Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея, Ўкраіна, Беларусь – сям'я, якая ўз'ядналася?


Дзьмітрый Травін
Дзьмітрый Травін
У артыкуле Дзьмітрыя Травіна, апублікаваным у брытанскім інтэрнэт-выданьні Open Democracy, аналізуюцца працэсы ў трохкутніку Масква-Кіеў-Менск.

Арышт ўкраінскага апазыцыянэра і былога прэм'ер-міністра Юліі Цімашэнка, які адбыўся ў канцы мінулага тыдня, наводзіць на развагі аб тым, наколькі падобнымі, у рэшце рэшт, зьяўляюцца палітычныя працэсы ў Расеі, Беларусі і ва Ўкраіне - трох славянскіх дзяржавах, якія ўзьніклі на руінах былога Савецкага саюза.

Памятаецца, у 90-е гады адным з пытаньняў, якія займалі розумы палітызаванай часткі інтэлектуальнай эліты Масквы і Пецярбургу, было пытаньне аб дзіўных асаблівасьцях беларускага мэнталітэту. Цяжка было патлумачыць, чаму ў Расеі і Украіне ўсталяваліся параўнальна дэмакратычныя рэжымы, тады як у Беларусі да ўлады прыйшоў адкрыта аўтарытарны лідэр Аляксандр Лукашэнка. Прычым не маглі гэтага ўцямна растлумачыць як тыя, хто лічыў Лукашэнка трагедыяй Беларусі, так і тыя, хто наадварот ставіў яго ў прыклад расейскаму прэзыдэнту Барысу Ельцыну, які не быў узорам дэмакрата, але, тым не менш, дапускаў рознага кшталту апазыцыю ў парлямэнце і спрабаваў шукаць зь ёй кампрамісы.

Ніхто з сур'ёзных аналітыкаў больш не ідэалізавауе палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Маскве.

Прыкладна з восені 2003 года (г.зн. з таго моманту, калі быў арыштаваны Міхаіл Хадаркоўскі) характар дыскурсу расейскі інтэлігенцыі крыху зьмяніўся. Ніхто з сур'ёзных аналітыкаў больш не ідэалізавауе палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Маскве. Адпаведна, страціла актуальнасьць пытаньне пра асаблівасьці беларускага мэнталітэту. Замест гэтага паўстала праблема трактоўкі мэнталітэту украінскага, які стаў прадстаўляцца узорам дэмакратызму на фоне сумных падзей, якія адбываліся ў Маскве і Менску.

Асабліва пільна стала абмяркоўвацца ўкраінскае пытаньне ў канцы 2004 года, калі ў Кіеве разгарнулася «аранжавая рэвалюцыя», і апазыцыя ў асобе Віктара Юшчанкі і Юліі Цімашэнкі змагла, у рэшце рэшт, абапіраючыся на падтрымку народу, прыйсьці да ўлады. Дэмакратычна настроеная расейская інтэлігенцыя стала моцна ідэалізаваць ўкраінскія падзеі, забываючы, што ў Маскве яшчэ ў жніўні 1991 года мелі месца вельмі падобныя падзеі. Тады вялікая колькасьць простых людзей выступіла супраць так званага Дзяржаўнага Камітэта па надзвычайнаму становішчу (ГКЧП), які адхіліў ад улады прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова і фактычна увёў ваеннае становішча, блякаваўшы ў іх рэзыдэнцыі кіраўнікоў Расейскай рэспублікі на чале з Барысам Ельцыным.

Тады Ельцын, абапіраючыся на падтрымку масквічоў, здолеў перамагчы ГКЧП. Падзеі ў Кіеве 2004 году ў нечым нагадвалі гэтыя расейскія падзеі. Аднак, паколькі да 2004-05 гадоў у Маскве ад дэмакратычнага настрою пачатку 90-х амаль нічога ўжо не засталося, тэорыя «падабенства» гэтых дзьвюх рэвалюцый была ў інтэлектуалаў не надта папулярная.

У той час «асаблівы дэмакратызм» ўкраінскага насельніцтва тлумачыўся, як правіла, адным з трох спосабаў.

Варыянт першы. Украінцы у адрозьненьні ад рускіх не зьяўляюцца імпэрскай нацыяй. Ім у большай ступені ўласьцівая схільнасьць да свабоды, тады як у Расіі занадта ўжо многія сумуюць па часах імпэрыі, калі СССР быў адной з дзьвюх найбольш моцных у ваенных адносінах дзяржаў сьвету, і гэта кампэнсавала шматлікія жыцьцёвыя цяжкасьці, беднасьць і недахоп асноўных тавараў.

Варыянт другі. Справа не столькі ў тым, ці зьяўляецца нацыя імпэрскай, а ў так званай «адлегласьці да Дзюсельдорфу». Гэтым вобразным выразам прынята было пазначаць культурную блізкасьць той ці іншай краіны да Эўропы. Лічылася, што Ўкраіна да Эўропы бліжэй, чым Расея (у тым ліку і тэрытарыяльна), а таму яна ў большай меры запазычвае адтуль дэмакратычныя каштоўнасьці.

Украінская эліта апынулася ў адрозьненьні ад расейскай і беларускай сур'ёзна расколатая.

Варыянт трэці. Асаблівасьць ўкраінскай палітыкі палягае наагул не ў культурнай спэцыфіцы, а ў спэцыфічных суадносінах груп інтарэсаў. Украінская эліта апынулася ў адрозьненьні ад расейскай і беларускай сур'ёзна расколатая. Кіеў не змог стаць па прыкладзе Масквы або Менску цэнтрам прыцягненьня ўсіх сіл. Асобныя ўплывовыя ўкраінскія групоўкі базаваліся ў Данецку - цэнтры буйнога прамысловага раёна (выхадцам адтуль зьяўляецца цяперашні прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч). Іншыя грунтаваліся ў Днепрапятроўску, які таксама моцны сваёй эканамічнай базай (адтуль, напрыклад, Юлія Цімашэнка). Асаблівы сьвет ўяўляла сабой Заходняя Украіна, якая і сапраўды крыху бліжэй «да Дзюсэльдорфу», чым іншыя рэгіёны былога Савецкага Саюзу. Заходняя Украіна больш нацыянальна сьвядомая, чым іншыя часткі краіны, і ў гэтым сэнсе яна зьяўляецца прамой супрацьлегласьцю яшчэ аднаго важнага рэгіёну - паўвострава Крым, які доўгі час зьяўляўся часткай Расеі і быў далучаны да Ўкраіны толькі ў 50-х гадах ХХ стагодзьдзя.

Думаецца, што менавіта трэці варыянт тлумачэньня адрозьненьняў паміж Расеяй, Украінай і Беларусьсю найбольш блізкі да рэчаіснасьці. Складаны мэханізм балянсаваньня інтарэсаў розных рэгіёнаў і груповак эліты абумовіў тое, што менавіта Украіна доўгі час заставалася больш дэмакратычнай краінай на постсавецкай прасторы ці, па крайняй меры, імітавала дэмакратычнасьць. Казаць жа аб нейкім антыімпэрскім мэнталітэце Украіны, якая спараджае антааўтарытарныя тэндэнцыі, даволі складана, паколькі, згодна з дадзенай лёгікай, падобны ж антыімпэрскі мэнталітэт павінна была б мець Беларусь. Ды і іншыя рэспублікі былога СССР таксама. Але мы выразна сёньня бачым, што толькі дзяржавы Балтыі, якія ўступілі ў Эўразьвяз, прадэманстравалі схільнасьць да «гульні па ўсталяваных у Эўропе правілах».

Напэўна, у вядомай ступені гэта можна растлумачыць тэорыяй «адлегласьці да Дзюсельдорфа», паколькі для Балтыі культурныя сувязі з рознымі эўрапейскімі краінамі нават у часы існаваньня СССР былі сапраўды надзвычай важныя. У дачыненьні да Украіне ў цэлым (а не толькі да яе заходніх земляў) сказаць такое наўрад ці магчыма. Таму адносная дэмакратычнасьць ўкраінскай палітыкі трымалася да таго часу, пакуль па тых або іншых прычынах захоўвалася супярэчлівасьць інтарэсаў Кіеву, Данецку, Днепрапятроўску, Львову (найбуйнейшага гораду Заходняй Украіны) і Сімфэропалю (сталіцы Крыму). Сёньня, падобна, палітычная сытуацыя стала істотна іншай, і гэта дазволіла Януковічу зрабіць Украіну больш падобнай на Расею і Беларусь па аўтарытарнасьці мэханізмаў кіраваньня і адкрытай зьнявагі да лідэраў апазіцыі, якіх зараз адпраўляюць у турму.

Можна, вядома, трактаваць арышт Юліі Цімашэнка ў якасьці прыкладу барацьбы з карупцыяй. Не выключана, што былая спадарыня прэм'ер-міністар і сапраўды не зьяўляецца крышталёва сумленнай. Аднак з дзіўнай пасьлядоўнасьцю і ў Расеі, і ў Беларусі, і ва Украіне палітычныя праціўнікі аўтарытарных лідэраў аказваюцца парушальнікамі тых ці іншых законаў, тады як выяўленьне карупцыі ў найбліжэйшым атачэньні кіраўнікоў аказваецца справай надзвычай складанай і не прыводзіць ні да якога выніку.

Думаецца, што справа тут не ў выкананьні законаў. У Расеі, напрыклад, вельмі многія ўплывовыя цяпер людзі, так ці інакш, парушалі законы, зьвязаныя з падаткаабкладаньнем або прыватызацыяй. Аднак жорстка ўжываюць заканадаўства толькі ў дачыненьні да тых, хто зьяўляецца прамым палітычным праціўнікам Крамля ці, па крайняй меры, адмаўляецца гуляць па ўсталяваных Крамлём правілах. Нядаўна быў адпраўлены ў адстаўку мэр Масквы Юры Лужкоў, жонка якога (Алена Батурына) зарабіла велізарнае багацьце за час праўленьня Лужкова ў сталіцы і зьяўляецца цяпер адным з найбагацейшых людзей Расеі. Многія справядліва мяркуюць, што тут ёсьць сур'ёзныя падставы для расьследаваньня па пытаньні карупцыі. Аднак Лужкоў у адрозьненьні ад Хадаркоўскага або Цімашэнкі да гэтага часу на свабодзе, і няма пакуль ніякіх падстаў лічыць, што расейскія ўлады сур'ёзна зоймуцца высьвятленьнем крыніц багацьця спадарыні Батурынай. І гэта не дзіўна: бо Лужкоў ўсе гады кіраваньня Пуціна і Мядзьведзева зьяўляўся буйной постацьцю ў пракрамлёўскай партыі «Адзіная Расія».

Януковіч проста ўсталёўвае ў сябе ў краіне аўтарытарны рэжым па ўзоры Масквы і Меінску

Думаецца, што пошук карупцыянераў у асяродзьдзі Януковіча мог бы прывесьці да ўзьнікненьня не менш цікавых працэсаў, чым пошук карупцыянераў сярод палітычных праціўнікаў цяперашняй ўкраінскай улады. Аднак гучных працэсаў, супастаўных па значэньні з працэсам Юліі Цімашэнка пакуль не бачна. Таму можна, хутчэй за ўсё, зрабіць выснову аб тым, што Януковіч проста ўсталёўвае ў сябе ў краіне аўтарытарны рэжым па ўзоры Масквы і Меінску.

У прынцыпе ўсе постсавецкія краіны падобныя адна на адну ў сэнсе ўсталяваньня аўтарытарызму. Адрозьніваюцца толькі больш эўрапейскія па свайму мэнталітэту краіны Балтыі, з аднаго боку, і ісламскія дзяржавы, з другога. У апошніх - рэжымы гэтак жа аўтарытарныя, як у Расеі, ва Ўкраіне і ў Беларусі, але там характар палітычнага працэсу ўскладняецца супрацьстаяньнем сьвецкага аўтарытарызму і ісламізму, што робіць Азэрбайджан, Узбэкістан, Кіргізстан, Туркмэністан і Таджыкістан прадметам адмысловага аналізу, які выходзіць за рамкі дадзенага артыкула.

У Расеі, ва Ўкраіне і ў Беларусі пачатку 90-х гадоў існаваў моцны попыт на эфэктыўную эканамічную мадэль, здольную пазбавіць людзей ад уласьцівых СССР дэфіцытаў. Такая мадэль усюды ўзьнікла, і, нягледзячы на шматлікія недахопы, яна насельніцтвам прынятая. Спробаў вярнуць савецкую эканоміку нідзе не робіцца. Наадварот, Лукашэнка з часам ўзмацняе рынкавы характар сваёй краіны.

Але вось сапраўднага попыту на дэмакратыю ў пачатку 90-х гадоў не было ў СССР нідзе, акрамя, магчыма, краін Балтыі. Адсюль -- паступовы адкат да аўтарытарызму. Чаму Беларусь апынулася лідэрам у гэтым адкаце, робіцца ясна, калі мы перастанем параўноўваць гэтую маленькую краіну з Расеяй і Украінай, а параўнаем яе з сярэднім расейскім рэгіёнам. На рэгіянальным узроўні аўтарытарныя сыстэмы, пры якіх губэрнатар не дапускае ніякай апазыцыі, ніякай свабоды слова, склаліся яшчэ пры Ельцыне, што вызначалася ў правінцыі адсутнасьцю таго вузкага пласта эўрапейска-арыентаванай інтэлігенцыі, якая ёсьць у Маскве, Пецярбургу або Кіеве. Правінцыйны савецкі горад Менск значна больш падобны на іншыя правінцыйныя савецкія гарады, чым на буйныя культурныя цэнтры. Таму Лукашэнка яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў змог дамагчыся такой ж канцэнтрацыі ўлады ў сваіх руках, якой дамагліся і шматлікія расійскія губэрнатары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG