Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні прайшло надзвычайнае закрытае паседжаньне парлямэнцкага камітэту замежных спраў, на якім высьвятлялі абставіны перадачы літоўскім бокам інфармацыі афіцыйнаму Менску пра рахункі беларускіх грамадзянаў. У выніку створаная адмысловая міжведамаснaя камісія для расьсьледаваньня выпадку з перадачай інфармацыі беларускім уладам, якая прывяла да палітычна матываванага арышту праваабаронцы. А таксама яна створаная для выпрацоўкі мэханізму, які б не дазволіў надалей маніпуляваць дамовай аб узаемнай прававой дапамозе.


Перад тым, як пачалося закрытае паседжаньне камітэту замежных спраў, была уступная адкрытая частка, ў часе якой выступіла рэдактар сайту Хартыя97 Натальля Радзіна, якая цяпер хаваецца ад палітычнага перасьледу ў Літве. Яна расказала аб дапамозе праваабарончага цэнтру "Вясна" беларускім палітвязьням, у тым ліку і аб тым, як ёй і яе сям'і дапамагалі, калі яна была ў турме КДБ і адказала на пытаньні удзельнікаў паседжаньня.

"Я сапраўды пабачыла раскаяньне літоўскіх палітыкаў у тым, што адбылося," — сказала Натальля Радзіна ў інтэрвію Радыё Свабода адразу пасьля свайго выступу. — Я сапраўды пабачыла, што яны адчуваюць сваю віну за тое, што адбылося, за тое, што Літва, дэмакратычная краіна, апынулася замешанай у такім скандале, у такіх дачыненьнях з дыктатарскім рэжымам. Безумоўна, я пабачыла заклапочанасьць чальцоў камітэта лёсам палітвязьняў у Беларусі. Мне гэтая сустрэча дала надзею на тое, што прынцыпы свабоды і дэмакратыі жывыя і іх гатовыя ў Літве абараняць і кіравацца гэтымі прынцыпамі ў сваёй палітыцы ў далейшых дачыненьнях з рэжымам у Беларусі".

Папрасілі прабачэньня


У закрытым парлямэнцкім паседжаньні, якое працягвалася тры гадзіны, бралі удзел і кіраўнік дзяржаўнай падатковай інспэкцыі, і высокія прадстаўнікі Генпракуратуры Літвы, а таксама прадстаўнікі МЗС і Мінюсту.

Усё было дэтальна абмеркавана, - паведаміў адразу пасьля паседжаньня Радыё Свабода кіраўнік парлямэнцкай групы "За дэмакратычную Беларусь" і віцэ-старшыня камітэту замежных спраў сойму Літвы Юсьцінас Каросас:

"Мы прызналі, што гэта надзвычай непрыемны інцыдэнт, але ён здарыўся з-за той складанай сытуацыі, у якой мы знаходзімся. Мы маем суседзяў. Суседзяў, як вы ведаеце, не абіраюць. У іх лад, які адрозьніваецца ад дэмакратычнага ладу. І калі мы кантактуем зь імі на юрыдычнай мове, натуральна, існуюць пэўныя праблемы. З-за гэтага і здарыўся гэты інцыдэнт. Мы за гэта папрасілі прабачэньня, а надалей, прымаючы юрыдычныя рашэньні, будзем пільнаваць і палітычны кантэкст, то бок, зь якой дзяржавай мы маем справу, ці ня будзе выкарыстаная прававая інфармацыя, каб зьвесьці і палітычныя рахункі. Камітэт прыняў рашэньне, што будзе створаная міжведамасная камісія, каб яна гэты інцыдэнт дэтальна і далікатна вывучыла б і вызначыла б канкрэтныя крокі, як пазьбегнуць такіх сытуацыяў надалей".

Міністар юстыцыі Літвы Ремігіюс Шымашус, які браў удзел у паседжаньні, заявіў, што ні ён, ні іншыя яго супрацоўнікі не пакінуць свае пасады, што цяпер не час шукаць вінаватых. Міністар сказаў журналістам адразу пасьля заканчэньня паседжаньня:

"Беларускі бок злоўжыў мэханізмам прававой дапамогі дзеля палітычных рэпрэсіяў. Уся адказнасьць за такі учынак ляжыць на тых, хто злоўжыў гэтым мэханізмам і пасадзіў беларускага праваабаронцу ў турму. А для нас гэта паказвае, што трэба выпраўляць як сам мэханізм прававой дапамогі, так і супрацу літоўскіх інстытуцый ў гэтай сфэры".

Пазьней у МЗС Літвы віцэ-міністар замежных спраў Аста Скайсгіріце падсумавала: "Па-першае, нам цяпер важна як найдакладней высьветліць, з-за якой сыстэмнай альбо пэрсанальнай памылкі адбыўся гэты інцыдэнт. Па-другое, мы маем зрабіць захады, каб такія памылкі не паўтарыліся. І трэцяе, мы маем зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы Бяляцкаму і ягонай сям’і".

Бяляцкі вяртаўся ў Беларусь, ведаючы, што Літва выдала інфармацыю аб яго рахунках

Міністар юстыцыі Ремігіюс Шымашус выказаў сваё шкадаваньне і сказаў, што далучаецца да ўсіх прабачэньняў за тое, што адбылося, і паабяцаў усебаковую прававую дапамогу як Алесю Бяляцкаму, так і іншым апазыцыянэрам. Міністар юстыцыі адзначыў таксама, што Алесь Бяляцкі ведаў, што інфармацыя аб яго рахунках у Літве была перададзена беларускім уладам, і ў той час знаходзіўся ў Літве, аднак прыняў рашэньне вяртацца ў Беларусь і працягваць працаваць там столькі, колькі будзе магчыма.

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных спраў Літвы Эмануэліс Зінгерыс заявіў, што яго камітэт папрасіў прабачэньня за "ненаўмысны адзінкавы выпадак", калі пацярпеў беларус і сказаў, што цяпер літоўскія установы атрымалі зварот ад прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, якія маюць рахункі ў банках у Літве:

"Беларускі бок злоўжыў мэханізмам прававой дапамогі дзеля палітычных рэпрэсіяў. Уся адказнасьць за такі учынак ляжыць на тых, хто злоўжыў гэтым мэханізмам і пасадзіў беларускага праваабаронцу ў турму

"Яны баяцца вярнуцца ў Беларусь. Яны зараз за мяжой, палітычныя дзеячы, і яны маюць рахункі ў нашых банках. Мы адказалі і ім, што вельмі шкадуем аб інцыдэнце і просім прабачэньня. Мы чальцы ЭЗ і НАТО і мы можам абаперціся на пункт 19 дамовы аб прававой дапамозе, якая дазваляе не перадаваць інфармацыю, калі трэцяя краіна можа злоўжываць гэтымі дадзенымі, калі гэта не супярэчыць нашай бясьпецы і нацыянальным інтарэсам. Мы яшчэ абмяркоўваем фармулёўкі, і будзе яшчэ адно паседжаньне, а цяпер мы можам толькі падкрэсьліць, што вельмі шкадуем і просім прабачэньня. Нашая краіна вартая даверу. Мы папрасілі урад правесьці дадатковае расьсьледаваньне. Вельмі сорамна".

Кіраўнік парлямэнцкай групы "За дэмакратычную Беларусь" Юсьцінас Каросас адзначыў, што Літва атрымала добры урок на будучыню:

"Гэта надалей не паўтарыцца. Беларуская дэмакратыя павінна мець на ўвазе, што ў Літве яна мае надзейных партнэраў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG