Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцу Васільеву далі 10 сутак за салідарнасьць з Дашкевічам


Горацкі раённы суд прысудзіў актывісту зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт" Раману Васільеву дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту. Судзьдзя Віктар Яскевіч прызнаў хлопца вінаватым ва ўдзеле 2 жніўня ў несанкцыянаваным пікеце ля адміністрацыйнага будынка горацкай папраўчай калёніі № 9.

Раман Васільеў сваёй віны не прызнаў. Супраць актывіста сьведчылі чацьвёра міліцыянтаў і супрацоўнікаў калёніі.

2 жніўня маладафронтавец разам зь яшчэ чатырма дзясяткамі актывістаў прыехаў у Горкі да турмы патрабаваць, каб да зьняволенага ў ёй Зьмітра Дашкевіча кіраўніцтва дапусьціла адваката. Пасьля адмовы актывісты арганізавалі пікет з плякатам "Спыніце перасьлед" пад вокнамі адміністрацыйнага будынка вязьніцы. Пікет разагналі міліцыянты й супрацоўнікі турмы. Пятнаццаць актывістаў затрымалі.

"Я не шкадую, што ўдзельнічаў у пікеце. Галоўнае, каб гэты пікет дапамог Зьмітру Дашкевічу і каб ён усё ж сустрэўся з адвакатам і не давялося зноў рабіць падобныя пікеты. Тое, што я ўдзельнічаў у пікеце, — гэтага не адмаўляю, але лічу, што я не парушаў закон. Закон парушае адміністрацыя калёніі, якая не дапускае да Зьмітра адваката", — заявіў адразу пасьля суду Раман Васільеў.

3 жніўня на першым разглядзе адміністрацыйнай справы маладафронтавец запатрабаваў у суду адваката й быў вызвалены з-пад варты. Тэрмін яго зьняволеньня пачынаецца ад сёньняшняга дня. Суд не ўлічыў сутак — з 2 на 3 жніўня — праведзеных актывістам пад арыштам у Дрыбінскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Раману Васільеву 21 год. Ён зь Менску. За ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту актывіст арыштоўваўся, суткі адбываў у Менску.

Чакаюць на волі разгляду адміністрацыйных спраў у Горацкім судзе яшчэ маладафронтавец Іван Шыла з Салігорску й сябра незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Зьміцер Шурхай зь Берасьця. Судзіць іх зьбіраліся 8 жніўня, але тады яны ў Горацкі суд не зьявіліся. Разгляд іхніх спраў адклалі. 3 жніўня яны таксама запатрабавалі адвакатаў.

У дрыбінскім і горацкім ізалятарах застаюцца дзевяць затрыманых ля турмы. Чацьвёра зь іх — дзяўчаты: Наста Палажанка, Юлія Міхайлава, Ганна Шаруба, а таксама незалежная журналістка Тацяна Шапуцька.

2 верасьня патрабаваць сустрэчы адваката са Зьмітром Дашкевічам прыехалі да турмы ў Горкі больш за чатыры дзясяткі чалавек. Пятнаццаць пасьля разгону пікету затрымалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG