Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Уладзімер Някляеў зьвярнуўся з адкрытым лістом да кіраўнікоў "Дойчэбанку" — Ёрга Бонгартца і "Сбербанку" — Германа Грэфа.

"Шаноўнае спадарства! -- піша Уладзімер Някляеў. -- Паколькі акцыянэрнае таварыства "Беларуськалій", якому "Дойчэбанк" разам са "Сбербанкам" вырашылі даць крэдыт у памеры 2 мільярды даляраў, зьяўляецца на 100% дзяржаўным прадпрыемствам і належыць, такім чынам, усім падаткаплатнікам і грамадзянам Рэспублікі Беларусь, я як падаткаплатнік і грамадзянін лічу, што маю права зьвярнуцца да вас з гэтым лістом.

Я не адмаўляю юрыдычных падставаў для ўраду Беларусі браць крэдыты пад заклад любой маёмасьці, якая знаходзіцца ў дзяржаўным кіраваньні. Аднак у сувязі з тым, што падрыхтоўка зьдзелкі адбывалася ва ўмовах, вельмі далёкіх ад празрыстасьці, лічу неабходным задаць некалькі пытаньняў, якія хвалююць беларускую грамадзкасьць.

1. "Беларуськалій" — ня проста вытворчасьць. Гэта набытак беларускага народу. Яшчэ нядаўна кіраўніцтва Беларусі казала, што "Беларуськалій" каштуе 30 мільярдаў даляраў. Цяпер пакет акцыяў, які складаецца з адной траціны кошту "Беларуськалія", ацэнены ў 2 мільярды даляраў — то бок усё прадпрыемства ацэнена менш чым у 10 мільярдаў даляраў. Ці праводзіўся аўдыт "Беларуськалія" напярэдадні зьдзелкі і дзе можна азнаёміцца зь яго вынікамі?

2. Атрымальнікам крэдыту зьяўляецца "Беларуськалій", але прадстаўнікі яго дырэкцыі сьцьвярджаюць, што крэдыт ня пойдзе непасрэдна на патрэбы прадпрыемства. Ці вядома, на якія мэты ў такім выпадку будзе выкарыстоўвацца крэдыт і за кошт якіх крыніцаў і паводле якога графіку ён будзе вяртацца крэдыторам?

3. Дзе можна азнаёміцца з крэдытнай дамовай?

Я вымушаны задаць гэтыя пытаньні вам, паколькі ў Рэспубліцы Беларусь, грамадзянінам якой я зьяўляюся, адсутнічае свабода слова і доступ грамадзянаў да праўдзівай інфармацыі, трымальнікам якой выступаюць органы дзяржаўнай улады. Але ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра адно з прадпрыемстваў, прыбыткі ад якога шмат у чым забясьпечваюць эканамічную стабільнасьць у маёй краіне. Таму, мяркую, цалкам зразумелае маё жаданьне — як грамадзяніна, палітыка і падаткаплатніка — атрымаць поўную і праўдзівую інфармацыю па дадзеным пытаньні для сябе і для ўсяго беларускага грамадзтва.

З павагай
Уладзімер Някляеў,
экс-кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG