расфармаваны, людзі шукаюць альтэрнатывы. Мігруюць у іншыя рэгіёны ды за мяжу, частка спрабуе ўладкавацца на будоўлі — праўда, тут вялікая канкурэнцыя з боку туркаў ды кітайцаў. Шмат хто спадзяецца на зьяўленьне вакансій у турыстычнай галіне, але там стаўка пераважна на маладых. Ва ўмовах абмежаванай занятасьці большая палова мужчынаў таксуе ці кіруе маршруткамі. Жанчыны ж знаходзяць сабе месца на хаатычных базарах.

Слава порту ўжо ў мінулым

Ня самае салодкае жыцьцё, тым ня меней, не згінае маральны дух стаічных грузінаў. Колькі разоў наконт гэтага даводзілася чуць: горшае мінулася, самы час будаваць новае жыцьцё. І сапраўды, ці варта на нешта наракаць, згадваючы, як летам 2008-га расейскія вайскоўцы атабарыліся ў Поці, за паўсотні кілямэтраў ад Батумі, а некалькі снарадаў з артылерыйскіх установак бухнуліся на гарадзкой ускраіне? Цяпер засталося зрабіць стратэгічны марш-кідок — са сьціплага "сёньня" ў тую самую "сьветлую будучыню".

Гэты салдат загінуў за сваю Радзіму ў жніўні 2008-га

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG