Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зьявіўся расейска-нямецкі крэдыт?


Расейскі "Сбербанк" і нямецкі "Deutsche Bank" выдзеляць Беларусі крэдыт памерам 2 мільярды даляраў. Ці азначае гэта зьмену палітыкі Расеі? Навошта гэты праект нямецкаму банку? Якія палітычныя наступствы згаданага крэдыту?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі "БелаПАН" Аляксандар Класкоўскі зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.



Ці азначае гэта зьмену палітыкі Расеі?


Валер Карбалевіч: "Фармальна крэдыт выдзяляецца "Беларуськалію" пад заклад 35% ягоных акцый. Аднак кіраўнік расейскага "Сбербанка" падчас сустрэчы з Пуціным не хаваў, што гэта крэдыт беларускаму ўраду і грошы пойдуць на папаўненьне золатавалютных рэзэрваў Нацбанку. Такім чынам, беларускія ўлады атрымліваюць 2 млрд даляраў так патрэбнай валюты, пры тым, што зьнешні дзяржаўны доўг не павялічваецца.

Цікава, што ў першай палове году Расея адмовіла ў выдзяленьні Беларусі крэдыту непасрэдна, а згадзілася выдаць грошы толькі праз Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС. А цяпер дзяржаўны банк Расеі, "Сбербанк", выдзяляе крэдыт. У чым прычыны такой перамены?".

Аляксандар Класкоўскі: "Я б не казаў, што палітыка Расеі адносна Беларусі мяняецца. Яна застаецца экспансіянісцкай. Мяняецца тактыка. Цяпер пайшоў трэнд на пацяпленьне дачыненьняў. Ва ўсякім разе, адбываецца вонкавае ўлагоджваньне. На гэта ёсьць некалькі прычынаў.

Па-першае, Масква не зацікаўленая ў абвале беларускай эканомікі, а без крэдытаў гэта магло адбыцца. Расея лічыць, што ў выніку сацыяльных забурэньняў у Беларусі да ўлады могуць прыйсьці сілы, якія павядуць краіну на Захад.

Па-другое, адбываецца перадвыбарчы піяр. Прэм’ер Пуцін, які прапіярыўся на фоне гэтага крэдыту, трымае ў галаве выбары. Адбываецца гульня на настроях той часткі электарату, якая настальгуе па СССР, вітае палітыку "зьбіраньня зямель".


Колькі каштуе "Беларуськалій"?


Класкоўскі: "Па-трэцяе, прагматычны чыньнік. Умовы выдзяленьня крэдыту вельмі жорсткія. Нядаўна Лукашэнка казаў, што "Беларуськалій" каштуе 30 млрд даляраў, а тут 35% акцый закладаюць пад 2 млрд даляраў. Калі гэтую долю экстрапаляваць на кошт усяго прадпрыемства, то атрымліваецца, што ягоная цана — 6 млрд даляраў. На гэтую суму цяпер будуць арыентавацца патэнцыйныя расейскія пакупнікі. А калі Беларусь ня зможа вярнуць крэдыт, то за 2 млрд забяруць 35% акцый "Беларуськалія". Гэта працяг ціхай, паўзучай эканамічнай экспансіі".

Кірыл Коктыш: "Ніякай перамены ў палітыцы Масквы не адбылося. Проста беларускае пытаньне перамясьцілася з палітычнага, дзяржаўнага ўзроўню на камэрцыйны.

"Беларуськалій" прыносіць 30% прыбыткаў ад замежнага гандлю Беларусі. І вось траціна прадпрыемства фактычна прададзеная. Бо шанцаў на вяртаньне крэдыту амаль што няма. А каб грамадзтва не хвалявалася, гэта названа крэдытам. Працягваючы думку сп. Класкоўскага, можна сказаць, што дадзена міжнародная ацэнка "Беларуськалія" — 6 млрд даляраў.

Цяпер пра заявы Пуціна наконт пэрспэктываў саюзу Беларусі і Расеі, як і пэрспэктываў прыняць у беларуска-расейскую саюзную дзяржаву Паўднёвую Асэтыю. Яны зарыентаваныя на выбары. Зь іх дапамогай прэм’ер РФ імкнецца падштурхнуць Лукашэнку сказаць некалькі разоў "не". І тым самым зачыніць перад ім магчымасьць гуляць на расейскай палітычнай прасторы падчас выбараў. Пуцін проста разьмініраваў поле, па якім ён пойдзе ў перадвыбарчую кампанію".


Навошта гэты праект нямецкаму банку?


Карбалевіч: "Навошта ў гэтую зьдзелку ўмяшаўся нямецкі "Deutsche Bank"? Нядаўна ў ЭЗ абмяркоўвалася пытаньне наконт санкцый адносна "Беларуськалія". І вось цяпер гэтая дыскусія скончылася тым, што нямецкі банк выдзяляе "Беларуськалію" крэдыт. А фактычна — беларускаму ўраду".

Нямецкія банкіры могуць сказаць, што яны па-за палітыкай, але, падаецца, эўрапейскі бізнэс трымае нос па ветры
Класкоўскі: "Фармальна нямецкія банкіры могуць сказаць, што яны па-за палітыкай, але, падаецца, эўрапейскі бізнэс трымае нос па ветры. Праблема ў тым, што ў ЭЗ існуе дваісты падыход да Беларусі. З аднаго боку, гэта рытарычная прынцыповасьць: маўляў, ніякіх альянсаў з дыктатурай, няхай спачатку вызваляць палітвязьняў. А насамрэч — кіруюцца прагматычнай палітыкай. Асабліва выразна гэта праявілася ў скандале зь зьліваньнем літоўцамі банкаўскіх рахункаў беларускіх грамадзкіх дзеячаў афіцыйнаму рэжыму. У пэўным сэнсе гэта цынічны падыход".

Карбалевіч: "Сп. Коктыш, напярэдадні саміту Расея — Нямеччына вы ў сваім камэнтары нашаму радыё казалі, што кіраўнікі гэтых дзьвюх дзяржаў сасьпелі для сумеснага вырашэньня беларускага пытаньня. Выдзяленьне рэжыму расейска-нямецкага крэдыту — гэта і ёсьць сумеснае вырашэньне беларускага пытаньня?".

Коктыш: "У Пуціна існуюць асабістыя адносіны зь нямецкім бізнэсам. "Deutsche Bank" — гэта камэрцыйны, а не дзяржаўны банк. Гэта пытаньне не палітычнае, а камэрцыйнае.

Гэтая зьдзелка высьвечвае сапраўдны кошт беларускай эканомікі. Капіталізацыя "Беларуськалія" ня можа быць высокай з-за палітычных чыньнікаў. Калі б такі кошт вызначылі толькі расейскія структуры, то казалі б пра расейскі імпэрыялізм, жаданьне Масквы зарабіць на беларускіх праблемах. А ўдзел у праекце "Deutsche Bank" дае міжнародную легітымнасьць гэтаму кошту. Калі "Беларуськалій" каштуе 6 млрд даляраў, то колькі каштуюць НПЗ, МАЗ, МТЗ і іншыя прадпрыемствы? Гэта азначае, што "фамільнага срэбра" ў Беларусі фактычна няма".


Якія палітычныя наступствы згаданага крэдыту?


Карбалевіч: "Якімі будуць эканамічныя і палітычныя наступствы гэтага крэдыту? Як ён паўплывае на ўнутраную палітыку, на рынкавыя рэформы, на палітычныя рэпрэсіі? Як паўплывае на дачыненьні з Захадам, Расеяй?".

Класкоўскі: "Беларускія афіцыйныя асобы казалі, што трэба 2,5—3 млрд даляраў на стварэньне "падушкі бясьпекі", каб перайсьці на адзіны абменны курс рубля. Цяпер, атрымаўшы гэты крэдыт, а таксама азэрбайджанскі крэдыт і грошы ад продажу "Белтрансгазу", улады на некалькі месяцаў змогуць залапіць усе фінансавыя дзіркі.

Зьніжаюцца шанцы на "гарачую восень", якую плянуе апазыцыя, бо можна будзе трохі павялічыць заробкі
Кіраўніцтва краіны атрымлівае "падушку бясьпекі" і ў пляне палітычным. Зьніжаюцца шанцы на "гарачую восень", якую плянуе апазыцыя, бо можна будзе трохі павялічыць заробкі. Можна трываць заходні ціск. Прывіднымі становяцца пэрспэктывы вызваленьня палітвязьняў. Калі рэзюмаваць, то такая палітыка Расеі і Эўропы робіць цяжэйшымі пэрспэктывы дэмакратызацыі Беларусі".

Коктыш: "Тактычная мэта ўладаў (атрымаць грошы цяпер) перакрыла стратэгічнае выжываньне рэжыму. Бо яны фактычна пагадзіліся з рэальнай ацэнкай беларускіх актываў міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG