Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 жніўня ў Менскім гарадзкім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі на рашэньне суда Цэнтральнага раёну, які адмовіўся задаволіць скаргу Алеся Бяляцкага на папярэджаньне Генпракуратуры Беларусі.

15.20 Суд адхіліў скаргу Бяляцкага на тых жа падставах, што і суд Цэнтральнага раёна Менска, спаслаўшыся на закон аб грамадзкіх аб'яднаньнях, які забараняе дзейнічаць ад імя незарэгіставанай арганізацыі.

14.50 Алег Гулак заявіў суду, што немагчыма зьвязацца зь Бяляцкім, і спытаў, ці вядома суду пра тое,што Бяляцкі хоча прысутнічаць на працэсе. Судзьдзя адказала, што Бяляцкі быў уведамлены пра дату разгляду, але ягоная прыстунасьць не абавязковая. Гулак папрасіў 5 хвілінаў, каб пачытаць рашэньне суду Цэнтральанага раёна па скарзе Бяляцкага.

14.10 Паседжаньне пачалося без Алеся Бяляцкага. Судзьдзі паведамілі, што Алесь Бяляцкі знаходзіцца пад вартай. Яго інтарэсы прадстаўляе грамадзкі абаронца, старшыня БХК Алег Гулак.

Судовае пасяджэньне вядзе калегія з трох судзьдзяў пад старшынствам судзьдзі Яблакавай. На разгляд калегіі гарадзкога суду вынесеныя тры касацыйныя скаргі на рашэньні суду Цэнтральнага раёну Менску. Справа па скарзе Бяляцкага будзе разглядацца другой па чарзе.

У якасьці прадстаўніка грамадзкасьці Беларускі Хэльсінскі камітэт накіраваў на пасяджэньне свайго старшыню Алега Гулака

«Важна адзначыць, што Алесь Бяляцкі, як заяўнік скаргі, пры жаданьні мае права прысутнічаць на слуханьні справы. Такім чынам, калі ён праявіць гэтае жаданьне, то на разгляд скаргі яго абавязаны даставіць з СІЗА па вуліцы Валадарскага, дзе ён знаходзіцца з 5 жніўня ў сувязі з пачаткам крымінальнай справы па артыкуле «ўтойваньне даходаў у асабліва буйным памеры». Такім чынам, калі жаданьне Бяляцкага ня будзе ўлічана і, разгляд справы адбудзецца без яго ўдзелу, то можна сьмела заяўляць пра парушэньне права Бяляцкага на справядлівы суд", – адзначыў Алег Гулак.

Папярэджаньне пра недапушчэньне парушэньня закона Бяляцкаму было вынесена 16 лютага 2011 года. «Вашы дзеяньні ад імя праваабарончага цэнтра «Вясна» супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь», – гаварылася ў папярэджаньні, паведамляе Беларускі Хэльсінскі камітэт.

20 чэрвеня 2011 года суд Цэнтральнага раёна Менска не задаволіў скаргу Бяляцкага на афіцыйнае пісьмовае папярэджаньне Генпракуратуры. «Мне не прыведзена ніводнага аргумэнту, чаму я не маю права ажыцьцяўляць праваабарончую дзейнасьць ад імя праваабарончага цэнтру "Вясна" і чым такая дзейнасьць наносіць шкоду нацыянальнай бясьпецы ці грамадзкаму парадку, правам і свабодам іншых асобаў», – заявіў у сваёй касацыйнай скарзе Алесь Бяляцкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG