Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найгоршы дзень для сусьветных рынкаў з 2008 году


Сусьветныя рынкі абрынуліся ў панядзелак, у горшы дзень таргоў з пачатку фінансавага крызісу былі страчаныя сотні мільярдаў даляраў, што стала ударам па цяжкім працэсу аздараўленьня амэрыканскай эканомікі, піша The Washington Post.

Гэта адбылося пасьля таго, як у мінулую пятніцу рэйтынгавае агенцтва Standard & Poors панізіла ацэнку крэдытнага рэйтынгу каштоўных папер казначэйства ЗША.

Нягледзячы на спробы сусьветных лідэраў супакоіць рынкі, інвэстары захавалі занепакоенасьць з нагоды росту эканамічных цяжкасьцяў ЗША і распаўсюду даўгавога крызісу ў Эўропе. Прамысловы індэкс Dow Jones панізіўся на 635 пунктаў, або на 5,55%, да 10810. Індэкс Standard & Poors-500 зваліўся на 79,9 пункта, або на 6,66%, да 1120.

Абама заявіў, што каштоўныя паперы ЗША застаюцца аднымі з самых надзейных, а выхад з праблем з дзярждоўгам -- у падатковай рэформе і рэформе мэдычнага страхаваньня

Эўрапейскія і азіяцкія індэксы панізіліся больш чым на 2%. Кошты на нафту абрынуліся, паколькі інвэстары заключылі, што эканамічны спад азначае зьніжэньне попыту на энэрганосьбіты. Кошты на золата падскочылі, паколькі інвэстары шукаюць бясьпечную гавань для разьмяшчэньня сродкаў.

Але і ў першы дзень таргоў пасьля таго, як агенцтва Standard & Poors ў пятніцу панізіла рэйтынг ЗША, заявіўшы, што аблігацыі амэрыканскага казначэйства сталі больш рызыкоўным актывам з-за няздольнасьці ўраду вырашыць праблему даўгавога цяжару, інвэстары ўсё роўна ўкладвалі грошы ў амэрыканскія аблігацыі.

На фоне асьцярог з нагоды сусьветнага эканамічнага спаду інвэстары паставіліся да аблігацый амэрыканскага казначэйства як да самога бясьпечнага актыву ў часы нестабільнасьці. "Альбо так, альбо пад матрац», - камэнтуе гэты факт Карэн Шоў Пертоў, кіраўнік Federal Financial Analytics.

"Прэзыдэнт адмаўляецца прызнаваць, што сам зьяўляецца часткай праблемы", - камэнтуе газэта

У той час як эканамічнае выздараўленьне, здавалася, набірала абароты, ЗША і эўрапейскія эканомікі за апошнія месяцы сталі дэманстраваць, што яны губляюць тэмп і што аднаўленьне пасьля крызісу 2008 года можа заняць значна больш часу.

Паніка на рынках можа яшчэ больш перашкодзіць гэтаму аздараўленьню. Масавы продаж акцый ня толькі прывёў да страты мільярдаў даляраў, але і нэрвуе спажыўцоў і бізнэс. Між тым эканоміцы неабходна, каб як у прадпрыемстваў, так і ў спажыўцоў была ўпэўненасьць і гатоўнасьць траціць і наймаць.

"Рынкі загадаюць Абаме заткнуцца", - сьцьвярджае ў загалоўку рэдакцыйнага артыкула правая Washington Times.

Выданьне наракае, што ў панядзелак Абама спазьніўся на ўласны выступ ў прамым эфіры, закліканы аднавіць ўпэўненасьць. Больш таго, прама падчас прамовы Абамы індэкс Dow Jones аднавіў падзеньне. "Рынак зачыніўся падзеньнем на 634 пункта Гэта быў вотум недаверу" - піша выданьне.

Абама заявіў, што каштоўныя паперы ЗША застаюцца аднымі з самых надзейных, а выхад з праблем з дзярждоўгам -- у падатковай рэформе і рэформе мэдычнага страхаваньня. "Прэзыдэнт адмаўляецца прызнаваць, што сам зьяўляецца часткай праблемы", - камэнтуе газэта. На яе думку ніводзін прэзыдэнт не наносіў амэрыканскаму духу прадпрымальніцтва такой шкоды, як Абама. А ў адказ на словы прэзыдэнта, што Амэрыка заўсёды будзе "краінай з рэйтынгам ААА", газэта заўважае: "Быў бы ў нас яшчэ лідэр з рэйтынгам ААА".

"Чым цяперашні крызіс адрозьніваецца ад крызісу 2008 года" – свой адказ на гэтае пытаньне дае газэта The Wall Street Journal.

Паводле выданьня існуюць тры кардынальных адрозьненьні: 1) крызіс 2008 года пачалося зьнізу, а цяперашні - зьверху: бізнэс і фінансісты перасталі давяраць урадам. 2) праблема на гэты раз - не ў празьмерных выдатках дзякуючы танным крэдытам, а ў тым, што спажываньне і інвэстыцыі растуць млява, 3) крызіс 2008 года можна было ліквідаваць толькі шляхам грашовых уліваньняў з бюджэту. Зараз жа праблема ў недаверы гульцоў фінансавага рынку адзін да аднаго і да здольнасьці ўрадаў стымуляваць эканамічны рост. Таму ўпырскваньне ліквіднасьці бессэнсоўнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG