Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс абясцэньваньня беларускага рубля працягваецца. Ад выходных на чорным рынку нацыянальная валюта штодня слабела ў сярэднім на 100 рублёў, перакрочыўшы псыхалягічную мяжу ў 7000 рублёў за даляр. Цяпер валютчыкі набываюць даляр за 6800—7000 рублёў і прадаюць больш чым за 7300.

У ліпені кіраўнікі ўраду абяцалі, што сур'ёзныя рашэньні ў справе нармалізацыі сытуацыі на валютным рынку будуць прынятыя ў жніўні. Але падобныя заявы пра "адзін-два месяцы на стабілізацыю" гучалі пачынаючы ад красавіка. Як кажуць аналітыкі, чым даўжэй з крызіснымі зьявамі будуць змагацца толькі абяцаньнямі, тым больш балючым будзе падзеньне рубля.

Доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка таксама лічыць, што аб'ектыўных прычынаў верыць запэўніваньням уладных чыноўнікаў няма. Па яго словах, каб улады пайшлі на нязначнае абясцэньваньне рубля на пачатку году, курс даўно зафіксаваўся б на адзнацы, меншай за 4000 рублёў, і ўлады ставілі б перад сабой зусім іншыя задачы. Цяпер жа кантроль за працэсамі, якія ідуць незалежна ад волі Нацбанку, практычна страчаны:

Уладзімер Кулажанка

"Справа ў тым, што ў нас пакуль што не пераадолены ніводзін з крызісаў — ні крызіс фінансавы, ні крызіс крэдытны. А тая аднаразовая дэвальвацыя беларускага рубля, якая мела месца ў траўні, у нашых умовах прывяла да адваротнага эфэкту. У адсутнасьць нават кароткатэрміновых прагнозаў, па сутнасьці, вельмі цяжка ўсталяваць нармальныя адносіны як у зьнешнім гандлі, так і ва ўнутраным. Бо калі няма адпаведных суадносінаў курсу даляра і курсу рубля, а значыць — і іншых валют, то немагчыма гаварыць пра магчымасьць прадказальнай эканомікі. Так што, безумоўна, праблема ня вырашаная, і нам давядзецца яшчэ сутыкнуцца зь вялікімі цяжкасьцямі".

Крызіс на макраэканамічным узроўні ўскладняецца адсутнасьцю валюты. Набыць у вольным доступе даляры, эўра, расейскія рублі немагчыма вось ужо амаль пяць месяцаў. З такой жа праблемай увесь гэты час сутыкаюцца і суб'екты гаспадараньня, многія зь якіх ва ўмовах валютнага дэфіцыту вымушаныя згортваць бізнэс.

На тле вялізнага адкладзенага попыту Нацыянальны банк не адважваецца на валютныя інтэрвэнцыі. Да таго ж, каб задаволіць попыт, патрабуюцца значныя грашовыя пазыкі, даваць якія ніхто не сьпяшаецца.

Апроч таго, як кажа фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова, у грамадзтве па-ранейшаму існуюць вялікія дэвальвацыйныя чаканьні. Заявы кіраўнікоў ураду і Нацбанку наконт "распрацаванага сцэнару" нармалізацыі сытуацыі многія ўспрымаюць як пагрозу таго, што рубель зноў "апусьцяць". А любыя панічныя настроі, як лічыць аналітык, наўпрост адбіваюцца на чорным рынку:

Кацярына Сьмірнова

"Рынак, падобна, вельмі моцна адрэагаваў на апошнія двухсэнсоўныя заявы спадарыні Ермаковай, спадара Мясьніковіча. Але ўсё гэта неяк вельмі пахне псыхалёгіяй насамрэч. То бок — людзі псыхалягічна ў нешта пачалі верыць, пачалі нечага чакаць, і, адпаведна, рынак на гэтыя чаканьні пачаў надзвычай моцна рэагаваць. Прычым як наяўны, так і міжбанкаўскі — я маю на ўвазе двухбаковыя зьдзелкі, якія адбываюцца па дамоўных курсах, і тыя курсы, якія далей прымаюць аптавікі пры продажы за беларускія рублі. Увесь гэты ланцужок вельмі дакладна адрэагаваў на агульную сытуацыю. Колькі ў гэтай рэакцыі аб'ектыўнай рэальнасьці — сказаць цяжка. Але мне падаецца, што ня так і шмат. Тут, зноў жа, вельмі значны псыхалягічны складнік".

Перш-наперш ад хаосу на валютным рынку цярпяць бюджэтнікі. Кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і ведамстваў ня маюць магчымасьці кампэнсаваць страты працаўнікам, якія ў выніку падзеньня вартасьці нацыянальнай валюты ўжо страцілі ў даляравым эквіваленце больш за палову прыбыткаў. Пры такіх заробках спаборнічаць з цэнамі, якія растуць практычна штодня, амаль нерэальна. Колькі яшчэ насельніцтва будзе мірыцца з рольлю донараў для няспраўджанага беларускага цуда? Сваё меркаваньне выказвае былы банкір Валеры Кругавы:

У іх забіраюць чыста эканамічнымі мэтадамі ...

"Перастаньце ўсіх шкадаваць, ну што вы як дзеці, сапраўды? Куды яны падзенуцца? Выжывуць. Яны ж самі сябе не шкадуюць, калі прымаюць гэта як дадзенасьць? Тым больш — нейкі час пройдзе, і пасьля таго, як адбяруць тое, што можна было адабраць, паціху ўсё пачне аднаўляцца. То бок, адпаведна, пачнуць прызвычайвацца да таго ўзроўню, які ёсьць. Так што нікуды насельніцтва не падзенецца, ня вымра, ніхто ж апошняе не забірае. Гэта ж, прабачце, не "прадразьвёрстка", што прыйшлі дадому і забралі ўсё падчыстую. У іх забіраюць чыста эканамічнымі мэтадамі. І, на маё перакананьне, гэта ўсё робіцца абсалютна прафэсійна".

Бальшыня незалежных экспэртаў робіць выснову: бяз значных фінансавых уліваньняў звонку спыніць нэгатыўныя працэсы ў эканоміцы кіраўніцтва краіны ня здолее. На думку аналітыкаў, надта шмат часу было патрачана на тое, каб пераканаць насельніцтва, што сытуацыя знаходзіцца пад кантролем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG